Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
«Чарнобыльскі шлях» пройдзе пад дэвізам «Памяць дзеля будучыні» 12:07, 09/04/2003
11 палітычных партыяў, грамадзкіх аб’яднаньняў і ініцыятываў прымаюць удзел у падрыхтоўцы "Чарнобыльскага шляху" ў Менску 26 красавіка. Пра гэта 8 красавіка паведаміў старшыня аргкамітэту па правядзеньні акцыі, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Іван Нітчанка. У аргкамітэт увайшлі прадстаўнікі Партыі БНФ, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, Аб’яднанай сацыял-дэмакратычнай партыі, грамадзянскай ініцыятывы "Хартыя`97", працоўнай групы аргкамітэту й групы аргкамітэту Ўсебеларускага сходу інтэлігенцыі, “дэпутаты” групы “Рэспубліка”, а таксама кіраўнікі беларускага дабрачыннага фонду "Дзецям Чарнобылю", дзіцячага фонду духоўнага й культурнага адраджэньня "Сакавік" і беларускага камітэту "Дзеці Чарнобылю".
Зацьверджаны маршрут шляху й ягоны фармат. Заплянавана, што акцыя пад дэвізам “Памяць дзеля будучыні” пачнецца а 16.30 і пройдзе ад плошчы Якуба Коласа па праспэкце Францыска Скарыны да плошчы Парыскай Камуны, дзе завершыцца жалобным мітынгам і малебнам у памяць ахвяраў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
Мяркуецца, што 9 красавіка аргкамітэт падасьць у Менскі гарвыканкам заяўку на правядзеньне Шляху.
У інтэрвію БелаПАН Іван Нікітчанка падкрэсьліў, што праблема наступстваў чарнобыльскай катастрофы становіцца ўсё больш актуальнай. “Гэтыя наступствы толькі пачалі праяўляцца па-сапраўднаму. Найбольш яскрава пра гэта сьведчыць дэмаграфічная сытуацыя. У 2001 годзе ўзровень сьмяротнасьці складаў 14 выпадкаў пры 8 народжаных на тысячу жыхароў. Прычым толькі адзін з 14 пайшоў з жыцьця па прычыне старасьці. Паводле паказьніка нараджальнасьці – 1,6 дзіцёнка на адну жанчыну дзетароднага ўзросту – Беларусь перакрочыла мяжу, за якой пачынаецца выміраньне нацыі”, - сказаў навуковец.
Для ўратаваньня нацыі неабходна дапамагчы жыхарам чарнобыльскага рэгіёну атрымоўваць адносна чыстыя прадукты харчаваньня, каб узровень удзельнай радыёактыўнасьці ў арганізьме чалавека не пераўзыходзіў 50 бэкерэляў на кіляграм вагі, заявіў І.Нікітчанка. “Гэтага можна дасягнуць, калі выкарыстоўваць сучасныя тэхналёгіі вырошчваньня сельскагаспадарчых культур і вытворчасьці прадуктаў харчаваньня пры бязвыплатнай перадачы ў прыватную ўласнасьць зямлі, у тым ліку забруджанай радыяцыяй. Акрамя таго, сродкі, якія без карысьці закопваюцца ў зямлю, неабходна перадаць сялянам для арганізацыі падсобных прыватных і каапэратыўных прадпрыемстваў па аграабслугоўваньні й вытворчасьці хлебапрадуктаў, а таксама па перапрацоўцы агародніны і жывёлагадоўчай прадукцыі”, -- лічыць І.Нікітчанка.