Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Камэры назіраньня плянуецца ўсталяваць сёлета на ўсіх цэнтральных вуліцах Менску. На дадзены час у цэнтры горада ўжо ўсталявана 25 камэраў сочкі. Пра гэта паведаміў журналістам начальнік цэнтру інфармацыйных тэхналёгіяў ГУУС Менгарвыканкаму Аляксандар Драневіч.
Паводле яго, асноўнае назіраньне на дадзены час ажыцьцяўляецца на праспэктах Скарыны й Машэрава.
Асноўная мэта дадзенай сыстэмы, працягваў суразмоўца, -- рацыянальнае выкарыстаньне сілаў і сродкаў нарадаў міліцыі, якія нясуць службу па ахове грамадзкага парадку, і ажыцьцяўленьне кантролю за станам дарожнай абстаноўкі ў цэнтральнай частцы гораду.
Відэаназіраньне за цэнтральнымі вуліцамі сталіцы працягваецца кругласутачна. Толькі за першыя месяцы сёлетняга году, адзначыў начальнік цэнтру, дзякуючы архіўным стужкам сыстэмы, удалося аб’ектыўна разгледзіць каля 10 матэрыялаў па дарожна-транспартных здарэньнях. У агуле, лічыць А.Драневіч, сыстэма будзе паступова разьвівацца і ў іншых раёнах сталіцы. Сёлета ў горадзе плянуецца ўсталяваць яшчэ 10 новых камэраў. У прыватнасьці, працягваў ён, “камэры будуць усталяваныя на плошчы Бангалор, у раёне Камароўскага рынку, а таксама ў раёне стадыёну “Дынама”. Першая камэра, паводле яго, будзе таксама ўсталяваная і на адным з жылых дамоў горада.
На думку кіраўніка цэнтру, у бліжэйшую будучыню можа зьявіцца магчымасьць ўстаноўкі сыстэмы і ў “найбольш крымінальных раёнах сталіцы, а таксама на жылых дамох”. У агуле, такая сыстэма назіраньня дазваляе ня толькі своечасова рэагаваць на злачынства ці правапарушэньне нараду міліцыі, але і зафіксаваць самога злачынцу, што пасьля “на шмат спрашчае яго пошукі”, паведаміў А.Драневіч.