Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
ЗША займаюць першае месца па аб’ёму прамых замежных інвэстыцыяў у Беларусь 11:11, 09/04/2003
За гады незалежнасьці беларускай дзяржавы ў яе эканоміку было прыцягнута 25 мільярдаў даляраў ЗША капітальных укладаньняў, зь якіх 4 мільярды даляраў складаюць замежныя інвэстыцыі.
Як падкрэсьліў дырэктар дэпартамэнту па справах інвэстыцыяў Міністэрства эканомікі рэспублікі Валеры Дрозд, выступаючы перад удзельнікамі беларуска-амэрыканскага бізнэс-сымпозіюму, дадзеныя лічбы сьведчаць пра тое, што “фармаваньне капітальных укладаньняў разглядаецца ў Беларусі як нацыянальны працэс, а замежным інвэстыцыям адводзіцца дапаможная каталітычная роля ва ўмацаваньні вытворчага й бытавога патэнцыялу краіны”. Тым не менш, паводле В.Дразда, прыцягненьне замежных інвэстыцыяў разглядаецца ўрадам у якасьці аднаго з прыярытэтных накірункаў дзейнасьці. У гэтай сувязі дырэктар дэпартамэнту нагадаў, што летась у рэспубліку было прыцягнута 722 млн. даляраў замежных інвэстыцыяў пры прагнозе 400 млн. даляраў”. Мы спадзяемся, што ў 2003 годзе такая дынаміка захаваецца”, -- адзначыў прадстаўнік Мінэканомікі.
Ён падкрэсьліў, што “найбольшы інтарэс для Беларусі прадстаўляюць прамыя інвэстыцыі, якія дазваляюць мабілізаваць і рэалізаваць фінансавы, вытворчы і інтэлектуальны патэнцыял замежнага партнэра. Пры гэтым В.Дрозд паведаміў, што на тэрыторыі рэспублікі на дадзены час зарэгістравана больш за 5 тысячаў кампаніяў з замежнымі інвэстыцыямі, якія прадстаўляюць звыш 80 дзяржаваў сьвету. Прычым ЗША займаюць першае месца па аб’ёму прамых інвэстыцыяў у выглядзе ўкладаньняў у статутныя фонды сумесных і замежных прадпрыемстваў, якія дзейнічаюць у Беларусі. “Гэта каля 20% ад агульнага памеру статутнага капіталу”, -- удакладніў дырэктар дэпартамэнту. Ён таксама нагадаў, што ў рэспубліцы працуе больш 520 камэрцыйных прадпрыемстваў з удзелам амэрыканскага капіталу, а агульны аб’ём прамых інвэстыцыяў ЗША ў Беларусі складае каля 10 млн. даляраў, і ён павялічыўся за 2002 год на 35%.
В.Дрозд заявіў пра тое, што, акрамя ЗША, у ліку асноўных інвэстараў у эканоміку рэспублікі летась былі Вялікабрытанія, Нямеччына, Расея, Аўстрыя, Кіпр і Швэцыя. Пры гэтым, паводле яго, замежных інвэстараў у большай ступені прыцягваюць магчымасьці ўкладаньня капіталаў у машынабудаваньне, металаапрацоўку, харчовую, лёккую, хімічную і дрэваапрацоўчую галіны прамысловасьці, а таксама ў гандлёвую дзейнасьць, сувязь, транспарт і мэдыцыну Беларусі. З свайго боку урад гатовы падтрымліваць інвэстыцыі ў высокатэхналягічныя галіны й стварэньне новых працоўных месцаў, адзначыў прадстаўнік Мінэканомікі. З гэтай мэтай, падкрэсьліў ён, у рэспубліцы створаная трывалая прававая база, спрыяльная інвэстыцыйнай актыўнасьці.