Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У Віцебску судзілі ўдзельнікаў пікету 25 сакавіка 13:06, 25/04/2003
24 красавіка ў судзе Чыгуначнага раёну горада Віцебску прайшлі судовыя працэсы адносна ўдзельнікаў несанкцыянаванага пікету, які адбыўся ў горадзе 25 сакавіка, у дзень абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі – Дзень Волі.
Судзьдзя Сьвятлана Туфан разглядала справы сябраў віцебскага аддзяленьня Аб’яднанай грамадзянскай партыі, якія правялі пікет у Дзень Волі. Апазыцыянэры абвінавачваліся паводле арт.167 ч.1 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэньнях за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Як паведаміла БелаПАН кіраўнік віцебскай гарадзкой арганізацыі АГП Алена Залеская, у выніку судовага паседжаньня трое сябраў партыі - Вольга Саўчанка, Іна Сяткоўская і Сяргей Фархутдзінаў - атрымалі папярэджаньні. Актывіст АГП Аляксей Ніканораў аштрафаваны на суму ў 20 базавых велічыняў. Судовых паседжаньняў таксама чакаюць яшчэ трое ўдзельнікаў пікету.