Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Улады па-ранейшаму перашкаджаюць выданьню «Новой газеты Сморгони» 10:48, 03/04/2003
Смаргонскія ўлады па-ранейшаму перашкаджаюць паўнавартаснаму выданьню недзяржаўнай “Новой газеты Сморгони”. Пра гэта заявіў у інтэрвію БелаПАН рэдактар газэты Рамуальд Улан.
Як ужо паведамлялася, 26 лютага Гарадезнскі абласны гаспадарчы суд пакінуў правамоцным рашэньне аб спыненьні дзейнасьці прадпрымальніка Рамуальда Ўлана, выдаўца “Новой газеты Сморгони”. Нагадаем, што зыск на выдаўца быў пададзены мясцовым райвыканкамам, які абвінавачваў Р.Улана ў “неаднаразовым парушэньні заканадаўства”. Выканкам прадставіў вынікі праверак трох інспэкцыяў – пажарнай, падаткавай і працоўнай. У выніку газэта была фактычна закрытай.
Аднак новым выдаўцом выступіла фермерская гаспадарка “Колас”, якой кіруе Мікалай Сілж. Шапікі “Белсаюздруку” пакуль не бяруць газэту на распаўсюд. Аднак калектыў рэдакцыі стварыў прыватную сетку распаўсюду, праз якую рэалізуецца каля 60 адсоткаў накладу газэты.
У якасьці прыватнага прадпрымальніка з правам выданьня газэтаў спрабуе зарэгістравацца і жонка Р.Улана. Аднак, паводле рэдактара, “паперы на рэгістрацыю ўжо два месяцы ляжаць у выканкаме абсалютна без вынікаў”. “Законнай падставы адмовіць няма, -- кажа Р.Улан, -- але і дазволу не даюць”.
Тым не менш, Рамуальд Улан спадзяецца на адмену рашэньня гаспадарчага суда, па якім ён пазбаўлены магчымасьці быць выдаўцом газэты. “Я ўсё больш спадзяюся, што рашэньне Гарадзенскага гаспадарчага суда павінны адмяніць. Я кансультуюся ў Міністэрстве юстыцыі, Міністэрстве эканомікі й спадзяюся, што хутка зноў змагу выступаць у якасьці выдаўца”.
Праблемы з Смаргонскім райвыканкамам пачаліся пасьля таго, як Улан вырашыў пашырыць выдавецкую дзейнасьць і адкрыць яшчэ два рэгіянальных выданьня – “Новую газету Островца” і "Новую газету Ошмян”. Выдавец двойчы зьвяртаўся ў райвыканкам для ўзгадненьня юрыдычнага адрасу гэтых выданьняў і атрымаў адмову.
Гарадзенскі абласны гаспадарчы суд двойчы прызнаваў рашэньні Смаргонскага райвыканкаму неправамоцнымі. Калі выдавец зьвярнуўся да мясцовых уладаў у трэці раз, выканкам накіраваў у суд зыск аб пазбаўленьні Р.Улана права займацца прадпрымальніцкай дзейнасьцю.