Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Лукашэнка раззбройвае ўладу 11:05, 28/04/2003, Ірэк Муртазін, РТР
“Бывай, зброя!” – на гэты раз аўтар такой думкі не Хэмінгуэй, а Аляксандар Лукашэнка, які падпісаў указ, паводле якога ўсе дэпутаты і высокапастаўленыя чыноўнікі абавязаныя здаць набытую ў 90-х наразную зброю.
Міністар унутраных справаў Беларусі Ўладзімер Навумаў здаў свой пісталет, які набыў яшчэ ў 1994 годзе. Генрал прадэманстраваў асабісты прыклад у выкананьні ўказу кіраўніка дзяржавы аб бязвыплатнай канфіскацыі баявой наразной зброі, набытай на законных падставах. Мяркуецца, што людзі самі павінны прынесьці й здаць зброю, дачакацца, калі яе ацэняць, і пасьля гэтага атрымаць за пісталет ці ружжо грошы.
“Гаворка ідзе аб адной тысячы адзінак агнястрэльнай зброі, на якую ў пэрыяд з 1991 па 1994 год быў выдадзены дазвол МУС без нарматыўных актаў”, -- кажа Ўладзімер Навумаў.
Дазвол на набыццьё баявой наразной зброі – пісталетаў і вінтовак -- у пачатку 90-х быў выдадзены міністрам, дэпутатам, высокапастаўленым чыноўнікам. Сёньня рашэньне аб узбраеньні палітычнай эліты Беларусі было прызнанае памылковым.
“Сёньня нават злодзеі ў законе стараюцца не запасацца гэтай зброяй, бо ўпэўненыя, што і іх ахоўвае дзяржава”, -- перакананы дэпутат “палаты прадстаўнікоў” Сяргей Касьцян.
“Калі прэзыдэнт лічыць, што органы правапарадку ў стане гэты правапарадак забясьпечыць, на гэта яго права. Калі ён не давярае дэпутатам і міністрам, якія, на яго думку, могуць скарыстацца зброяй неразумна, мне падаецца, такога недаверу яны не заслужылі”, -- лічыць “дэпутат” Валеры Фралоў.
Сярод тых, хто павінен раззброіцца, і адстаўны генэрал Павал Казлоўскі. У яго асабістым арсеналі -- ня толькі паляўнічая зброя, але і ўнікальны кавалерыйскі карабін ручной работы. Былы міністар абароны Беларусі не намерваецца добраахвотна здаваць гэты карабін. “Гэта мая ўласнасьць, па закону. Яе канфіскаваць можна толькі праз суд. Таму я здам зброю толькі па рашэньні суда”, -- заяўляе генэрал.
У міліцэйскіх дакумэнтах не зарэгістраванае ніводнае злачынства ці здарэньне, у якіх бы “засьвяцілася” зброя, якая знаходзіцца ў былых і дзейных міністраў і дэпутатаў. Тым не менш, міністар унутраных справаў Беларусі ўпэўнены, што да канца году ўсе, хто ў свой час набыў наразную агнястрэльную збою, добраахвотна здадуць яе.
Ну а сам генэрал Навумаў, міністар унутраных справаў Беларусі, які здаў свой набыты пісталет, па-ранейшаму ўзброены. У яго застаецца цэлых два пісталеты -- табельная зброя, якая належыць яму па пасадзе, і пісталет - узнагарода за заслугі ў барацьбе з злачыннасьцю. Але на ўзнагародную зброю ўказ кіраўніка Беларусі аб раззбройваньні не распаўсюджваецца.