Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
«Чарнобыльскі шлях-2003»
26 красавіка, у гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС, у Менску, а таксама ў некаторых іншых рэгіёнах Беларусі пройдуць мерапрыемствы, прысьвечаныя гэтай трагічнай даце ў гісторыі нашай краіны. У Менску традыцыйная акцыя «Чарнобыльскі шлях» пройдзе пад лёзунгам «Памяць дзеля будучыні». Збор удзельнікаў акцыі -- 26 красавіка, а 16.00 на плошчы Якуба Коласа і на пляцоўцы ля Нацыянальнай акадэміі навук. Мяркуецца, што шэсьце пройдзе па праспэкту Францыска Скарыны і вуліцы Сурганава і завяршыцца «хвілінаю маўчаньня» ля ўнівэрсаму «Рыга».
Ізраільскі сайт DEBKA-Net-Weekly’s (www.debka.com) са спасылкаю на дадзеныя выведкі апублікаваў сёньня інфармацыю, што Садам Хусэйн знаходзіцца ў Беларусі. 29 сакавіка два чартарныя рэйсы, на борце якіх знаходзіўся Садам, яго сыны, іх семьі і бліжэйшыя паплечнікі, выляцелі ў Менск з міжнароднага аэрапорту Багдаду, калі войска хаўрусьнікаў з баямі набліжалася да ірацкай сталіцы. Дадзеная інфармацыя зьявілася таксама на сайце галяндзкай тэлекампаніі RTL 5 (www.rtl.nl). На наш погляд, прысутнасьць у Беларусі Хусэйна малаверагодная. Аднак нельга нічога выключаць. Аляксандар Лукашэнка публічна заяўляў пра сваю падтрымку Садама Хусэйна і высокапастаўленыя ірацкія чыноўнікі (многія зь якіх уваходзяць у вядомую амэрыканскую "калоду карт") літаральна не вылазілі зь Беларусі да самага пачатку вайны.
У ЗША няма фактаў, якія б пацьвярджалі продаж Беларусьсю зброі Іраку. Пра гэта заявіў у пятніцу Аляксандар Лукашэнка, адказваючы на пытаньні журналістаў, перадае РІА-Новости. Зь яго вуснаў прагучала літаральна наступнае: "Поверьте, мы никогда в Ирак оружие не продавали, я уверен, что и Россия оружие Ираку не продавала". Паводле Лукашэнкі, у Іраку, як паказала сытуацыя, на ўзбраеньні былі выключна старыя самалёты, танкі, сыстэмы СПА. "Если бы было наше оружие в Ираке, там бы война до сих пор не закончилась", - сказаў Лукашэнка. Ён адзначыў, што беларуска-расейскія і ўкраінскія сыстэмы ўзбраеньняў – гэта зброя пятага пакаленьня.
24 красавіка ў судзе Чыгуначнага раёну горада Віцебску прайшлі судовыя працэсы адносна ўдзельнікаў несанкцыянаванага пікету, які адбыўся ў горадзе 25 сакавіка, у дзень абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі – Дзень Волі.
Саміт пераможаных 11:41, 25/04/2003, Наталя Мелікава, Максім Глікін, «Независимая газета»
У канцы тыдня расейскаму прэзыдэнту давядзецца займацца інтэграцыйнымі праблемамі ў СНД. У суботу Ўладзімер Пуцін у Душанбэ сустрэнецца з кіраўніком Таджыкістану Эмамалі Рахмонавым. У нязделю расейскі лідэр прыме ўдзел у саміце Эўразійскай эканамічнай супольнасьці, у якую, акрамя Расеі, уваходзяць Беларусь, Казахстан, Кіргізія і Таджыкістан. У панядзелак на сустрэчы ўдзельнікаў Дамовы аб калектыўнай бясьпецы да іх далучыцца і Армэнія. Сустрэча ў Душанбэ стане вызначальнай для будучыні гэтых альянсаў: пакуль ЭўрАзЭЗ і ДКБ далёкія ад таго, каб стаць па-сапраўднаму эфэктыўнымі арганізацыямі СНД.
Генэральны сакратар Міжнароднай канфэдэрацыі свабодных прафсаюзаў Гай Райдэр накіраваў адказ на ліст старшыні Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леаніда Козіка, які ў сваім пасланьні лідэру МКСП у сакавіку высупіў з сур’ёзнай крытыкай пазыцыі канфэдэрацыі адносна сытуацыі, якая склалася ў апошні час у прафсаюзным руху Беларусі. Козік, у прыватнасьці, абвінавачваў гэтую міжнародную прафсаюзную структуру ў прадузятых адносінах да ФПБ. У адказ на гэта Гай Райдэр заявіў наступнае: “На падставе ўсіх дадзеных, якія знаходзяцца ў нашым распараджэньні, а мы пільна назіраем за сытуацыяй у Беларусі цягам многіх гадоў, мы можам толькі сказаць, што ФПБ нельга разглядаць як арганізацыю, незалежную ад ураду Беларусі. У гэтых абставінах далей ня мае сэнсу працягваць нашыя кантакты й супрацоўніцтва з кіраўніцтвам ФПБ”. Прапануем Вашай увазе тэкст адказу генэральнага сакратара МКСП цалкам.
