Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Пэнсію застрахуюць ад нявыплаты 11:15, 14/04/2003, Алесь Хмяльніцкі, Радыё Рацыя
Заробак "у капэртах" атрымліваць стане нявыгадна. Такія наступствы выкліча новая сістэма пэнсійнага страхаваньня, якую ўкараняюць на Беларусі. Дзяржава знайшла спосаб, якім можна супрацьстаяць выдачы заробку ў абыход касы, як тое рабілі ў многіх прыватных фірмах.
Новая сыстэма пэрсаніфікаванага ўліку як частка сістэмы пэнсійнага страхаваньня пашыраецца на Беларусі. Кожны працадаўца падае ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва зьвесткі пра наёмных работнікаў. Кожны працаўнік атрымлівае картку - страхавое пасьведчаньне - з адмысловым нумарам свайго страхавога рахунку. На гэты рахунак наймальнік штомесяц пералічвае сродкі - у залежнасьці ад велічыні выплачанага заробку. Ад сумы ды часу, калі працаўнік быў застрахаваны, пазьней будзе залежыць памер ягонай пэнсіі. Індывідуальныя прадпрымальнікі самі пералічваюць грошы ў суме 36% ад бюджэту пражыткавага мінімуму.
Такім чынам, дзяржава адразу вырашыла некалькі важных пытаньняў: акумуляцыя сродкаў на рахунках Фонду сацыяльнай абароны, зь якіх выплачваюць пэнсіі, зацікаўленьне працаўніка ў легалізацыі ўсіх ягоных даходаў, а таксама барацьба з выдачаю заробку "ў капэртах". Апошняе практыкуюць у камэрцыйных фірмах, дзе ў ведамасьцях на выдачу заробку пазначаныя мінімальныя сумы, ніжэй за якія плаціць не дазваляе заканадаўства краіны, а насамрэч працаўніку выдаюць больш. Мэта такой двайной бухгальтэрыі - пазьбяганьне падаткаабкладаньня сумаў, якія накіроўваюцца на выплату заробку.
Сыстэмаю пэрсаніфікавага ўліку цяпер ахопленыя больш як 85% працоўнага насельніцтва краіны. За другі-трэці квартал бягучага году карткі з асабістым страхавым нумарам атрымаюць усе працаўнікі. Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва ў гэтай сувязі атрымае вышэйшы статус і большыя паўнамоцтвы. З наступнага году яму мяркуюць цалкам перадаць функцыі налічэньня ды выплаты пэнсій.
Пакуль жа Фонд мае праблемы са зборам грошай на выплату пэнсіяў. Штомесячная патрэба фонду складае 240 млрд. рублёў. Пазыка прадпрыемстваў дый арганізацыяў перад Фондам штомесяц павялічваецца й складае на сёньня амаль 70% ад гэтай сумы. Кіраўнік Фонду сацыяльнай абароны Леанід Пісарчык цьвердзіць, што гэтая недысцыплінаванасьць не адбіваецца на своечасовасьці выплаты пэнсій 2,5 мільёнам беларускіх пэнсіянэраў. Самымі злоснымі неплацельшчыкамі выступаюць прадпрыемствы сельскай гаспадаркі - яны ў пераважнай колькасьці ня маюць грошай нават на выплату невялікіх заробкаў, ня тое што на разьлікі зь бюджэтам ды фондам. Выправіць становішча Фонд разьлічвае з дапамогай прадпрымальнікаў. Нядаўна з ухвалы дэпутатаў Нацыянальнага сходу набыў моц дэкрэт А.Лукашэнкі №3, які ўводзіць страхавыя пэнсійныя выплаты для індывідуальных прадпрымальнікаў ды іхных наёмных працаўнікоў. Штомесяц Фонд разьлічвае на паступленьне 50 млрд. рублёў з прадпрымальніцкага асяродзьдзя.