Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Шматдзетную маці звольнілі за ўдзел у Народным маршы 10:54, 18/04/2003
Намесьніка старшыні Менскай абласной арганізацыі шматдзетных бацькоў Тэрэзу Ласоўскую звольнілі за ўдзел у Народным маршы “За лепшае жыцьцё!”. Кіраўніцтва арганізацыі паведаміла ёй, што яна звольненая за палітычныя погляды.
Тэрэза Ласоўская мае чатырох дзяцей. Старэйшаму сыну 16 гадоў, малодшаму -- 4. Яна некалькі гадоў працавала ў арганізацыі “Зямля. Лёс. Дзеці”, а пасьля займала пасаду намесьніка старшыні арганізацыі абласной арганізацыі ў Асацыяцыі шматдзетных бацькоў. Дапамагала шматдзетным сем’ям у Менскай вобласьці.
Пасьля таго, як у пачатку сакавіка газэта “Народная воля” надрукавала артыкул пра побыт шматдзетных сем’яў і пра тое, што Тэрэза Ласоўская падтрымлівае марш “За лепшае жыццьё!”, кіраўнік арганізацыі Тацяна Краўчанка папярэдзіла яе, каб тая не выносіла на старонкі газэты праблемы шматдзетных бацькоў. Нягледзячы на гэта, Тэрэза Ласоўская і яшчэ некалькі бацькоў разам з сваімі дзецьмі прынялі ўдзел у апазыцыйнай акцыі. Гэта мела благія наступствы -- Тэрэзу звольнілі з арганізацыі.
Сям’я Тэрэзы жыве ў аднапакаёвай кватэры і чакае ад выканкаму больш-менш годнага жыльля. Зараз Тэрэза засталася без заробку і без працы, дзе яна адчувала сябе патрэбнай. Калі яна даведалася пра гэта, ёй стала блага. Дзеці нават выклікалі “хуткую дапамогу”. Дактары канстатавалі падвышаны ціск. Бацькі, зь якімі яна працавала, спачуваюць ёй і раяць зарэгістраваць новую арганізацыю. Але Тэрэза не спадзяецца, што ўлады зарэгіструюць арганізацыю нязручных ёй бацькоў.