Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Ірацкія дыпляматы ў Менску чакаюць загадаў з Багдаду 11:06, 14/04/2003
Усе супрацоўнікі ірацкай амбасады ў Менску фармальна працягваюць працу ў ранейшым рэжыме й чакаюць распараджэньняў з Багдаду. Міністэрства замежных справаў Беларусі працягвае лічыць іх дыпляматамі, якія прадстаўляюць ірацкую дзяржаву. Але няма ніякай упэўненасьці, што новы ўрад Іраку захоча пакідаць у Беларусі сваю амбасаду.
Амбасадар Іраку ў Рэспубліцы Беларусь Салман Зэйдан, які раней часта сустракаўся з прадстаўнікамі беларускіх уладаў, актыўна выступаў у дзяржаўных СМІ, праводзіў прэс-канфэрэнцыі, пасьля падзеньня рэжыму Садама Хусэйна зьнік з публічнага жыцьця. Хаця ён застаецца ў Менску, як і іншыя супрацоўнікі амбасады, - паведаміў Радыё Свабода ірацкі дыплямат.
Дзе знаходзіцца іх багдадзкае кіраўніцтва ў амбасадзе ня ведаюць, ніякай сувязі зь ім няма. Ня маюць ірацкія дыпляматы ніякіх кантактаў з сваімі роднымі. Супрацоўнікі амбасады ў Менску кажуць, што застаюцца дыпляматамі, і што сродкі на далейшае знаходжаньне ў Менску ёсьць.
Ірацкія дыпляматы могуць пасьля сканчэньня сваіх паўнамоцтваў вярнуцца ў Ірак, а могуць і застацца ў Беларусі, лічыць вядомы беларускі дыплямат, міжнародны каардынатар грамадзянскае ініцыятывы Хартыя’97 Андрэй Саньнікаў. Такім чынам, дзейнічаў, напрыклад, былы амбасадар Югаславіі ў Маскве. Брат Слабадана Мілошавіча, які застаўся ў Расеі і займаецца бізнэсам.
Беларускі ўрад будзе вымушаны прызнаць новае кіраўніцтва, але сумнеўна, што гэта новае кіраўніцтва пажадае разьвіваць цесныя адносіны зь Беларусьсю, кажа Андрэй Саньнікаў:
-- Гэта будзе таксама вырашаць новы ўрад Іраку. І я лічу, што тыя краіны, якія дапамагалі й імкнуліся дапамагчы дыктатуры Іраку, не народу, а менавіта дыктатуры, я ня думаю, што яны будуць у першых шэрагах тых, каму адчыняць дзьверы ў Іраку. А беларускія ўлады, гэта відавочна, дапамагалі дыктатуры, і мы ведаем, што дапамагалі ў тым ліку і ваеннымі праграмамі.
Андрэй Саньнікаў упэўнены, што Беларусь ня будзе прыярытэтам замежнай палітыкі новага ірацкага ўраду – праз памылковую палітыку афіцыйнага Менску. Таму нельга сказаць, ці застанецца ў будучым ірацкая амбасада, хаця добрыя стасункі з новым Іракам маглі стаць карыснымі для Беларусі.