Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Інтэграцыя ў Эўропу немагчымая без дэмакратыі 15:53, 07/04/2003
Далейшае разьвіцьцё адносінаў Беларусі і Эўрапейскага зьвязу, а таксама яе месца ў дзесяцігадовай стратэгіі адсносінаў ЭЗ з краінамі-суседзямі залежыць ад рашэньня Беларусі. Такую заяву ў інтэрвію БелаПАН зрабіў Дыега Аджэйда, прэс-сакратар камісара ЭЗ па замежнапалітычных справах Крыса Патэна.
Як ужо паведамлялася, у сакавіку Эўрапейская камісія, якая зьяўляецца вышэйшым выканаўчым органам ЭЗ, зацьвердзіла дакумэнт, у адпаведнасьці зь якім ЭЗ намерваецца будаваць свае адносіны зь Беларусьсю, Украінаю, Малдоваю, Расеяй і 10 краінамі Паўднёвага Міжмор’я як з “сяброўскім колам бліжэйшых суседзяў”.
Як адзначыў Д.Аджэйда, сутнасьць гэтай стратэгіі ў тым, што ЭЗ прапануе сваім суседзям цэлы шэраг варыянтаў супрацоўніцтва ў розных сфэрах, якое можа ажыцьцяўляцца і без уваходжаньня гэтых краінаў у ЭЗ. У прыватнасьці, паводле яго, распаўсюд на іх “чатырох свабодаў”: свабоднага перасоўваньня людзей, тавараў, паслуг і капіталаў. Аднак, адзначыў Д.Аджэйда, “скарыстацца перавагамі адзінага рынку гэтыя дзяржавы могуць толькі ў выпадку захаваньня імі адзіных эўрапейскіх палітычных і эканамічных прынцыпаў”.
“Мы лічым, што нашая прапанова павінна разглядацца як вельмі выгодная зьдзелка для абодвух бакоў, --адзначыў Д.Аджэйда. – Для ажыцьцяўленьня супрацоўніцтва ў рамках новай стратэгіі, у прыватнасьці, захоўвалі правы чалавека”. Беларусь, лічыць прэсавы сакратар, на дадзены час не адпавядае гэтым крытэрам, бо яе адносіны з ЭЗ “ня самыя лепшыя”. Разам з тым, паводле Д.Аджэйды, Эўракамісія імкнецца да больш цесных палітычных і эканамічных сувязяў зь Беларусьсю, якая ўжо ў наступным годзе стане непасрэдным суседам ЭЗ.
Для пасьпяховага супрацоўніцтва ў рамках новай стратэгіі Беларусь павінна выканаць шэраг эканамічных і палітычных умоваў, адзначыў Д.Ажэйда. У прыватнасьці, неабходна рэфармаваць эканоміку, стварыць свабодны рынак, абмежаваць умяшальніцтва дзяржавы ў эканоміку, забясьпечыць спрыяльныя ўмовы для прыватных інвэстараў. Акрамя таго, падкрэсьліў прэс-сакратар, краіна павінна “рэальна трымацца” асноўных прынцыпаў ААН і Рады Эўропы, маецца на ўвазе захаваньне правоў чалавека, а таксама ўвядзеньне мараторыя і адмену сьмяротнага пакараньня.
“Супрацоўніцтва ў рамках новай стратэгіі можа быць выгодным як для Беларусі, так і для ЭЗ, бо гэта сапраўды вельмі шматабяцальная прапанова для вашай краіны, -- адзначыў прэс-сакратар. -- Аднак інтэграваньне Беларусі ў Эўразьвяз можа ажыцьцяўляцца толькі пры ўмове захаваньня хаця б мінімальных стандартаў эўрапейскай супольнасьці”. Д.Аджэйда падкрэсьліў, што далейшае двухбаковае супрацоўніцтва залежыць “толькі ад рашэньня Беларусі праводіць рэальныя палітычныя і эканамічныя рэформы”.