Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Расейскім кампаніям патрэбна ўсё або нічога 12:00, 07/04/2003, фота IREX/Promedia
Расейскія кампаніі «Сургутнефтегаз», «Сибур» і «Лукойл» не зьбіраюцца прымаць удзел у конкурсах па продажу актываў беларускіх нафтахімічных прадпрыемстваў - ААТ «Нафтан», «Палімір», «Азот» і «Хімвалакно».
Як паведамілі "Интерфаксу" ў прэс-службе ААТ "Сургутнефтегаз", у кіраўніцтва кампаніі ёсьць высокая зацікаўленасьць у актывах беларускіх нафтахімічных прадпрыемстваў. Разам з тым, як і раней, пазыцыя "Сургутнефтегаза" адносна магчымых інвэстыцыяў у беларускую нафтахімію вымагае адзіначасовай перадачы кампаніі кантрольнага пакету акцыяў згаданых прадпрыемстваў, адзначылі ў прэсавай службе. Акрамя таго, расейскую кампанію таксама не задавальняе ўмова паэтапнасьці перадачы пакетаў акцыяў, прадугледжанае беларускім бокам. У прэс-службе падкрэсьлілі, што для "Сургутнефтегаза" непрымальна "прыходзіць на раду дырэктараў з сваім меркаваньнем і ня мець магчымасьці аказаць уплыў на рашэньні”.
Аналягічную пазыцыю "Интерфаксу" выказалі ў прэс-службе ААТ "АК "СИБУР" і адзначылі, што ў кампаніі ня маюць магчымасьці эфэктоўнага кіраваньня інвэстыцыямі без наяўнасьці кантрольнага пакету акцыяў. У той самы час прадстаўнікі кампаніі падкрэсьлілі доўгатэрміновае і ўзаемавыгоднае супрацоўніцтва зь беларускімі прадпрыемствамі ААТ "Палімір", "Магілёў Хімвалакно", "Белшына" і высокую зацікаўленасьць у набыцьці іх актываў.
У прэс-службе "ЛУКОЙЛа" "Интерфаксу" паведамілі, што на дадзены час экспэрты кампаніі ўважліва вывучаюць умовы інвэстыцыйных конкурсаў і "пакуль да адназначнай высновы не прыйшлі". Разам з тым, адмыслоўцы прэс-службы падалі заяву генэральнага дырэктара ААТ "ЛУКОЙЛ-Нефтехим" Аляксея Сьмірнова аб тым, што "ЛУКОЙЛ-Нефтехим" зацікаўлены ў стварэньні СП на базе беларускага прадпрыемства "Палімір". Ён патлумачыў, што "ЛУКОЙЛ-Нефтехим" не зацікаўлены набываць меней за 50%-й долі ў "Паліміры". "Калі ня будзе жадаючых на ўдзел у прыватызацыі гэтага прадпрыемства на прапанаваных умовах, то "ЛУКОЙЛ-Нефтехим" намерваецца прапанаваць беларускаму боку стварыць СП", - сказаў ён. Пры гэтым Беларусь можа ўкласьці ў статутны капітал ацэненыя актывы прадпрыемства, а "ЛУКОЙЛ-Нефтехим" будзе гарантаваць эфэктоўную працу СП, падкрэсьліў А.Сьмірноў.