Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Невядомымі абрабаваны офіс баранавіцкай грамадзкай арганізацыі “Варута”, разьмешчанай у адным з будынкаў і на адным паверху зь міліцэйскім пастарункам міліцыі гарадзкога аддзелу ўнутраных справаў.
З заяваю аб крадзяжы зьвярнуўся кіраўнік аб’яднанья Ігар Цішкевіч. Ён паведаміў, што зь вечара 12 красавіка па раніцу 13 красавіка невядомыя сьпілавалі замок у памяшканьні офісу, выкралі камплектавыя дэталі да кампутараў на суму 1 мільён 230 тысячаў рублёў.
Як патлумачыў у інтэрвію БелаПАН Ігар Цішкевіч, офіс арганізацыі не здаваўся пад ахову, бо знаходзіўся ў тым самым будынку, дзе і міліцэйскі пастарунак. “Ні мы, ні сьледзтва не выключаем пакуль ні адну зь мяркуемых вэрсіяў крадзяжу”, -- сказаў Ігар Цішкевіч. Паводле яго, у офісе засталося нямала каштоўнай тэхнікі -- факсы, рызограф, дарагі кампутар; не зьніклі й дакумэнты.
Паводле факту крадзяжу распачатая крымінальная справа паводле арт.205 ч.1 Крымінальнага кодэксу (крадзеж).
У Баранавіцкім рэгіёне аб’яднаньне “Варута” выконвае функцыі рэсурснага цэнтру і аказвае тэхнічную і кансультацыйную дапамогу мясцовым грамадзкім арганізацыям.