|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Капец 14:49, 22/04/2003
Потеряем учителя – капец, будем ходить пьяные и дурные. Аляксандар Лукашэнка Бывае які-небудзь дзеяч скажа відавочную лухту, а пасьля, праз гады, высьвятляецца, што гэта была чыстая праўда. Ці, кажучы высокім слогам, -- ісьціна. Прагноз Аляксандра Лукашэнкі пра будучыню дзяржавы, выказаны ў далёкім 1996 годзе, збыўся, -- настаўніка мы страцілі. А таму насельніцтва ходзіць па вуліцах п’янае, а кіраўніцтва краіны – дурное. Нядаўна ў сям’і маіх знаёмых адбыўся дзіўны выпадак. Бацька сямейства перабіраў у шафе абрэзкі шпалераў, зношаны абутак і мехавыя шапкі ўзору застойных часоў і знайшоў партрэт правадыра сусьветнага пралетарыяту таварыша Леніна, бяры яго ліха. Перш чым пакласьці правадыра назад у сямейны маўзалей, ён вырашыў папярэдне сьцерці зь сьветлай галавы Дзядулі пыл. За гэтым заняткам і засталі яго дзеці 8 і 11 гадоў. Між імі адбыўся дыялёг, які прымусіў бацьку задумацца. – Гэта хто, Якуб Колас? – запытаў старэйшы. – Ты што, зусім ці што? Гэта ж Лукашэнка, – адказаў малодшы. – Які Лукашэнка? Лукашэнка без барады, – паказаў свае веды старэйшы. – Тата, гэта Лукашэнка? – не суцяшаўся палітызаваны малы. – Горш, – адказаў сумна бацька. Дзіцячая памяць не засьмечаная непаўнацэннымі пэрсанажамі. Гэта мы захоўваем у галаве, як у шафе, усялякае вецьце, зь якім не магчыма разьвітацца. Адзін знаёмы маскоўскі журналіст, які ўпершыню пабываў у Менску, з захапленьнем вымавіў: “Прикольный у вас памятник Ленину, грустный такой, и на скрипача даже не смотрит”. Гаворка ішла пра помнік Якубу Коласу, які сядзіць на плошчы ў атачэньні сваіх пэрсанажаў. Сёньня немагчыма ўявіць, што калі-небудзь краіна, нарэшце, разьвітаецца зь вар’яцкім Леніным, што нязграбна тырчыць на плошчы Незалежнасьці; злашчасным Дзяржынскім, які падглядае за намі з сквэру свайго імя; недарэчным Калініным, які займае ледзь не адзіную плошчу, самы раз для коннай статуі. Ішоў я нядаўна з старэйшай дачкою па плошчы Калініна. Яна глядзела па бакох і задавала розныя лягічныя пытаньні: “чаму дзьме вецер?”, “хто такі містэр Пуцін?”, “калі пачнецца нармалёвае жыцьцё?”. На ўсе гэтыя пытаньні лёкка знаходзіліся адказы. І раптам дзіцёнак сустрэўся з бронзавым старым, які нагадваў школьнага завхоза, і запытаў: “А гэта што яшчэ за дзядок?” Немагчыма зразумела патлумачыць дзевяцігадоваму дзіцёнку, чаму ў цэнтры Менску стаіць жалезны старшыня Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР, які санкцыянаваў рэпрэсіі 30-40-х гадоў. І, да таго ж, аддаў сваю жонку на разарваньне дыктатару, і працягваў аддана служыць душагубу пад іменем Іосіф Вісарыёнавіч Сталін. У Беларусі сёньня дастаткова арганічна пражываюць на бетонных пастамэнтах тыя, хто ў недалёкім мінулым ствараў ідэалёгію хлусьні і гвалту; ідэалёгію генацыду й здрадніцтва; ідэалёгію подласьці й грубасьці. Яны блізкія да цяперашніх кіраўнікоў, у адрозьненне ад Вітаўта і Міндаўга; Булак-Булаховіча і Касьцюшкі; Дуніна-Марцінкевіча