Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
ЗША заклікаюць ААН зьвярнуць увагу на рэжым Лукашэнкі 13:08, 16/04/2003
З жорсткай крытыкай палітыкі беларускага кіраўніцтва выступіла галава амэрыканскай дэлегацыі Джын Кірпатрык на 59-ай сэсіі Камісіі ААН па правох чалавека ў Жэневе. «...Беларусь вядомая як адзіная эўрапейская краіна, якая так і не разьвіталася з спадчынай таталітарызму, што панаваў шмат гадоў у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе. Дадзены факт зьяўляецца ганебным для ўсіх нацыяў, якія парвалі з сваім сумным мінулым і адданых справе дэмакратыі й рэпрэзэнтатыўнаму прынцыпу дзяржаўнага ўладкаваньня. Камісія не павінна пакідаць гэтага без увагі. Ёй варта заклікаць урад Лукашэнкі даць справаздачу перад гэтай сэсіяй. Мы будзем і надалей падтрымліваць адважны беларускі народ, які спрабуе скінуць зь сябе гэты рэжым-монстар», --заявіла Джын Кірпатрык. Прапануем Вашай увазе поўны тэкст выступу кіраўніка дэлегацыі ЗША, датычны Беларусі:
“У Беларусі рэжым Лукашэнкі працягвае зьняважаць правы чалавека ў розных сфэрах жыццья. Рэжым учыняе жорсткія захады для нэйтралізацыі палітычных апанентаў. Спэцслужбы зьбіваюць і перасьледуюць палітычных апанентаў, прафсаюзных дзеячоў і затрыманых. Агенты ўважліва назіраюць за працаю праваабарончых арганізацыяў і ўсялякім чынам замінаюць іх дзейнасьці. Улады не рабілі сур’ёзных спробаў расьсьледаваць выпадкі зьнікненьня вядомых апазыцыйных дзеячоў. Яны таксама не надаюць значэньня інфармацыі з дакладных крыніцаў аб тым, што ў шэрагу выкраданьняў былі задзейнічаныя прадстаўнікі кіраўніцтва краіны.
Урад Беларусі больш чым калі-небудзь абмяжоўвае свабоду слова, СМІ, мірных сходаў і шэсьцяў, правы рабочых і свабоду вераспавяданьня. Рэжым узмацніў ціск на незалежныя СМІ і асудзіў журналістаў да зьняволеньня па абвінавачваньні ў паклёпе на прэзыдэнта і закрыў некалькі пэрыядычных выданьняў. Ён таксама спыніў спробы Федэрацыі прафсаюзаў стаць незалежнай арганізацыяй. Згодна новаму закону аб рэлігіі, права чалавека на вераспавяданьне сур’ёзна прыціскаецца.
Беларусь вядомая як адзіная эўрапейская краіна, якая так і не разьвіталася з спадчынай таталітарызму, што панаваў шмат гадоў у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе. Дадзены факт зьяўляецца ганебным для усіх нацыяў, якія парвалі з сваім сумным мінулым і адданых справе дэмакратыі й рэпрэзэнтатыўнаму прынцыпу дзяржаўнага ўладкаваньня. Камісія не павінна пакідаць гэтага без увагі. Ёй варта заклікаць урад Лукашэнкі даць справаздачу перад гэтай сэсіяй. Мы будзем і надалей падтрымліваць адважны беларускі народ, які спрабуе скінуць зь сябе гэты рэжым-монстар”.