Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - Новости Беларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Хартыя'97
english version | форум | русская версия
навiны  |  акцыi  |  фотакронiка  |  гучныя справы  |  дакумэнты  |  падшыўка  |  праекты  


 АРХIЎ 
1998-2002

 АРХIЎ 

ПнАўСрЧцПтСбНд
  1 2 3 4 5 6
7 8 9 10 11 12 13
14 15 16 17 18 19 20
21 22 23 24 25 26 27
28 2930        




 ПОШУК 

прасунуты пошук


 ПРАЕКТЫ 


УСЕ ПРАЕКТЫ
 ПАДПIСКА 

Рассылка

Content.Mail.Ru

 РЭКЛЯМА 

 РЭКЛЯМА 




 НАВIНЫ 



Насуперак сьмерці
15:19, 29/04/2003

На даху бункера выбухнуў снарад
ад 240-мілімэтровай камуністычнай гаўбіцы.
Са столі на людзей сыплюцца струйкі вапны.
Гітлер сказаў: «Гляньце-ка, сьнег ідзе».
Курт Ванэгут, «Часатрус»


Дзьверы здрыгануліся ад удару. Спачатку падалося, што ў горад увайшла Гадзіла. Але гэтую бязглуздую думку, што нарадзілася нядаўнім праглядам блёкбастэра, адкінула пытаньне, якое ў апошнія гады не хацелася задаваць: «І што, ужо нічога ня выправіць?» Розум гулка адказаў: «Ня выправіць». Гаспадар кабінэту з плястыкавай таблічкай на дзьвярох «Міхаіл Падгайны. Старшыня Дзяржаўнага камітэту па друку» споўз з крэсла на дывановае пакрыцьцё падлогі. У дзьверы ўдарылі яшчэ раз...


Памяць галопам пранеслася па жыцьцю: школа, інстытут, вясельле, камсамол, пасада старшыні...

Жонка пыталася: “Міша, а нас адправяць у якую амбасаду?”. Ёй вельмі хацелася ў Францыю. Падавалася, што менавіта там можна будзе забыцца, супакоіць змучанае сэрца. Уяўлялася, як яны рука да рукі ідуць па Елісейскіх палёх насустрач захаду сонца, Міша побач, сьціскае моцнай рукою яе мяккую падатлівую далоню. І не бяда, што яны ня ведаюць французкае мовы, -- афіцыянт як-небудзь вызначыць, што ім патрэбна. А Міша, пакараючы каханую, раптам скажа гарсону: “Данэ муа, сіль ву пле, бефстроганаў”. Пасьля саб’ецца на беглую ангельскую і дадасьць: “Энд ту бокал лікёр, пліз, больш салодкага”. І ня будзе на сьвеце моманту больш шчасьлівага... Будзе... Сенько з Францыі не вытурыць узводам АМАПу.

Мішы падалося, што ўсё сьціхла, і нязваныя візітэры пайшлі. Але раптам гул абураных галасоў стаў нарастаць, прабіваючыся скрозь двое абітых дзерманцінам дзьвярэй. У галаве паплылі пачварныя бачаньні...

Югаславія пасьля Мілошавіча: дэмакраты ня ўстане стрымаць простых грамадзянаў, якія патрабуюць адплаты. На экране тэлевізара мужчына сярэдніх гадоў, апрануты ў блакітную кашулю. Ён толькі што выбег з будынка тэлецэнтру. Ягоныя вочы поўныя жаху, яго цела мітусіцца, каб дзе схавацца. Але разьюшаны натоўп насьцігае небараку, і круглатвары малады дэмакрат завальвае мужчыну адным ударам каўчукавага кулака. Паплечнікі, што пабеглі на дапамогу мяцеляць нагамі бязвольна распластанае па асфальце цела. Гэта быў старшыня дзяржаўнай югаслаўскай тэлерадыёкампаніі. Пазьней яму дадуць дзесяць гадоў турмы.

Міша зноў адчуў той стан, які ў яго зьявіўся пры чытаньні гэтай навіны ў газэце. Дзесяць гадоў! За што?! Ён жа проста выконваў загад... Ах, так, “пераможцаў ня судзяць”. Але ж не, больш дакладна “пераможцы судзяць”. Зьявілася вострае жаданьне заставацца пераможцам назаўсёды. На секунду яму падалося, што гэта мажліва: галоўнае, каб Саша быў заўсёды... Але розум імгненна адказаў: “Саша ня можа быць вечным -- ён ня Цмок”. У кабінэце зьнікла сьвятло...