26 красавіка ў Менск прыбывае моладзевая дэлегацыя Саюзу правых сілаў для ўдзелу ў акцыі “Чарнобыльскі шлях-2003”. Дэлегацыю з 16 чалавек ачольвае дэпутат муніцыпальнага сходу раёну “Яраслаўскі” г.Масквы Юлія Малышава. У Менску заплянаваныя сустрэчы гасьцей з старшынёй Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатолем Лябедзькам (тэма: “Палітычная сытуацыя і парушэньні правоў чалавека ў Беларусі”) і намесьнікам старшыні выканкаму АГП Аляксандрам Цынкевічам (тэма: “Спосабы стымуляваньня разьвіцьця Моладзевай арганізацыі партыі”).
З інфармацыйных крыніцаў, блізкіх да Міністэрства абароны і ваенна-прамысловага комплексу, стала вядома аб распрацоўцы ў Беларусі прынцыпова новай мадэлі снайпэрскай вінтоўкі. На дадзены момант адзінкавы асобнік зброі прайшоў агнявыя выпрабаваньні, у час якіх прадэманстраваў добрыя паказчыкі па дакладнасьці, кучнасьці і далёкасьці стральбы, мінімальнай аддачы. Вінтоўка можа трапляць у цэлі звыш 1 кілёмэтра рознымі тыпамі патронаў: звычайнымі, запальваючымі і трасіруючымі. Мяркуецца ўсталяваць на зброі глушыльніка і прылады для стральбы ў начны час.
Былы віцэ-прэм’ер Іраку Тарык Азіз здаўся амэрыканскім войскам добраахвотна, паведаміў тэлеканал “Фокс-ньюз” з спасылкаю на прадстаўнікоў амэрыканскай адміністрацыі. Паводле іх, перамовы аб здачы Тарыка Азіза пачаліся пазаўчора ў Багдадзе пры пасярэдніцтве неназванага трэцяга боку. Яны прайшлі гладка, і былы віцэ-прэм’ер здаўся амэрыканцам. Як адзначае “Фокс-ньюз”, Тарык Азіз можа стаць вельмі каштоўнай крыніцаю зьвестак, у прыватнасьці, пра лёс Садама Хусэйна і ягоных сыноў, а таксама аб зброі масавага забойства, якой, як сьцьвярджаюць у Вашынгоне, валадаў Ірак. Нагадаем, што Тарык Азіз неаднойчы бываў у Беларусі на чале шматлікіх афіцыйных дэлегацыяў ураду Садама Хусэйна.
Садам Хусэйн мёртвы ці “як мінімум цяжка паранены”, сцьвярджае прэзыдэнт ЗША Джордж Буш. Як паведамляе амэрыканскае інфармацыйнае агенцтва Associated Press, у інтэрвію праграме “Начныя навіны” тэлеканалу NBC 24 красавіка Буш заявіў, што ў яго ёсьць пераканаўчыя доказы гэтых сьцьверджаньняў.
«Менская вясна» наступіла 26 красавіка 1996 году, калі міліцыя і ўнутраныя войскі разагналі шэсьце «Чарнобыльскі шлях». Жыхары раёну праспэкту Скарыны (галоўнай вуліцы Менску) упершыню ўзрушана ахнулі, калі пабачылі з вокнаў мянтоўскую расправу. Ці бойню. Зараз звыкліся. І кожную дэманстрацыю суправаджаюць прыліплыя да вокнаў разявы: «Цікава, мачыць будуць тут ці дадуць для прыстойнасьці прайсьці да суседняга кварталу?» Сёлета разявам – шчасьце: «мочаць» адразу ж. На праспэкце. Не заводзяць ў глухія завулкі і не хапаюць «у мех», як гэта бывала раней. Акрамя зявак заўсёды зь нецярпеньнем чакаюць акцыяў пратэсту менскія бамжы і хуліганы: у гэтыя дні іх усіх, як правіла, выпускаюць з спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка, каб вызваліць камеры для «палітычных». Так ужо супала: менавіта вясна стала сэзонам апазыцыі - 15 сакавіка – Дзень канстытуцыі (той самай, 1994 году, якую праз два гады Лукашэнка беспардонна «адэрэдактаваў»); 25 -- Дзень Волі (гадавіна абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе); 2 красавіка -- дзень падпісаньня дамовы аб «саюзе» Беларусі і Расеі і, нарэшце, 26 красавіка -- «Чарнобыльскі шлях». Сёлета, праўда, усё пачалося яшчэ 12 сакавіка – з дэманстрацыі «За лепшае жыцьцё!».
