Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Шапікі пакінуць у спакоі. Да пэўнага часу 10:51, 15/04/2003, Юія Шарова, «Белорусские новости»
Камэрцыйныя шапікі на менскіх вуліцах пакуль зносіць ня будуць. Ва ўсялякім выпадку, вялікая гарантыя таго, што менавіта такое рашэньне прыме працоўная група, якая займаецца гэтай праблемаю. У Менгарвыканкаме абяцаюць, што канчатковы вэрдыкт будзе вынесены на наступным тыдні, пасьля чарговага паседжаньня працоўнае групы. Па ўсёй верагоднасьці, у сталічнай мэрыі ня бачаць іншага спосаба разабрацца з праблемаю, акрамя як пакінуць гаспадароў шапікаў у спакоі да пэўнага часу.
Так, начальнік кіраваньня прадпрымальніцтва Менгарвыканкаму Аляксандар Каліноўскі ў размове з аўтарам гэтых радкоў сказаў, што “некаторыя абнадзейваючыя варыянты” рашэньня праблемы ёсьць. Што гэта за варыянты, і хто такія ідэі выказваў, ён не ўдакладніў. Аднак, як заявілі “Белорусским новостям” у Беларускім зьвязе прадпрымальнікаў, шэраг кіраваньняў і службаў горада ўскосна выказваюцца за захаваньне шапікаў. Так, падаткавікі занепакоеныя непазьбежным скарачэньнем паступленьняў у бюджэт сталіцы да паўмільёна эўра штомесяц.
Але самая галоўная прычына для таго, каб даць уладальнікам шапікаў пажыць яшчэ трошкі, тое, што ў нас няма пакуль рэальнай альтэрнатывы дробнарозьнічнаму гандлю. Пляны набудаваць у Менску каля дзясяткаў гіпермаркетаў і адправіць гандляроў працаваць туды не выконваецца. Хіба дастаткова было для гэтага ўсяго паўтары гады? Вядома, не, асабліва ва ўмовах жорсткага інвэстыцыйнага беларускага клімату. Нягледзячы на гэта, сталічныя ўлады ўзялі на сябе такія падвышаныя абавязкі і пры гэтым не падумалі ні пра рэальнасьць іх выкананьня, ні пра інтарэсы людзей, якія працуюць ў сыстэме дробнарозьнічнага гандлю, ні тым болей аб спажыўцах.
У Менску засталося каля двух тысячаў шапікаў. Кожная такая гандлёвая кропка забясьпечвае працай, па меншай меры, 2-3 чалавека. Палічыце, колькі беспрацоўных зьявіцца, калі шапікі зьнікнуць. Дый купляніцкая здольнасьць насельніцтва яшчэ не такая высокая, каб затаварвацца ў гіпермаркетах. Ня варта чакаць, што тавары там будуць нашмат таньней, чым у шапіках. Як гэта прадказваюць прыхільнікі “гіпермаркетызацыі”. Бо імпартныя жуйкі і шакаладкі трапляюць у шапікі і ў буйныя крамы рознымі шляхамі, і адпаведна розныя зь іх плоцяцца мытныя пошліны.
Так што сэнс не прыбіраць пакуль шапікі са сталічных вуліцаў усё ж такі ёсьць. Самі гаспадары шапікаў прызнаюцца, што ім на словах ужо паабяцалі адсунуць тэрмін ліквідацыі прыкладна да канца году. Можа, да таго часу хоць адзін гіпермаркет у Менску дый адчынецца...