Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
«Балтыка» «выбівае» з Лукашэнкі свае грошы 11:07, 03/04/2003, Любоў Варапаева, GazetaSNG.ru
Буйнейшая расейская броварная кампанія “Балтыка” не пакідае надзеі выйсьці на беларускі рынак. Расейскія бровары не выключаюць аднаўленьня супрацоўніцтва зь беларускімі ўладамі паводле праекту мадэрнізацыі броварнага заводу “Крыніца” ў Менску. Пра гэта, як паведамляе АБН, заявіў нядаўна генэральны дырэктар ААТ “Пивоваренная компания "Балтика” Таймураз Балоеў.
Нагадаем, што дамоўленасьць аб рэканструкцыі беларускага броварнага заводу “Крыніца” была дасягнутая паміж кіраўніцтвам расейскай кампаніі й кіраўніком Беларусі ў сакавіку 2001 году. Варта адзначыць, што піцерскія бровары паспадзяваліся на слова Лукашэнкі і не аформілі юрыдычна дасягнутыя пагадненьні. Плянавалася, што інвэстыцыі ў разьвіцьцё менскага заводу павінны былі скласьці 50 млн. даляраў. Узамен “Балтыка” павінна была атрымаць кантрольны пакет акцыяў заводу. Ужо ў сярэдзіне 2001 году расейская кампанія пачала рэканструяваць “Крыніцу” і да пачатку 2002 г. “Балтыка” ўклала ў гэты праект 10,5 млн. дал.
Аднак хутка фінансаваньне спынілася. Падставаю для адмовы паслужыў прапанаваны беларускім бокам праект інвэстыцыйнага пагадненьня, паводле якога “Балтыке” адыходзіла толькі 30% акцыяў. Акрамя таго, акупнасьць праекту павялічылася з 8 да 12 гадоў, што таксама не задавальняла “Балтыку”. Натуральна, што піцерскія бровары былі вымушаныя зьвярнуцца ў міжнародны камэрцыйны арбітраж пры Гандлёва-прамысловай палаце з зыскам аб сплаце крэдыту ў 10,5 млн. даляраў, выдадзенага “Крыніцы”.
На дадзены час судовымі органамі Беларусі пацьверджаныя рашэньні Маскоўскага міжнароднага арбітражнага суда пры Гандлёва-прамысловай палаце Расеі аб вяртаньні беларускім бокам крэдыту. “Мы не лічым гэтыя грошы згубленымі, -- заявіў Балоеў, - яны павінны быць вернутымі, або ўкладзенымі ў працяг праекту”. Верагодна, кіраўніцтва “Балтыки” ўчыніць спробы ўкласьці адсуджаныя грошы ў іншы інвэстыцыйны праект. Тым больш што беларускі рынак падаецца расейскім броварам пэрспэктыўным. Напрыклад, штогадовае спажываньне піва ў Беларусі ня меншае за расейскае. Акрамя таго, сытуацыя тут нагадвае сытуацыю на расейскім рынку некалькі гадоў таму.
Адсутнасьць сур’ёзнай канкурэнцыі гандлёвых марак робіць прыцягальным броварны бізнэс і для гаспадароў. Нядаўна беларускія ўлады аб’явілі пра намер рэалізаваць праект па мадэрнізацыі “Крыніцы” самастойна, для чаго намерваюцца прыцягнуць крэдыты на суму каля 62,5 млн. даляраў. Аднак сучасная эканамічная палітыка ўраду Беларусі адпужвае патэнцыйных інвэстараў.