Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Мама Тэрэза ў лякарні 15:04, 22/04/2003, Людміла Гразнова, каардынатар Хартыі’97 па правох чалавека
Кожную раніцу Тэрэза Ласоўская, маладая моцная жанчына будзіць сваіх чацьвярох дзяцей Марыну, Алесю, Стасіка і Яну, корміць іх і зьбірае ў школу і садок. Гатуе смачныя і танныя салаты з буракоў, капусты і морквы, варыць аўсяную кашу зь мясной костачкай і кладзе ў школьныя сумкі бутэрброды. Праводзіць дзяцей, прыбірае адзіны пакой, у якім жывуць, акрамя дзяцей, двое дарослых і сабака. Двух’ярусныя ложкі засьцілае белымі прастынямі, выцірае мокрай анучай ўсе паверхні, дзе можа апынуцца пыл. Пасьля прыборкі бяжыць у краму ці на рынак, гатуе абед, рамантуе адзеньне, сустракае дзяцей, дапамагае ім зрабіць урокі. Шчасьлівая, калі дзеці здаровыя, але не апускае рук, калі яны пачынаюць хварэць адзін за адным.
Тэрэза ўвесь час лічыць грошы. Як набыць прадукты пасытней, як з адной куры пракарміць сям’ю некалькі дзён, як даць грошы на сьняданкі і як заплаціць за кватэру. Пра іншыя выдаткі, напрыклад, на адзеньне, ня можа быць і размовы. Усё, што носяць дзеці, не набытае, а з гуманітарнай дапамогі.
У канцы зімы Тэрэзе і яе сям’і стала жыць невыносна. Пасьля рэзкага росту камунальных плацяжоў давялося выбіраць – або плаціць за кватэру, або набываць прадукты, неістотна, што кватэра аднапакаёвая, разьлік ідзе на шэсьць прапісаных у ёй чалавек. І сума набягае такая ўнушальная, што шматдзетная сям’я ня здольная плаціць нават за аднапакаёвую. Тэрэза вырашыла змагацца за свае правы. Калі дачулася пра Народны марш “За лепшае жыцьцё”, яна са сваімі сяброўкамі, такімі ж шматдзетнымі мамамі, прыйшла ў аргкамітэт маршу і сказала, што гатовая падтрымаць акцыю.
Граматная, па спэцыяльнасьці “сацыяльны работнік”, яна арганізавала вакол сябе больш за сто пяцьдзясят шматдзетных бацькоў Менскай вобласьці, яна выступіла на маршы перад тысячамі мітынгоўцаў. Сказала пра тое, як сёньня цяжка шматдзетным сем’ям, як цяжка даць дзіцёнку грошы нават на сьняданак і пры гэтым абсалютна немагчыма дадаць некалькі соцен на будаўніцтва бібліятэкі, як патрабуюць ад кожнага школьніка.
Нічога супарцьзаконнага і нават палітычнага Тэрэза на мітынгу не казала. Але за свае словы яна заплаціла. Нейкім чынам старшыня Асацыяцыі шматдзетных бацькоў спадарыня Краўчанка, дзе Тэрэза працавала намесьніцай, паведаміла, што з Асацыяцыі яна выключаная. Тэрэза ня толькі пазбавілася невялікага заробку, але і доступу да гуманітарнай дапамогі. Паўтары сотні сям’яў засталіся без яе патранажу і апекі.
Пасьля такой навіны Тэрэза расстроілася. Падняўся ціск, пацямнела ў вачох, і праз пяць дзён апынулася яна ў лякарні “Хуткай дапамогі” з мікраінсультам. Думала, што перажыве ўдар і справіцца з непрыемнасьцю. Але арганізм не вытрымаў. Лопнулі ссудзіны ў мазгох, анямелі пальцы рук і патыліцы, перакасіўся твар. Нясьцерпна забалела галава. Добра, што дайшла да паліклінікі, і там, распазналі крытычны стан і тэрмінова адвезьлі ў лякарню.
Па раніцох Алесю, Стасіка і Яну будзіць старэйшая Марына. Мама Тэрэза ляжыць у палаце лякарні пад капельніцай і моліць Бога, каб больш нічога страшнага зь ёй не здарылася. Дзеці і муж спадзяюцца, як ім абяцалі дактары, што маму паставяць на ногі.
Тое, што здарылася з Тэрэзай, не выпадковасьць. Улада, баючыся пашырэньня масавага пратэсту, дабралася і да Асацыяцыі шмадзетных бацькоў. Яе старшыня насуперак статуту выканала тое, што сказалі зьверху. Калі добрыя людзі не дапамогуць Тэрэзе, яе сям’я і тыя шматдзетныя сем’і, якія ёй вераць, пазбавяцца надзеі на перамены. Калі вы супраць нахабнай улады, то можаце, хто чым можа, дапамагчы Тэрэзе.
Грамадзянская ініцыятыва “Хартыя’97” зьвяртаецца да ўсіх людзей добрай волі з просьбай дапамагчы Тэрэзе Ласоўскай і яе сям’і. Тэлефон: (+375-17) 201-75-49.