Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Колькасьць афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных павялічылася 15:23, 09/04/2003, ІА «Экопресс»
У Беларусі па стану на 1 красавіка сёлетнега году на ўліку ў дзяржаўнай службе занятасьці зарэгістравана 145,7 тыс. беспрацоўных, што на 15 тыс. чалавек болей у параўнаньні з пачаткам сёлетняга году. Такім чынам, узровень беспрацоўя да колькасьці эканамічна актыўнага насельніцтва краіны дасягнуў 3,3% (у аналягічным пэрыядзе леташнега году ён складаў 2,6%).
Як паведамілі карэспандэнту ІА «ЭКОПРЕСС» у Міністэрстве працы й сацыяльнай абароны Беларусі, найбольшая колькасьць жыхароў, якія ня маюць працы, зарэгістравана ў Віцебскай і Магілёўскай абласьцях – адпаведна 4,6% і 4% да колькасьці эканамічна актыўнага насельніцтва (25,5 і 20,3 тыс. чалавек). Самы нізкі колькасны паказьнік беспрацоўя адзначаецца ў Менску. Згодна дадзеных Мінпрацы, на 1 красавіка на ўліку тут стаяла 16,7 тыс. чалавек (1,8%).
У Міністэрстве працы паведамілі, што ўсяго за студзень-сакавік сёлетняга году за садзеяньнем у працаўладкаваньні зьвярнуліся больш за 75 тыс. чалавек, што на 7,4% пераўзыходзіць паказьнік аналягічнага пэрыяду леташнега году. Працаўладкавана было 43,1 тыс. чалавек. У агуле ў першым кварталі сёлетняга году ў працаўладкаваньні мелі патрэбу 205,6 тыс. чалавек.
Як падкрэсьлілі спэцыялісты Мінпрацы, пры росьце беспрацоўя колькасьць вакансіяў у рэспубліцы скарачаецца. Так, колькасьць вакансіяў, заяўленых у дзяржаўнай службе занятасьці, на канец першага кварталю склала 26,8 тыс. (для параўнаньня, на пачатак красавіка 2002 году іх налічвалася 29,4 тыс.). Такім чынам, на адно працоўнае месца на дадзены час прыпадае 5 беспрацоўных. Варта пры гэтым адзначыць, што асноўная частка вакансіяў - 77,6% - разьлічаная на рабочыя спэцыяльнасьці.
Сацыяльна-дэмаграфічныя характарыстыкі беспрацоўных Беларусі застаюцца нязьменнымі цягам апошніх гадоў. Беспрацоўе сярод моладзі па-ранейшаму вышэй, чым сярод іншых узроставых групаў. Расьце “жаночае беспрацоўе”. Асноўная маса беспрацоўных мае агульную сярэднюю адукацыю.