|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Крывавая ноч 16:25, 14/04/2003, Лявон Баршчэўскi, дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га склiкання, «Народная воля»
Сяргей Антончык разварушыў страшэнны вулей. I ён наiўна верыў, што людзi яго зразумеюць i стануць на ягоны бок. Улада ж адразу паказала: нiчога зразумець людзям яна не дасць. I як вынiк -- ужо ў снежнi 1994 года, лiтаральна праз некалькi тыдняў, з`явiлiся "белыя плямы" ў газетах, а ў сакавiку 1995-га гвалтоўным чынам быў адхiлены ад пасады галоўнага рэдактара "Народнай газеты" дэпутат Вярхоўнага Савета Iосiф Сярэдзiч. Потым былi, узгадайма: недапушчэнне да працы новага законна прызначанага парламентам рэдактара "Народнай газеты", закрыццё радыёстанцыяў i газет, што выказвалi альтэрнатыўныя ўладным думкi, яшчэ пазней адзiн журналiст бясследна знiк, рэдактары i журналiсты недзяржаўных выданняў сталi трапляць на "хiмiю" i... можна толькi здагадвацца, з чым незалежныя СМI могуць сутыкнуцца далей. Самай, аднак, вялiкай косткай у горле апекуноў i дарадцаў улады была беларуская дзяржаўнасць -- як у гiстарычным плане, гэтак i ў сучасным. Беларуская мова, нацыянальныя сiмвалы (бел-чырвона-белы сцяг i "Пагоня") вельмi хутка маглi стацца пазнавальнымi знакамi гэтай дзяржаўнасцi не толькi ў досыць вузкiм iнтэлiгенцкiм коле, але i ў шырокiх масах. Гэта нiяк не ўваходзiла ў планы iмперцаў у суседняй дзяржаве i тых, хто шукаў iхняй апекi ў Беларусi. Бо немагчыма знiшчыць дзяржаўнiцкiя настроi ў думаючай частцы народа, якi прайшоў паўнавартасны працэс нацыянальнай самаiдэнтыфiкацыi. Ударыць па мове i нацыянальных сiмвалах было найпрасцей, бо вынiшчалiся i душылiся яны стагоддзямi, а новае адраджэнне было пяцiгадовым дзiцём. Вось тут i трэба шукаць каранi падзей, якiя адбылiся ноччу з 11 на 12 красавiка 1995 года. Нагадаю, што ў канцы сакавiка таго года прэзiдэнт А.Лукашэнка ўпершыню абвясцiў пра свой намер правесцi рэферэндум па пытаннях фактычнай лiквiдацыi дзяржаўнасцi беларускай мовы, вяртання дзяржаўнай сiмволiкi савецкага ўзору, падтрымкi яго заяў аб эканамiчнай iнтэграцыi з Расiяй i атрымання iм права аднаасобна распускаць Вярхоўны Савет. Неўзабаве ў прэсе з`явiлася заява досыць вялiкай групы дэпутатаў, у якой яны прасiлi прэзiдэнта з`iнiцыяваць рэферэндум па пытаннi надання рускай мове статусу дзяржаўнай i змены дзяржаўнай сiмволiкi. Асабiста я размаўляў са шмат якiмi падпiсантамi той заявы. Высветлiлася цiкавая рэч: прыкладна палова з iх гаварыла, што яны за беларускую мову як адзiную дзяржаўную, але супраць сiмволiкi, якая iм здавалася то "лiтоўскай", то "фашысцкай"; другая ж палова сцвярджала, што, наадварот, не мае нiчога супраць несавецкай сiмволiкi, але баiцца абавязковага характару беларускай дзяржаўнай мовы. У вышэйзгаданай заяве, аднак, усё было зваленае ў адну кучу: адных проста "прыплюсавалi" да другiх. Iнiцыяванне рэферэндуму самае меншае па двух пытаннях было антыканстытуцыйным: згодна з Канстытуцыяй, рэферэндумы, якiя мелi б на мэце вырашэнне канстытуцыйных пытанняў, не могуць праводзiцца ў апошнiя шэсць месяцаў паўнамоцтваў дзейнага Вярхоўнага Савета. Пытаннi змены статусу дзяржаўнай мовы i вызначэння таго, хто мае права распускаць парламент, адназначна патрабавалi змен у Канстытуцыi. Выбары ж у новы Вярхоўны Савет былi прызначаныя на 14 мая таго ж года -- гэта значыць заставалася менш як два месяцы пасля першых вусных выказванняў прэзiдэнта пра неабходнасць рэферэндуму. Вынясенне першага з названых вышэй пытанняў на рэферэндум, акрамя таго, выразна супярэчыла артыкулу 3 дзейнага тады "Закона аб народным волевыяўленнi (рэферэндуме) у Рэспублiцы Беларусь". Аднак ужо тады было зразумела, што парушэнне Канстытуцыi не магло спынiць тых, хто праектаваў рэферэндум: падобна, што для кагосьцi з iх гэта была канстытуцыя чужой iм дзяржавы. На жаль, на бок парушальнiкаў Канстытуцыi тады выразна стала фракцыя ПКБ у Вярхоўным Савеце. Мяркую, што паважаны Сяргей Калякiн пазней усё-такi пашкадаваў (калi, вядома, не забыўся) пра тое, што яго партыя яшчэ ў 1995 годзе, мякка кажучы, заплюшчыла вочы на вiдавочнае ламанне дзяржаўнага права. 10--11 красавiка 1995 года пытанне аб разглядзе iнiцыятывы прэзiдэнта А.Лукашэнкi наконт правядзення рэферэндуму 14 мая было вынесена на чарговае пасяджэнне Вярхоўнага Савета 12-га склiкання -- сесii, што планавалася як самая апошняя. У першы дзень дэбатаў я, з прычыны хваробы (высокая тэмпература), удзел у дэбатах прыняць так i не змог i сачыў за падзеямi па прамой, якая вялася з пасяджэння парламента, радыётрансляцыi (апошнi пакуль што ўсплёск нябачанай цяпер дэмакратыi!). Назаўтра ранiцай, наглытаўшыся аспiрыну i вiтамiнаў, я ўсё-такi паехаў у Вярхоўны Савет i зайшоў у залу пасяджэнняў якраз у тую хвiлiну, калi лiдэр фракцыi БНФ Зянон Пазьняк з трыбуны заклiкаў прысутных абвясцiць галадоўку ў знак пратэсту супраць запланаванага вiдавочнага парушэння Канстытуцыi. Можна сказаць, не паспеў я заняць сваё месца ў парламенцкай ложы, як адразу давялося скiравацца да трыбуны, дзе побач са мной галадоўку распачалi яшчэ 18 дэпутатаў з фракцый БНФ i Сацыял-дэмакратычнай Грамады. Сярод галадоўцаў былi людзi розных прафесiяў i ўзростаў: ад 34-гадовых журналiстаў Сяргея Навумчыка i Iгара Герменчука (якога, на жаль, сёння ўжо з намi няма) да фiлолага i дыпламата Пятра Садоўскага, iнжынераў Уладзiмiра Заблоцкага i Мiкалая Крыжаноўскага, якiм на той час ужо даўно перавалiла за 50. Пачатак галадоўкi быў нечаканым не толькi асабiста для мяне, але i для парламенцкай большасцi: шмат хто з дэпутатаў схамянуўся, узгадаў, што каму, як не iм, трэба баранiць нядаўна (i не без праблем) прынятую Канстытуцыю, за якую, дарэчы, тады так горача агiтаваў дэпутат Лукашэнка. Выступ кiраўнiка камiсii Вярхоўнага Савета па заканадаўстве Дзмiтрыя Булахава (якi падчас прэзiдэнцкiх выбараў актыўна працаваў у камандзе будучага прэзiдэнта) расставiў неабходныя акцэнты. У вынiку нiводнае з пытанняў, вынесеных прэзiдэнтам, -- акрамя невыразна сфармуляванага пытання пра падтрымку захадаў прэзiдэнта дзеля эканамiчнай iнтэграцыi з Расiяй, -- не было зацверджанае большасцю парламента! Спiкеру Мечаславу Грыбу трэба было паставiць на галасаванне пытанне аб завяршэннi дэбатаў па гэтым пытаннi i прапанаваць перайсцi да наступнага пытання парадку дня. Аднак Аляксандр Лукашэнка пачаў усялякiмi спосабамi цiснуць на парламенцкую большасць, якая, трэба зазначыць, знаходзiлася ў падважаным стане: нiхто не быў упэўнены ў сваёй будучынi пасля маючых адбыцца выбараў 14 мая. Таму пагроза паўторнага вынясення на разгляд iнiцыятывы аб рэферэндуме заставалася абсалютна рэальнай, i намi калектыўна было вырашана: галадоўку не спыняць. Пасля заканчэння сесii ў 18 гадзiн мы засталiся ў зале пасяджэнняў. Побач з намi напачатку было некалькi журналiстаў з розных выданняў. Потым яны па чарзе загадкавым чынам пачалi знiкаць. Пасля 21 гадзiны каля тэлефона ў "бакоўцы" залы пасяджэнняў заставалася толькi карэспандэнтка Радыё "Свабода" Алена Радкевiч. Але каля 23 гадзiн да яе падышло некалькi невядомых асоб у цывiльным, якiя вывелi Алену з залы. Ужо ў той момант стала зразумела, што, хутчэй за ўсё, застацца ў зале нават да наступнай ранiцы нам ужо не дадуць. Перш чым тэлефон у "бакоўцы" быў адключаны, нам яшчэ ўдалося перадаць журналiстам адпаведную iнфармацыю i папрасiць iх не адыходзiць ад будынка Дома ўрада. На жаль, як выявiлася пазней, недзе пасля 0 гадзiн 12 красавiка яны ўсе разышлiся па дамах. Шлях да ўжывання грубай сiлы быў, гэткiм чынам, фактычна адкрыты. Каля паўночы ў залу ўвайшла група асоб у чорных скураных куртках на чале з тагачасным кiраўнiком службы аховы прэзiдэнта, былым дэпутатам Мiхаiлам Цесаўцом. Апошнi абвясцiў, што паступiў сiгнал, нiбыта ў будынку закладзеная бомба, i таму ўсе з будынка павiнны быць эвакуяваныя. Цiкава, што хвiлiн за дваццаць да гэтага мы ў зале якраз абмяркоўвалi сцэнарый нашага выдалення з Дома ўрада i гаварылi пра тое, што тут будуць шукаць "бомбу". Таму выступ Цесаўца не быў для нас нечаканым, i мы прапанавалi яму прывесцi сапёраў i пры нас агледзець усё, што яны толькi захочуць. Цесавец, ведаючы, што нiякай бомбы ў будынку няма, аддаў загад сваiм падначаленым выводзiць нас з залы, але мы ўсе дружна выцягнулi з кiшэняў свае дэпутацкiя пасведчаннi, выразна папярэдзiлi людзей у скуранках, што за парушэнне недатыкальнасцi дэпутатаў кожны з iх персанальна будзе несцi адказнасць -- аж да крымiнальнай. I, о дзiва! Падначаленыя адмовiлiся выконваць загад свайго шэфа. Цiкава, што калi праз некалькi хвiлiн хтосьцi з калег выйшаў у фае залы, ён праз вокны ўбачыў, што ў некалькiх памяшканнях i правага, i левага крылаў будынка гарэла святло, а каля правага пад`езду стаяла "iншамарка", над радыятарам якой развяваўся сцяжок (яшчэ бел-чырвона-белы!). Значыць, тут былi розныя людзi, у тым лiку высокiя кiраўнiкi, якiя не баялiся анiякiх бомбаў! Зрэшты, сапёры з`явiлiся i, натуральна, нiчога не знайшлi, пра што i склалi адпаведны акт. Наступныя паўгадзiны былi адносна спакойныя, i мы дамовiлiся, што можам прылегчы адпачыць тут жа каля цэнтральнай трыбуны залы пасяджэнняў (балазе падлога была засцеленая лямцавым паласам); пры гэтым адзiн чалавек (па чарзе) будзе дзяжурыць i ў выпадку чаго ўсiх пабудзiць. Я адчуў, што ў мяне зноў паднялася тэмпература i, накрыўшыся зiмовай курткай, лёг падрамаць злева ад галоўнай трыбуны. Каля трэцяй гадзiны мяне i iншых абудзiў рэзкi крык дэпутата Валянцiна Голубева, якi перад гэтым прыадчынiў дзверы ў фае: "Ваенныя з аўтаматамi i ў масках!". Мы хутка паўскоквалi i расселiся ў ложы, дзе звычайна сядзелi члены Прэзiдыума Вярхоўнага Савета. Валянцiн сказаў нам, што ў фае, выстраiўшыся некалькiмi шарэнгамi, стаяць вайскоўцы ў форме, узбраеннi, у масках з адгазнiкамi: агулам "чалавек пяцьсот альбо шэсцьсот". На балконах залы пасяджэнняў зноў з`явiлiся людзi з вiдэакамерамi (як мiнiмум двое). Тут ужо нi ў кога не было сумненняў, што нас будуць выдаляць з залы. Таму мы хуценька дамовiлiся: будзем супрацiўляцца, ухапiўшыся адзiн за аднаго, а калi iм удасца разарваць наш ланцуг, пачнем зрываць з iх маскi i чапляцца -- колькi будзе сiлы -- за сталы i крэслы. Толькi мы паспелi гэта абгаварыць, як у зале запалiлася святло i з усiх пяцi дзвярэй да нас кiнулiся "малпападобныя" -- людзi ў чорных, спартыўнага кшталту, касцюмах, адгазнiках (для чаго яны iм былi -- не разумею па сёння). Пачулiся крыкi... Унурыўшы галаву ў каўнер зiмовай курткi, я моцна аберуч ухапiўся за руку Пятра Садоўскага. Моцна мацюкаючыся i лямантуючы, нападаючыя iмкнулiся мяне адарваць ад яго, але я даволi доўга не даваў iм гэтага зрабiць. Бакавым зрокам яшчэ ўбачыў, як Iгар Гермянчук сарваў усё ж такi маску з аднаго "малпападобнага", i той... iмгненна адбег убок i кiнуўся на падлогу! Тым часам нападаючыя пачалi круцiць другую руку Садоўскага, якая была ў яго раней зламаная (нагадваю, што ён меў яшчэ недатыкальнасць i як Надзвычайны i Паўнамоцны Пасол Рэспублiкi Беларусь) -- i я мусiў адпусцiць яго. Людзi (калi iх можна назваць людзьмi) у чорным iмгненна закруцiлi мне рукi за спiну, прычым так, што мой падбародак апынуўся нiжэй каленяў. Мяне пацягнулi паўкругам папярэчнага праходу, што iшоў уздоўж задняга шэрагу дэпутацкiх крэслаў. Каля крэслаў ланцугом стаялi вайскоўцы ў камуфляжы i поўнай амунiцыi, i кожны з iх iмкнуўся ботам пацэлiць мне ў твар. Шмат каму гэта ўдавалася, з разбiтага твару iшла кроў, i -- шчыра скажу -- у тую хвiлiну я ўжо развiтаўся з жыццём. "Значыць, -- праскочыла думка, -- усе тармазы адключаныя, а калi гэтак можна збiваць дэпутата, дык потым павiнны забiць, каб нiкому не расказаў...". Прапусцiўшы гэтак праз шыхт вайскоўцаў, мяне павалаклi долу па сходах, што вялi да выхаду ў заднi двор Дома ўраду. Там стаялi уазiкi-"варанкi" з адчыненымi заднiмi дзвярыма. Мяне падцягнулi да адных дзвярэй i, нiбы бервяно, укiнулi ўнутр машыны. Тут жа на падлозе ляжалi штабелем Iгар Гермянчук, Аляксандр Шут, Пётр Садоўскi, Алег Трусаў. Дзверы за мной, апошнiм, зачынiлiся, i машына памчала з месца. Каб крыху ачомацца, спатрэбiлася хвiлiна, але першым апрытомнеў Алег Трусаў. Прыняўшы сяк-так вертыкальнае становiшча, ён агледзеўся, што ў машыне, акрамя збiтых дэпутатаў, толькi спераду сядзiць кiроўца, а справа яго -- нейкi чалавек у форме (што была за форма -- у цемры разгледзець было немагчыма). I тут Алег пачаў крычаць, а мы адразу да яго далучылiся хорам: "Калi не хочаце сесцi, вязiце адразу ж у пракуратуру! У Генеральную!" I, давёзшы нас да скрыжавання праспекта Скарыны i вулiцы Янкi Купалы, кiроўца павярнуў-такi налева, потым яшчэ раз налева -- i мы апынулiся каля будынка Пракуратуры Беларусi. Выскачыўшы з машыны i пакiнуўшы там (каб "трымаў машыну"!) Iгара Герменчука, мы кiнулiся ў будынак i ў настойлiвай форме запатрабавалi ад дзяжурнага па будынку выклiкаць тагачаснага Генеральнага пракурора Васiля Шаладонава. Яго знайсцi з невядомых нам прычын не ўдалося. Але ўжо праз 7--10 хвiлiн з`явiўся дзяжурны пракурор, якi прыняў ад нас афiцыйную заяву як ад пацярпелых у вынiку жорсткага збiцця людзьмi ў вайсковай форме i выклiкаў "хуткую дапамогу". Пасля таго, як мяне крыху перавязалi, я выйшаў на ганак будынка i паклiкаў з машыны Iгара Герменчука, якому таксама патрабавалася медыцынская дапамога. Тут было зроблена глупства (зрэшты, апраўдальнае ў стрэсавай сiтуацыi): я папрасiў Алеся Шута заняць яго месца ў машыне. Потым высветлiцца, што Алеся вывезуць у парк Янкi Купалы i, нанёсшы яму некалькi ўдараў, выкiнуць там на зямлю (так, дарэчы, зрабiлi з нявольнымi "пасажырамi" iншых трох аўтамашын -- толькi вывозiлi iх у больш аддаленыя месцы горада). У той жа момант мы, хто знаходзiўся ў будынку, атрымалi рэкамендацыю ад супрацоўнiкаў "хуткай дапамогi" -- адпраўляцца ў клiнiку так званай "лечкамiсii", каб атрымаць больш квалiфiкаваную дапамогу i зафiксаваць там атрыманыя пабоi. Гэта было зроблена цягам наступнай гадзiны, прычым дактары "лечкамiсii" гаварылi нам, што фiксуюць нашыя пабоi, выразна ўсведамляючы сабе магчымыя негатыўныя для сябе наступствы гэтага ўчынку. Як высветлiлася пазней, наша "пяцёрка" дэпутатаў, дамогшыся неадкладнага звароту ў Пракуратуру, крыху сапсавала першапачатковыя планы арганiзатараў садысцкай акцыi. Знаёмыя супрацоўнiкi тагачаснай аховы Дома ўрада пазней расказвалi некаторым калегам-дэпутатам, нiбыта каля 4 гадзiн 30 хвiлiн той самай ночы дзяжурны па Доме ўрада атрымаў званок ад нейкага быццам бы "сведкi", якi сказаў, што ў раёне плошчы Незалежнасцi адбываецца бойка памiж людзьмi, некаторых з якiх ён раней "бачыў па тэлевiзары". Але, калi гэта i праўда, спланаваная правакацыя спрацаваць ужо не магла. Дарэчы, назаўтра нават урадавая "Звязда" надрукавала афiцыйную iнфармацыю Пракуратуры Беларусi пра тое, што пяцёра дэпутатаў звярнулiся з заявай пра здзейсненае ў дачыненнi да iх злачынства каля 3 гадзiн 10 хвiлiн ночы з 11 на 12 красавiка. Як кажуць беларусы, грэх не схаваеш у мех... На жаль, падкантрольныя ўладам ужо ў той час СМI у цэлым не спынiлiся перад адкрытай хлуснёй на адрас дэпутатаў-удзельнiкаў галадоўкi. Вядома ж, i журналiсты, i рэдактары тагачаснай "Советской Белоруссии" ды Беларускага тэлебачання не верылi таму, што пiшуць або паказваюць. Не верыў уласным словам, прамоўленым у сваё апраўданне на сесii, Мiхаiл Цесавец (у гэты час запомнiўся выкрык Мiкалая Iванавiча Дземянцея, першага спiкера Вярхоўнага Савета 12-га склiкання: "Правильно! Мало им дали!"). Але ў кожным з iх перамагла iх савецкасць, дзеянне паводле прынцыпу: "Думай адно, гавары другое, рабi трэцяе". Мяркую, аднак, што 12 красавiка кансалiдаваныя дзеяннi тагачаснага Вярхоўнага Савета маглi сiтуацыю змянiць. Ранiцай яго Прэзiдыум заняў досыць радыкальную пазiцыю: было прапанавана наступнае пасяджэнне правесцi ў будынку Вярхоўнага Савета i паставiць пытанне аб дачыненнi канкрэтных службовых асоб да антызаконных брутальных дзеянняў супраць дэпутатаў. Шчыра скажу, што калi б гэта здзейснiлася, асабiста мне не было б надта iстотным, цi атрымаюць па заслугах арганiзатары i выканаўцы начнога разбою. Куды важнейшым было б тое, што ў гэткай сiтуацыi пытанне правядзення рэферэндуму 14 мая аўтаматычна знiкала б з парадку дня. Спадзяваннi на прынцыповасць большасцi парламента, аднак, не спраўдзiлiся. Прэзiдэнт запрасiў Старшыню Вярхоўнага Савета Мечаслава Грыба на "размову" ў сваю рэзiдэнцыю. Мне здаецца, што Мечаслаў Iванавiч iмем Прэзiдыума павiнен быў дамагчыся сустрэчы з усiм складам Прэзiдыума -- i менавiта ў будынку парламента. Кажу гэта таму, што пасля сустрэчы з прэзiдэнтам наш спiкер зрабiўся iншы, больш памяркоўны. Пасяджэнне Вярхоўнага Савета было прызначанае на 12 гадзiн дня ў будынку Дома ўрада. Туды дэпутатам -- ахвярам начнога нападу прыйшлося прабiвацца праз ахову сiлай (!). Паступова рабiлася ўсё больш зразумелым, што большасць вырашыла ахвяраваць меншасцю, каб атрымаць гарантыi сваёй будучынi. Кошт гэтых гарантыяў ведае цяпер i Мечаслаў Грыб, якому ў 1996 годзе забароняць нават займацца адвакацкай практыкай i пазбавяць заслужанай пенсii як былога кiраўнiка дзяржавы. Ведаюць яго i Анатоль Лябедзька, i Васiль Лявонаў. I Мiхаiл Марынiч, i Валерый Цiхiня, i шмат хто яшчэ... Дарэчы, пра Валерыя Цiхiню. Пасля таго, як раздаўлены, дэмаралiзаваны Вярхоўны Савет 12 красавiка ўсё-такi "прагаласаваў" за прызначэнне рэферэндуму па прэзiдэнцкiх пытаннях, камiсiя Вярхоўнага Савета па адукацыi, культуры i захаваннi гiстарычнай спадчыны ў поўнай адпаведнасцi з Канстытуцыяй i Законам аб Канстытуцыйным судзе звярнулася да яго як старшынi Канстытуцыйнага суда з запытам наконт канстытуцыйнасцi прынятага Вярхоўным Саветам вышэйзгаданага рашэння. Валерый Цiхiня ўхiлiўся ад разгляду гэтага пытання. Напэўна, цяпер ён добра разумее, што менавiта тут пачалася дарога да будучага падпарадкавання Канстытуцыйнага суда выканаўчай уладзе i да ягонай уласнай