Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Чарнобыльскi шлях у Менску: памяць дзеля будучынi 11:02, 28/04/2003, Прэс-рэлiз Партыi БНФ, фота IREX/Promedia
26 красавiка, у 17-ю гадавiну Чарнобыльскай катастрофы, у Менску каля трох тысячаў удзельнiкаў прайшлi традыцыйным Чарнобыльскiм шляхам. Сёлета Шлях рыхтаваў каалiцыйны аргкамiтэт, у якi ўвайшлi Партыя БНФ, Аб`яднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя «Народная грамада», Аб`яднаная сацыял-дэмакратычная партыя ды iншыя палiтычныя й грамадзкiя структуры. Старшынём аргкамiтэту быў выбраны член-карэспандэнт Акадэмii навук, сябра Сойму Партыi БНФ прафэсар Iван Нiкiтчанка.
Заяўку на шэсьце падавалi як прыватныя асобы Ўладзiмер Лабковiч (Партыя БНФ), Мiхась Ганчарык (БСДП), Зьмiцер Марчук (АСДП) i Сяргей Альфер (АГП). Улады не далi дазволу на заяўлены маршрут -- ад пл. Якуба Коласа да Траецкае гары (пляц ля Опэрнага тэатру); замест гэтага быў прапанаваны праход ад Акадэмii навук да парку Дружбы народаў (пл. Бангалёр). У вынiку няпростых перамоваў заяўнiкаў з гарадзкой мiлiцыяй было дасягнутае паразуменьне, што яна не чынiцьме перашкодаў удзельнiкам Шляху, якiя зьбяруцца на пляцы Якуба Коласа, каб тыя дайшлi да Акадэмii навук. Мiлiцыянты, праўда, патрабавалi, каб гэты пераход адбываўся групамi па 50 чалавек, бязь лёзунгаў i сьцягоў.
Аднак 26 красавiка мiлiцыя парушыла дамоўленасьць, спрабуючы не прапускаць грамадзянаў у цэнтар пляцу Якуба Коласа. Двое маладых актывiстаў АГП са сьцягамi былi затрыманыя. Тыя, хто ўсё ж прарваўся, сфармавалi калёну колькасьцю каля тысячы чалавек. Сярод iх былi каля 150 ўдзельнiкаў традыцыйнае штогадовае чарнобыльскае канфэрэнцыi, якую ладзiць фонд "Дзецям Чарнобыля" на чале з Г.Грушавым, у тым лiку моладзь з забруджаных тэрыторыяў, а таксама нямецкiя навукоўцы й дабрачынцы. У калёну сталi i лiквiдатары. Абраз "Мацi Божая Чарнобыльская" на чале калёны нёс аўтар -- Аляксей Марачкiн разам з жонкай Iрынай; за абразом людзi несьлi Чарнобыльскi звон. Пад бел-чырвона-белымi й партыйнымi сьцягамi з жалобнымi стужкамi, пад выявамi Пагонi й чарнобыльскiмi лёзунгамi калёна рушыла да Акадэмii навук.
Ля калянады Акадэмii навук сьпяваньнем гiмну "Магутны Божа" адкрыўся мiтынг, якi пачаў Iван Нiкiтчанка. Ён нагадаў, што каля двух мiльёнаў беларусаў, зь iх паўмiльёна дзяцей, надалей жывуць на забруджаных тэрыторыях. У краiне больш за 400 тысячаў iнвалiдаў, якiя не маюць патрэбнай дапамогi, пачалося фiзычнае вымiраньне нацыi. Выступiлi кiраўнiкi партыяў, замежныя госьцi. Старшыня Партыi БНФ Вiнцук Вячорка, у прыватнасьцi, сказаў: "Нас абвiнавачваюць у тым, што мы палiтызуем праблему Чарнобыля. Але прымушаць людзей жыць на забруджаных тэрыторыях -- гэта хiба не палiтыка? Не патрабаваць ад Расеi кампэнсацыi за прымусова асаджаныя на Беларусь радыяактыўныя хмары -- гэта не палiтыка? Пхаць краiну ў пятлю "саюзнае дзяржавы" -- цi ж гэта не палiтыка?! Гэта палiтыка сёньняшнiх уладаў, накiраваная на тое, каб пазбавiць беларускi народ пэрспэктывы выжываньня. Таму мы i змагаемся за незалежнасьць, бо толькi заможная, свабодная, дэмакратычная Беларусь зможа справiцца з такой навалай. Залежная, несвабодная, гаротная, падлеглая - ня зможа!"
Пасьля мiтынгу каля трох тысячаў чалавек пад лёзунгам "Памяць дзеля Будучынi" прайшлi шэсьцем па праспэкце Скарыны й вулiцы Сурганава да скрыжаваньня з вулiцай Бяды, дзе пад гукi Чарнобыльскага звана ўшанавалi маўчаньнем памяць ахвяраў трагедыi.