У Дзяржаўным камітэце памежных войскаў Беларусі створаны дэпартамэнт маральна-псыхалягічнага забесьпячэньня і падрыхтоўкі войскаў. Яго дырэктарам загадам Дзяржкамітэту прызначаны палкоўнік Віктар Бутранец.
Міністар замежных справаў Украіны Анатоль Зьленка заяўляе, што Ўкраіна не зьбіраецца інтэгравацца ў Саюз Расеі й Беларусі і Эўразійскую эканамічную супольнасьць.
Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў свой намер перавесьці ў Гомель усе навуковыя і дасьледчыя структуры, зьвязаныя з вывучэньнем уплыву радыяцыі на чалавека і навакольле. Выступаючы ў пятніцу ў Гомелі на ўрачыстым адкрыцьці першай чаргі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру радыяцыйнай мэдыцыны і экалёгіі чалавека, кіраўнік дзяржавы падкрэсьліў, што “наука должна быть здесь, в Гомеле… Это решение окончательное и обжалованию не подлежит”.
З 1986 году на Беларусі 9 разоў пераглядалі нормы ўтрыманьня радыёнуклідаў у прадуктах харчаваньня. Сёньня яны меншыя за эўрапейскія нарматывы, - запэўніў намесьнік старшыні Мінкамчарнобылю Валеры Шаўчук. Незалежныя экспэрты ацэньваюць цяперашнюю сыстэму кантролю за радыёнуклідамі ў прадуктах як неэфэктыўную.
-- Гэта нашае вынаходніцтва. Пішам мелам на дзьвярах неплацельшчыка, нагадваючы аб пазыках – але гэта ўжо радыкальная мера, -- начальнік абанэнцкага адзелу “Гомельводаканал” Іван Хаміцэвіч з задавальненьнем дзеліцца вопытам. За тыя паўгады, калі гомельскія камунальнікі пачалі прымяняць ткія “радыкальныя меры”, сьпіс злосных неплацельшчыкаў скараціўся на 400 (!) чалавек.
Спынены дэ-факта працэс чэкавай прыватызацыі неабходна замацаваць юрыдычна, заявіў у час парлямэнцкіх слуханьняў на тэму канцэпцыі прыватызацыі віцэ-прэм’ер, міністар эканомікі Андрэй Кабякоў.
Памер стыпендыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь студэнтам дзяржаўных вышэйшых навучальных установаў павялічаны з 80 да 100 тысячаў рублёў. Адпаведны загад падпісаў 23 красавіка Аляксандар Лукашэнка.
Украінскія спэцслужбы зьнялі грыф “Звыштаемна” з інфармацыі аб усіх балячках Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Аказваецца, за чатыры гады да аварыі на ЧАЭС мы ўжо перажылі выкіды радыяцыі, а бракаванае югаслаўскае абсталяваньне, якое выкарыстоўвалася пры будаўніцтве Чарнобыльскай АЭС, пастаўлялася яшчэ і на Смаленскую...
Манаполія Кіраваньня справамі прэзыдэнта на імпарт рыбы канчаткова ўзаконеная. 23 красавіка Лукашэнка падпісаў загад “Аб дзяржаўным рэгуляваньні імпарту, перапрацоўкі, рэалізацыі акеанічнай рыбы і морапрадуктаў”. Дакумэнт надае УС права поўнага кантролю над гэтым звышпрыбытковым пунктам імпарту – у імя “забесьпячэньня паўнаты паступленьняў у бюджэт і абароны эканамічных інтарэсаў дзяржавы”. Зрэшты, дзяржаўныя інтарэсы могуць істотна разыйсьціся з інтарэсамі спажыўцоў, бо праз манаполію кошты на рыбу, хутчэй за ўсё, павялічацца.
Некалькі ўнікальных кнігаў выкрадзеныя з Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Як паведамілі ў чацьвер у прэс-службе беларускага МУС, з аддзелу рэдкай кнігі Нацыянальнай бібліятэкі выкрадзеныя некалькі рарытэтаў, самы старажытны зь якіх датуецца XV-м стагодзьдзем. У МУС лічаць, што злачынства было добра сплянаванае. Паводле МУС, скрадзеныя кнігі занесеныя ў асноўныя сусьветныя каталёгі, і іх немагчыма рэалізаваць на легальных аўкцыёнах.
Час забываць? 10:58, 25/04/2003, Марына Куноўская, АиФ
Чарговую гадавіну катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Беларусь сустрэне без лішняга шуму. Да «Чарнобыльскага шляха» насельніцтва за 17 гадоў ужо прывыкла, а іншых гучных падзеяў не чакаецца.