адстаўкi. Сiтуацыю, што склалася тады, ужо тым больш не мог пераламаць сумленны следчы па асаблiва важных справах Пракуратуры Беларусi Язэп Бролiшс. Ён зафiксаваў усе паказаннi пацярпелых, дамогся, каб абсалютная большасць з iх прайшла медыцынскi агляд у спецыялiзаванай клiнiцы, запатрабаваў вiдэаматэрыялы, якiя б расказалi ўсё. Але завяршыць следства яму не далi, напэўна ж, вельмi ўплывовыя асобы... Падзеi снежня 1994 года (выступленне Сяргея Антончыка з антыкарупцыйным дакладам) -- красавiка 1995 года (збiццё дэпутатаў у зале Вярхоўнага Савета) пачалi эпоху выразнай дэградацыi законнасцi i дэградацыi маральнасцi ў нашай роднай краiне. Не магу ў сувязi з гэтым не ўзгадаць таго, што я асабiста меў магчымасць назiраць 26 сакавiка гэтага года ў судзе Савецкага раёна горада Мiнска. У гэты дзень судзiлi ўдзельнiкаў абсалютна мiрнай i вельмi кароткай паводле часу акцыi, што праводзiлася напярэдаднi ў гонар 85-й гадавiны БНР на плошчы Якуба Коласа. Каля 12 гадзiн у будынак суда трое дужых мiлiцыянераў прывялi, трымаючы за плечы, прыгожую, зграбную дзяўчыну. Як я ў той дзень даведаўся, 18-гадовая адзiнаццацiкласнiца адной з мiнскiх школ Таццяна Елавая была затрыманая за тое, што, прыйшоўшы на плошчу, не перапыняла там руху транспарту, не спрачалася з мiлiцыянерамi, не чапляла праходжых -- карацей, не зрабiла нiчога такога, што б давала падставы кiдаць яе ў сумнавядомую турму на вулiцы Акрэсцiна. У судзе Таццяна сказала, што 25 сакавiка было, ёсць i будзе для яе галоўным святам i што яна свядома прыйшла на плошчу Якуба Коласа. I што ж зрабiла суддзя -- таксама, дарэчы, маладая жанчына -- Наталля Скугарава? Яна абвясцiла прысуд: пяць сутак арышту! Выдатна, як я мяркую, разумеючы, што для школьнiцы заключэнне ў турму -- гэта не сродак выхавання, а элементарная знявага гонару i годнасцi. Што ж, спадарыня Скугарава ўяўляе сябе правадзейным суддзёй, уладаром лёсаў, забываючы лермантаўскае: "Ёсць Божы суд". У той самы час каля будынка таго самага суда з ужываннем грубай сiлы быў затрыманы, выцягнуты з аўтамабiля з нанясеннем цялесных пашкоджанняў сын затрыманага напярэдаднi актывiста БНФ Уладзiмiра Кiшкурны Антон, якi прывёз свайму бацьку перадачу. Магу меркаваць (хай мяне абвергне прысутны пры гэтым намеснiк начальнiка Савецкага РУУС г.Мiнска сп.Гуранкоў), што прычынай такога абыходжання была налепка з выявай "Пагонi" на задняй шыбе аўтамабiля. Дык вось, для мяне вiдавочна: гэткага разгулу беззаконня i амаральнасцi сёння не было б, калi б 12 красавiка 1995 года падзеi завяршылiся iншым чынам, калi б парушальнiкi закона былi пастаўленыя на месца. Цяпер наконт нас, самiх удзельнiкаў той памятнай галадоўкi. Героямi я i мае калегi, вядома ж, не былi. Абвяшчаючы гэтую форму пратэсту ў зале Вярхоўнага Савета як акт адчаю, мы дзейнiчалi ўжо не як палiтыкi. Кожнаму з нас уяўлялася, што, калi мы гэтага не зробiм, мы здрадзiм не... не сённяшнiм сваiм выбаршчыкам. Мы здрадзiм перадусiм Янку Купалу, Максiму Багдановiчу, Максiму