Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларусь выставіла новы рахунак за «саюз» 11:01, 14/04/2003, Яўген Калюкоў, Газета.ru
У Расеі зьявілася магчымасьць вырашыць галоўную праблему на шляху стварэньня расейска-беларускага грашовага «саюзу». Калі Расея хоча друкаваць агульныя грошы ў адзіночку, то гэтае права, аказваецца, ёй могуць проста прадаць.
Да гэтага часу “саюзьнікі” ніяк не маглі дамовіцца, хто, дзе і на якіх умовах будзе друкаваць грашовыя знакі і ўвогуле кіраваць грашовай масай аб’яднанай дзяржавы. Расейскія ўлады настойвалі, што калі агульнай валютай становіцца расейскі рубель, то і ўсе зьвязаныя зь ім пытаньні павінен вырашаць расейскі ЦБ. У Беларусі таксама адзначалі тое, што калі расейскі рубель становіцца валютаю дзьвюх краінаў, то і вырашаць усе пытаньні расейскі ЦБ і беларускі Нацбанк павінны разам.
Максымум, ад чаго пагаджаліся адмовіцца беларусы, -- ад самастойнай эмісіі наяўнасьці. І тое напалову: адзіны эмісійны цэнтар меркавалася стварыць у выглядзе структуры, якая будзе ўключаць у сябе расейскі Цэнтрабанк, беларускі Нацбанк і Межбанкаўскую валютную раду. Выпрацоўка адзінай грашова-крэдытнай палітыкі для такога эмісійнага цэнтру, паводле кіраўніка беларускага Нацбанка Пятра Пракаповіча, магла б адбывацца пры ўдзеле ўрадаў і прэзыдэнтаў дзьвюх краінаў. Правы ж на правядзеньне безнаяўных эмісіяў, самастойная выдача крэдытаў, а таксама апэрацыяў па куплі-продажу валюты й дзяржаўных каштоўных папераў беларускія ўлады разьлічвалі пакінуць за Нацбанкам.
Сёньня стала вядома, што беларусы гатовыя пайсьці на саступкі, але калі ім за іх добра заплоцяць. Паводле Пятра Пракаповіча, Расея “павінна кампэнсаваць Беларусі чаканыя страты, калі адмаўляе ёй у праве на эмісію агульнай валюты”.
Менавіта пра якія страты Беларусі ідзе размова, Пракаповіч не патлумачыў, затое дакладна назваў суму кампэнсацыяў.
Паводле яго, размова пойдзе аб выдачы Нацбанку “тэхнічнага крэдыту” агульным аб’ёмам у $135-150 млн. Нагадаем, паводле ўмоваў раней заключаных пагадненьняў расейскі Цэнтрабанк ужо забавязаўся выдаць Нацбанку для стабілізацыі курса беларускага рубля два крэдыты -- у $200 млн. і 4,5 млрд. руб. (яшчэ $150 млн.). Прычым пра тэрміны і ўмовы вяртаньня гэтых кэдытаў нічога не гаварылася.
Пра якія страты Беларусі праз увядзеньне адзінай валюты ідзе гаворка, не зусім зразумела. Калі Беларусь пакідае ўсе правы эмісійнага цэнтру расейскаму Цэнтрабанку, то яна можа нямала сэканоміць на друку банкнотаў. Дзяржзнаку, паводле неафіцыйнай інфармацыі, выраб адной банкноты абыходзіцца ў 2-3 рублі. Пасьля аб’яднаньня валютаў Дзяржзнаку і ЦБ прыдзецца забясьпечыць наяўнымі грашыма 10 млн. беларусаў. Здавалася б, Нацбанк эканоміць дзясяткі мільёнў даляраў.
Тым не менш Пётар Пракаповіч намякнуў, што калі Расея не пагодзіцца аплаціць, то прызначанае на 1 студзеня 2005 году ўвядзеньне адзінай валюты можа і не адбыцца.
Па сутнасьці, Расеі прапануюць заплаціць за чарговы крок па шляху аб’яднаньня, у той час як больш за ўсё выгадаў ад увядзеньня адзінай валюты, на думку расейскіх экспэртаў, атрымае менавіта Беларусь. Паводле міністра фінансаў Аляксея Кудрына, пасьля ўвядзеньня адзінай валюты “вялікая нагрузка ляжа на расейскі бок, бо паказьнікі эканамічнага разьвіцьця Расеі ў некалькі разоў пераўзыходзяць беларускія”. Аб’яднаны рубель будзе падтрымлівацца выключна золатавалютнымі рэзрвамі Расеі, якія у 104 разы пераўзыхозяць беларускія, а Беларусь з свайго боку “падтрымае” яго толькі сваёй 30-адсоткавай інфляцыяй.