Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
IUF спыняе кантакты з дзяржпрафсаюзамі 13:32, 14/04/2003
Прыпыненае сяброўства Беларускага прафсаюзу работнікаў аграпрамысловага комплексу (АПК) у Міжнародным зьвязе работнікаў харчовай і тытунёвай прамысловасьці, сельскай гаспадаркі і гатэлевага абслугоўваньня, грамадзкага харчаваньня і сумежных галінаў (IUF). Такое рашэньне прыняў выканкам IUF на сваім паседжаньні, якое прайшло ў Жэневе 9-10 красавіка. Пра гэта БелаПАН паведаміў чалец выканкаму IUF, былы лідэр прафсаюзу работнікаў АПК, а зараз -- прэзыдэнт Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук, які прысутнічаў на паседжаньні. Паводле яго, прынятае рашэньне азначае поўнае спыненьне кантактаў IUF ня толькі з прафсаюзам работнікаў АПК, але і з Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі, у склад якой ён уваходзіць.
IUF – буйнейшае ў сьвеце прафсаюзнае галіновае аб’яднаньне, створанае больш за сто гадоў таму, якое аб’ядноўвае 340 галіновых арганізацыяў з 126 краінаў сьвету. Беларускі прафсаюз работнікаў АПК быў прыняты ў гэтую арганізацыю на кангрэсе IUF у траўні 2001 году. Тады яго ачольваў Аляксандар Ярашук. Паводле Ярашука, рашэньне аб прыпыненьні сяброўства матывавалася сытуацыяй у беларускім прафсаюзным руху, якая рэзка зьмянілася пасьля зьмены восеньню 2002 году кіраўніцтва Федэрацыі прафсаюзаў. На думку выканкаму IUF, цяперашняя федэрацыя цалкам залежная ад ураду. Яе дзейнасьць не адпавядае прынцыпам і духу прафсаюзаў, а новы лідэр ФПБ Леанід Козік уцягвае прафсаюзы ў вялікую палітыку. Як патлумачыў А.Ярашук, рашэньне аб выключэньні прафсаюза з складу IUF, згодна статуту гэтай арганізацыі, можа прымаць толькі кангрэс. Чарговы кангрэс пройдзе ў 2007 годзе. Калі да таго часу сытуацыя ў Беларусі ня зьменіцца, прафсаюз работнікаў АПК будзе выключаны з IUF. Зрэшты, як сказаў Ярашук, “мы ўсе верым, што к 2007 году перамены павінны адбыцца, і ў такім выпадку рашэньне аб прыпыненьні сяброўства будзе проста перагледжана”.