Гарэцкаму, здрадзiм тым пакаленням змагароў i тых, хто проста марыў пра свабодную, незалежную, беларускую Беларусь. Гэта пераважыла ў нас над прагматычным чыннiкам -- больш плённа рыхтаваць грамадскую думку, дый актыўней працаваць з тымi самымi дэпутатамi. Напэўна, таму пратэставаць супраць гвалту 12 красавiка на мiнскiя вулiцы выйшла ўсяго некалькi соцень цi, можа, з тысячу чалавек. Непрафесiйна, на мой погляд, паводзiла сябе ў тую памятную ноч абсалютная большасць журналiстаў; з гэтай прычыны яна не мела неабходнай iнфармацыi, каб выразна паказаць людзям тое, што насамрэч адбывалася ў зале Вярхоўнага Савета, даць гэтаму iнтэрпрэтацыю хоць бы згодна са здаровым сэнсам. Таму далейшае галадаванне сэнсу не мела. Разам з тым, не варта забываць, што грамадскi спад у 1995 годзе менш чым праз год змянiўся грамадскiм уздымам -- "гарачай вясной" 1996 года, намаганнямi новаабранага Вярхоўнага Савета i Канстытуцыйнага суда абаранiць падмурак законнасцi ў краiне. Цяпер жа, вiдаць, не "гарачыя вёсны" прадвызначаюць тое, што будзе ў Беларусi праз 10, 20 i 30 гадоў. Мы зноў перажываем няпросты час. Зноў шмат хто з нас яшчэ не разумее, што аддаючы сваё дзiця ў беларускi клас, вучачы яго паважаць не прыдуманыя двума выпадковымi чалавекамi, а выпакутаваныя стагоддзямi сiмвалы, гэтым самым мы ствараем шанец займець сваю будучыню. Нам усiм трэба вучыцца быць салiдарнымi, жыць не толькi для сябе, не займацца пустым самаедствам i не губляць чалавечай -- як i нацыянальнай -- годнасцi. Нi пры якiх варунках. ...Некалькi гадоў запар у маiх снах з`яўлялiся падобныя да нейкiх паўмiстычных малпаў iстоты -- чорныя з ног да галавы. Яны з дзiкiм вiскам беглi да мяне, хапалi за галаву, за ногi, за рукi. Цягнулi некуды ўбок, кiдалi пад ногi ўжо абсалютна рэальным, у камуфляжы, "спецназаўцам", якiя чамусьцi не толькi мелi адгазнiкi на тварах, але з галавы да ног былi абвешаныя зброяй. Яны каванымi ботамi пачыналi люта бiць мяне ў твар. Я пачынаў захлынацца крывёю i... прачынаўся. А прачнуўшыся, пачынаў цямiць, што гэта быў зусiм не сон. Гэта была праўда. Гэта мая зрокавая памяць "зняла" фiльм. Бо фiльма, якi тае самае начы здымаўся рэальнай вiдэакамерай (магчыма, не адной), людзi не ўбачылi. Насуперак абяцанням А.Лукашэнкi... Напэўна, цяпер мне i не надта хацелася б, каб яго бачылi. Бо не хочацца губляць надзеi, што нехта пакаецца. А тым, хто пакаяўся, я асабiста па-хрысцiянску дараваў бы. Дараваў бы за тое, што было зроблена ўначы з 11 на 12 красавiка асабiста са мною. Дараваць жа альбо не дараваць за тое, што адбывалася пасля, нi мне, нi тым, хто тады быў побач, вiдаць, не дадзена... *** P.S. Калi мае паказаннi, дадзеныя следчаму Я.Я.Бролiшсу па факце справы, узбуджанай Пракуратурай Рэспублiкi Беларусь 12 красавiка 1995 г., недзе згубiлiся, яна можа разглядаць гэты матэрыял у якасцi маiх паўторных паказанняў. Хаця б калi-небудзь у будучынi. фото IREX/Promedia
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|