|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Вязьні сумленьня зьвяртаюцца ў офіс АБСЭ 10:46, 03/04/2003
Паважаны спадар Хайкен! Мы, актывісты грамадзянскай ініцыятывы "Хартыя’97", зьвяртаемся да Вас з просьбай наведаць адмысловы прыёмнік-разьмеркавальнік Кіраваньня ўнутраных справаў Менгарвыканкаму (Менск, вул. Акрэсьціна, 36) і абсьледаваць умовы ўтрыманьня грамадзянаў, затрыманых да суда і асуджаных паводле артыкулаў Адміністратыўнага Кодэксу РБ. Паводле нашых ацэнак, умовы ўтрыманьня ў дадзеным прыёмніку-размеркавальніку шмат у чым горшыя, чым у турмах і калёніях Беларусі. Грамадзяне, асуджаныя паводле адміністратыўных артыкулаў, аказваюцца больш бяспраўнымі, чым вязьні, асуджаныя паводле крымінальных артыкулаў. У гэтым прыёмніку-разьмеркавальніку за гады кіраваньня Лукашэнкі адбылі пакараньні тысячы актывістаў апазыцыі – удзельнікаў масавых акцыяў пратэсту. Пры гэтым мы назіраем небясьпечную тэндэнцыю -- колькасьць абвінаваўчых прысудаў адносна нязгодных з уладаю павялічваецца. Апошнія заявы Лукашэнкі аб узмацненьні ідэалягічнай працы ў краіне сьведчаць – рэпрэсіі будуць узмацняцца. Офіс АБСЭ, які працуе сёньня ў Менску, зьяўляецца для ўладаў сур’ёзным фактарам, які перашкаджае разгортваньню шырокамаштабнага перасьледу іншадумцаў. Незалежнае назіраньне за захаваньнем правоў і свабодаў чалавека, галоснасьць, выкрыцьцё парушэньняў у праваабарончай сфэры, увага аўтарытэтных міжнародных арганізацыяў -- як паказвае досьвед, гэта прымушае ўлады рэагаваць. Просім Вас, спадар Хайкен, давесьці інфармацыю аб умовах утрыманьня вязьняў да адпаведных структураў АБСЭ і паставіць пытаньне аб паляпшэньні гэтых умоваў перад беларускімі ўладамі. Гэта можа рэальна дапамагчы людзям, што адбываюць пакараньне за нязгоду з рэжымам Лукашэнкі ва ўмовах, якія інакш як КАРЦЭРАМ назваць нельга. Бо яшчэ сёньня ў засьценках знаходзіцца каля дзесяці чалавек, якія маюць патрэбу ў дапамозе, падтрымцы й салідарнасьці. Ніжэй прыкладаем сьпіс найбольш жахлівых парушэньняў утрыманьня ў сьценах прыёмніка-разьмеркавальніка: 1. Затрыманым да суда і адміністратыўна асуджаным грамадзянам не паведамляюцца іхныя правы. Інфармацыя аб правах асуджаных у камерах не вывешваецца. 2. Тэмпература ў камерах знаходзіцца ніжэй за ўсе належныя нормы – 5-7 градусаў цяпла. Летам камеры награваюцца да 30-35 градусаў. 3. Адсутнічае мэдычны агляд пры паступленьні. Хворыя на сухоты, пэдыкулёз, часотку, псыхічна хворыя знаходзяцца ў агульных камерах. Туды ж зьмяшчаюцца людзі пасьля доўгіх запояў, у якіх бываюць выпады агрэсіі і неадэкватных паводзінаў. 4. Зьняволеныя пазбаўленыя шпацыраў на сьвежым паветры. Пры гэтым у камерах адсутнічае нармальная вэнтыляцыя. 5. Не дазваляецца тэлефанаваць. Многія зьняволеныя ня могуць паведаміць родным, дзе яны знаходзяцца. 6. Цьмянае асьвятленьне ў камеры амаль не дазваляе нармальна існаваць і шкодзіць зроку арыштанта. 7. Якасьць і колькасьць ежы для зьняволеных не вытрымлівае ніякай крытыкі. 8. Спаць зьняволеным даводзіцца на голых дошках – у камерах няма ні падушак, ні коўдраў, ні пасьцельнай бялізны. 9. У камерах няма радыё й тэлевізара, у арыштаваных канфіскоўваюцца гадзіньнікі і прылады для пісьма. Зьняволеныя пазбаўленыя права на перапіску. Асобна зьвяртаем увагу на тое, што ў камерах вядзецца схаванае відэаназіраньне, пра якое зьняволеных не папярэджваюць. Несанкцыянаваная відэазьёмка вядзецца круглыя суткі, у тым ліку ў камерах, дзе ўтрымліваюцца жанчыны. Дзяжураць каля відэакамераў выключна мужчыны. Менск 02.04.2003 году З павагаю, каардынатары "Хартыі’97" Андрэй Саньнікаў, Людміла Гразнова, Зьміцер Бандарэнка
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|