Напэўна, дакладна так зьнікла сьвятло ў Багдадзе перад пачаткам бамбардзіровак. Мішы захацелася ў бомбасховішча. Але, да бомбасховішча было далёка. Да таго ж неабходна было пераадолець калідор, дзе ўсе, як на далоні. Раптам успыхнула фраза зь нейкага амэрыканскага баевіка: “Калідор прастрэльваецца, бяжы, я прыкрыю”. Захацелася пачуць гэтую фразу ад каго-небудзь і кінуцца ў калідор. Дабегчы да ратавальнага ліфта... Не, што гэта я, сьвятло ж адключылі... да ратавальнай лесьвіцы. І ўніз, да выхаду... А там нашыя танкі...

Наўрадці. Калі яны ў прыёмнай, то танкаў на вуліцы дакладна няма. Цікаўнасьць пацягнула да вакна. Захацелася пабачыць на вуліцы вялізны танк, зь якога прыветна б махаў Сівакоў, і крычаў: “Мішааааа, выхадзііііі!!!” Сэрца падказвала, што танка на вуліцы няма, Сівакоў бег у сваю Расею, а ўвесь праспэкт Машэрава прастрэльваецца дэмакратычнымі снайперамі з жаночай партыі “Надзея”. Прага жыцьця перамагла цікаўнасьць.

Зноў паплылі бачаньні нядаўняга мінулага. Ірацкае пабоішча, у якім загінула людзей меней, чым у Беларусі за год у дарожна-транспартных здарэньнях. Гераічны паход Садама па Багдаду... ці трайніка? Міністар інфармацыі Іраку, калега, статны, у прыгожай камуфляжнай форме... У дзень уваходу ў Ірак танкавай калёны хаўрусьнікаў, павесіўся... Эх, калега... Няслушна, калега.

Павесіцца любы дурань зможа. А ты схавайся, ашухарыся, перасядзі малёк, а пасьля зьявіся, як ні ў чым не бывала, і ўвайдзі ў новы ўрад. Ты ж добры арганізатар, Ахмэд... ці Джэлал... ці Зідан... Не, Зідан – гэта, нібыта, хакеіст. Неістотна, як цябе зваць, калега, але ты патрэбны сваёй краіне, свайму народу... Штосьці завурчала ў прыёмнай. І Міша зразумеў, што гэта сьвідруюць замок.

Шкада, што не зрабіў падземны ход, як у Сашы. Зараз бы зышоў па ім у Сырыю ці Лібію... хаця, як з чацьвёртага паверху зробіш падземны ход? Не... А можа здацца? Можа ўзяць насовачку, прывязаць да аловачка, падняць з гонарам над галавой, і... у новае жыццьё? А? А дома жонка з бульбай. Сёмга, ікорка чорная, чырвоную не люблю... Хакей, зноў такі. Зборная мо пад новым сьцягам з чампіянату вернецца. У сэнсе, пад старым. Ну, карацей, пад гістарычна правільным нашым бел-чырвона-белым сьцягам – сьцягам Вітаўта, Міндаўга, Пазьняка... Карацей, час.

Міша дастаў з кішэні адпрасаваную клапатлівай рукою жонкі насоўку і прывязаў да аўтаматычнага аловачка Parker, падараванага Федутам да 80-ай гадавіны стварэньня Камсамолу. Пасьля чаго стаў на адно калена, пакланіўся, і пацалаваў сьцяжок. Пашныраў па сталу і намацаў чырвоны аловак для рэзалюцыяў. Міша пасьлюніў яго і, на ўсялякі выпадак, намаляваў пасярэдзіне сьцяжка тлустую чырвоную паласу. Пасьля падпоўз да дзьвярэй кабінэту, падняў сьцяжок над галавой, затым павярнуў ключ у дзьвярох і зрабіў крок у прыёмную.

Наўпрост перад дзьвярыма стаялі два падвыпітых рабочых. Адзін зь іх нясьпешна мяняў сьвердзел у пэрфаратары, другі, змардаваны пахмельлем, абапіраўся на лесьвіцу, спрабуючы сканцэнтравацца на працы калегі. Сьцяганосец у дзьвярох не выклікаў зьдзіўленьня -- адзін з рабочых сумна сказаў: “Што, гаспадар, да Першамаю рыхтуешся? А мы тут праводку мяняем...” Скінуўшы здранцьвеньне, Міша апусьціў сьцяжок, прыпадняў падбародак і зароў: “Што, ноччу нельга праводку зьмяніць, прыдуркі?!!”
Ён пайшоў па калідоры, адмяраючы крокі і, прыкідваючы, колькі секунд патрэбна для таго, каб дабегчы да лесьвіцы.

nnnnn

напicаць камэнтар

 СПАСЫЛКI ПА ТЭМЕ 



 СЁНЬНЯ 



 РЭКЛЯМА 



1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org

Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая

Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org.
Экспарт навiнаў , iнформэр



Rating All.BY Rambler's Top100
реклама: