Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Тэлеканал «Россия» будзе вяшчаць у Беларусі за свой кошт 13:56, 17/04/2003, Regions.ru
На пачатку красавіка міністэрствы друку Беларусі й Расеі падпісалі дамову аб адзінай інфармацыйнай прасторы, у адпаведнасьці зь якой канал “Россия” будзе выходзіць у этыр “брацкай” дзяржавы за кошт уласных сродкаў.
Распад Савецкага Саюзу пацягнуў за сабой разбурэньне адзінай інфармацыйнай прасторы. Нярэдка палітыка былых савецкіх рэспублік сыходзіць выключна да абмежаваньня й забароны расейскага інфармацыйнага прадукту. У сувязі з гэтым расейскамоўная аўдыторыя за мяжой застаецца без аб’ектыўнай інфармацыі з Расеі. Насельніцтва вымушанае прымаць расейскія тэлевізійныя й радыёпраграмы праз спадарожнікавыя антэны ці па кабелю, што не заўсёды адпавядае закону. Міністэрства друку пакуль пагаджаецца і на такі варыянт.
Нават у “брацкай” Беларусі ў канцы студзеня ставілася пытаньне аб скарачэньні вяшчаньня расейскіх тэле- і радыёканалаў. Міністар друку Беларусі Міхаіл Падгайны заявіў, што рэтрансьляцыя “России” і “Культуры” ажыцьцяўлялася за кошт мясцовага бюджэту. І так працягвацца ня можа. На частотах расейскіх каналаў павінен быў зьявіцца нацыянальны канал “Спадчына”. Аднак ужо ў лютым сытуацыю ўдалося ўрэгуляваць: прадстаўнікі беларускай нацыянальнай тэлевізіі, кіраўніцтва Рэспубліканскага радыётэлевізійнага цэнтру і ВГТРК дасягнулі дамоўленасьці па ўсіх прынцыповых пытаньнях. Было прынятае рашэньне аб “пашырэньні часу вяшчаньня тэлеканалу “Россия” да дваццаці гадзінаў у суткі, а таксама аб прыёме на тэрыторыі рэспублікі ў поўным аб’ёме праграмаў “Радио России" і "Маяка".
Варта адзначыць, што расейскія ўлады сур’ёзна занепакоіліся інфармацыйнай праблемаю, і сёньня можна ўпэўнена казаць, што інфармаваньне расейскамоўнай аўдыторыі ў СНД становіцца прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі Расеі.
На пачатку гэтага году "Голос России" і Нацыянальная радыёкампанія Ўкраіны таксама падпісалі пагадненьне аб супрацоўніцтве ў сфэры радыёвяшчаньня. У час нефармальнага саміту кіраўнікоў СНД у Кіеве, які адбыўся ў канцы студзеня 2003 году, міністар друку РФ Міхаіл Лесін правёў перамовы аб магчымым заснаваньні на Ўкраіне расейскага інфармацыйнага цэнтру, які будзе распаўсюджваць інфармацыю аб Расеі. Аналягічныя дамоўленасьці дасягнутыя і з іншымі краінамі. Пасьля падпісаньня 23 лютага ў Маскве чатырма прэзыдэнтамі СНД дэклярацыі аб адзінай эканамічнай прасторы, такія міжнацыянальныя цэнтры плянуецца стварыць у Казахстане й Беларусі.
З свайго боку, дзяржаўная тэлевізія гатовая абараняць нацыянальныя інтарэсы за кошт уласных сродкаў. Выкарыстоўваючы выключна ўнутраныя рэзэрвы, холдынг ВГТРК стварыў расейскі спадарожнікавы канал для суайчыньнікаў "РТР-Планета". Яго праграма складаецца з перадачаў "России" і "Культуры", а таксама расейскай вэрсіі "Еўраньюс". Вялікай папулярнасьцю канал карыстаецца ў краінах СНД і Балтыі, а таксама ва Ўсходняй Эўропе. "РТР-Планета" стала даступная ў ЗША і хутка зьявіцца ў аўстралійскім этыры.