Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Людзі могуць застацца без абаронцаў у судзе 11:37, 21/04/2003, Генадзь Кесьнер, Радыё Рацыя
Аляксандар Лукашэнка сваім указам № 13 ад 15 красавіка бягучага году практычна забараніў прадстаўнікам грамадзкіх аб`яднаньняў прадстаўляць інтарэсы грамадзян у судах. Пасьля 25 красавіка, калі дэкрэт павінен уступіць у сілу, вялікая колькасьць людзей, асабліва тых, хто "праходзіць" па адміністратыўных справах, у тым ліку й за ўдзел у акцыях апазыцыі, могуць увогуле пазбавіцца магчымасьці атрымаць юрыдычную абарону.
15 красавіка Аляксандар Лукашэнка падпісаў дэкрэт № 13, паводле якога прадстаўнікам грамадзкіх арганізацыяў забараняецца прадстаўляць інтарэсы людзей у судах. Гэта значыць, што вялікая колькасьць нашых суграмадзян ня зможа знайсьці сабе незалежнага прадстаўніка-абаронцу, а будзе змушана карыстацца паслугамі адвакатаў, бальшыня зь якіх пачуваюцца поўнасьцю залежнымі ад дзяржавы й таму ня могуць быць цалкам аб`ектыўнымі.
У сваім выступе перад дэпутатамі Нацыянальнага сходу Лукашэнка сказаў, што такія грамадзкія абаронцы "падрываюць інстытут адвакатуры" ў Беларусі.
Пра наступствы прыняцьця 13-га дэкрэту гаворыць прэсавы сакратар Беларускага Хэльсінскага камітэту Зьміцер Маркушэўскі.
-- Па сутнасьці, гэты дэкрэт накіраваны на абмежаваньне дзейнасьці праваабарончых арганізацыяў, бо менавіта яны ўтрымліваюць у сваіх статутах права прадстаўляць і абараняць інтарэсы грамадзян у судзе. Адвакаты ня ўдзельнічаюць ці мала ўдзельнічаюць у грамадзянскіх ці адміністратыўных справах, і таму праваабаронцы, каб не пазбавіць грамадзян права зьвяртацца ў суд, зьвяртаюцца па судовую абарону, бяруць удзел у гэтых працэсах і за год удзельнічаюць, прыблізна, у 500 працэсах, што складае каля 1/10 ад усіх грамадзянскіх і адміністратыўных справаў. Таму казаць, што праваабаронцы замінаюць адвакатам ці падрываюць інстытут адвакатуры, нельга. Насамрэч, адвакаты ня ўдзельнічаюць у грамадзянскіх і адміністратыўных працэсах таму, што гэтыя працэсы часта зьвязаныя з інтарэсамі дзяржаўных чыноўнікаў, ці гэта палітычныя працэсы. Таму грамадзяне застаюцца проста без абароны, без прававой дапамогі, калі ў гэтых справах ня змогуць удзельнічаць праваабаронцы.
На думку Зьмітра Маркушэўскага, дэкрэт № 13 у першую чаргу ўдарыць па простых людзях, бо на кваліфікаваную й незалежную падтрымку дзяржаўных адвакатаў у большасьці выпадкаў разьлічваць не даводзіцца.
-- У судзе чалавек застаецца сам на сам з усёй дзяржаўнай машынай. Без незалежнага абаронцы. Адвакат у большасьці выпадкаў будзе баяцца йсьці насуперак інтарэсам дзяржаўнага чыноўніка ці ўдзельнічаць у "палітычных" працэсах. І таму справы ўдзельнікаў дэманстрацыяў, справы аб зьнявазе гонару й годнасьці прэзыдэнта, якія сталі зараз моднымі, будуць вельмі складанымі для людзей, і яны, па-першае, ня змогуць юрыдычна граматна абараняцца, і, па-другое, зусім будуць без абароны ў працэсе.