Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Вайна ў Іраку амаль не паўплывае на турыстычны бізнэс Беларусі 10:36, 07/04/2003
Вайна ў Іраку істотна не паўплывае на турыстычны бізнэс Беларусі. Такую думку ў інтэрвію БелаПАН выказаў генэральны дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызму Чэслаў Шульга. Паводле яго, калі вайна ў Іраку завяршыцца ў бліжэйшы месяц, то колькасьць беларускіх турыстаў, якія выяжджаюць на адпачынак у такія краіны, як Турцыя і Эгіпет, практычна ня зьменіцца. Калі ірацкі крызыс зацягнецца, кошты на турыстычныя паслугі ў гэтых краінах падуць ніжэй за сабекошт, што таксама можа прыцягнуць турыстаў. Пакуль, адзначыў Шульга, беларускія турапэратары не сьпяшаюцца адмаўляцца ад арганізацыі паездак у Турцыю і Эгіпет. Турыстычны сэзон, напрыклад, у Турцыі пачынаецца для беларусаў толькі ў чэрвені, таму да траўня фірмы будуць проста чакаць далейшага разьвіцьця падзеяў.
Калі да пачатку лета ваенныя дзеяньні ў Іраку не завяршацца, то турфірмы проста пераарыентуюцца на іншыя краіны, у прыватнасьці, Баўгарыю, Грэцыю, Італію, лічыць Шульга. Пры гэтым яны не панясуць значных фінансавых стратаў, бо большасьць фірмаў працуе адразу ў пяці-шасьці розных кірунках. Фінансавы крызыс можа напаткаць толькі тыя прадпрыемствы, якія маюць вузкую спэцыялізацыю на Турцыі і Эгіпце. “У агуле, вялікімі стратамі для беларускага турбізнэсу ірацкі крызыс не пагражае, бо штогод на клясычны пляжны адпачынак выяжджае каля 100 тысячаў беларусаў, а асноўная маса турыстаў адпачывае ля рэк, азёраў, у гарах”, - адзначыў Шульга.