і Каліноўскага. Але пра гэтых беларускіх герояў улада анічога ня ведае праз іх нежаданьне разьвівацца і вучыцца... А праблема заўважная няўзброеным вокам, -- мы страцілі настаўніка гісторыі. Вайна ў Іраку прадэманстравала нам, што ў краіны ёсьць праблемы ня толькі з гісторыяй, але і з паліталёгіяй. Клятвы ў вечным сяброўстве зь Мілошавічам, які перасеў з прэзыдэнцкага крэсла на лаву падсудных; непрыхваваная любоў да ірацкага людаеда Хусэйна, які злавіў на сваю галаву мегатонную бомбу; сталыя кантакты зь лібійскім ізгоям Муамарам Кадафі, -- усё гэта прадказвае вялікія непрыемнасьці. Дакумэнты аб датычнасьці беларускага прадпрыемства да рамонту садамаўскіх танкаў, знойдзеныя ў адным з ірацкіх сэйфаў войскамі хаўрусьнікаў, -- гэта ні што іншае, як “жоўтая картка”, якую паказалі Аляксандру Лукашэнку ў канцы другога тайму супрацьстаяньня з цывілізаваным сьветам. І калі Садам разам з сваімі расейскімі і арабскімі сябрамі змог дабіцца адмовы ААН ад удзелу ў ваеннай кампаніі, то Лукашэнка ўбачыў “гарчычнік” і ад гэтай міжнароднай арганізацыі, -- ААН ўпершыню прыняла рэзалюцыю па правох чалавека ў Беларусі. Гэты знамянальны факт адбыўся пасьля таго, як беларускага лідэра здалі яго “расейскія браты”, яны не пашавялілі і пальцам для правалу гэтай рэзалюцыі. Падобна на тое, мы страцілі і настаўніка па паліталёгіі. Прычым палітоляга мы страцілі і з настаўнікам па геаграфіі, які, напэўна, ня здолеў больш слухаць пра адзінства беларусаў з сваімі славянскімі братамі з Башкартастану, Якутыі і Адыгеі. Географ згубіўся не адзін, -- разам зь ім згубіўся настаўнік эканомікі, стомлены ад голаду і галечы, і настаўнік літаратуры, які зьехаў з глузду ад эрудыцыі кіраўніка дзяржавы, “выросшего на стихах Василя Быкова”. Памятаю, на пачатку “исхода учителей”, у этыры БТ прайшоў сюжэт пра дзяцінства Аляксандра Лукашэнкі. Простая шклоўская настаўніца, пяліла вочы, прыкладаючы высілкі, каб не забыць завучаны тэкст і вымавіла ў аб’ектыў камэры: “В детстве Александр Григорьевич был пытливым и любознательным мальчиком”. Гэтую настаўніцу мы страцілі. Падобна, страцілі даўно – яшчэ да таго, як яе вучань вымавіў сваю сакрамэнтальную фразу. Вы, вядома, скажаце: “Але ж вучаць нашых дзяцей настаўнікі, і ёсьць сярод іх добрыя”. Вядома, ёсьць – і ёсьць вельмі добрыя. Гэта так дакладна, як і тое, што сёньня ў склады выбарчых камісіяў уваходзяць у асноўным настаўнікі. І менавіта настаўнікі, “падмахваючы” выбарчыя пратаколы, становяцца аўтарамі жахлівых фальсыфікацыяў у страху страціць сваё працоўнае месца, якое гарантуе місу поснага супу і порцыю танных макаронаў. Мы страцілі настаўніка і гэтым самым выраклі на няграматнасьць ня толькі сябе, але і сваіх дзяцей. І неабходна ўжо сёньня зразумець, што дзякуй за гэта яны нам ня скажуць. Час задумацца над тым, які настаўнік нам патрэбны, і пачаць больш актыўна шукаць яго, калі мы самі яго і страцілі. А то, так і будзем хадзіць – п’яныя дый дурныя. nnnnn
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|