Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
МФМ асудзіла антыпрафсаюзную палітыку беларускіх уладаў 14:16, 02/05/2003
Кіраўнікі рэгіянальных камітэтаў Міжнароднай фэдэрацыі металістаў (МФМ) краінаў СНД і Балтыі на паседжаньні, якое праходзіць 29-30 красавіка ў Маскве, асудзілі палітыку беларускіх уладаў адносна лідэраў двух галіновых прафсаюзаў-сябраў МФМ.
Размова ідзе аб заяве Аляксандра Лукашэнкі, зробленай на ідэалягічным сэмінары ў Менску 27 сакавіка. Аляксандар Лукашэнка, у прыватнасьці, запатрабаваў ад міністра прамысловасьці Анатоля Харлапа цягам двух месяцаў “вырашыць пытаньне” аб старшынях прафсаюзу работнікаў аўтамабільнага й сельскагаспадарчага машынабудаваньня Аляксандры Бухвоставе і радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзі Федынічы. Паводле Лукашэнкі, яны выступаюць супраць уладаў і ўцягваюць прафсаюзы ў палітыку.
Як паведаміў БелаПАН сябра выканкаму МФМ Аляксандар Бухвостаў, які прысутнічаў на паседжаньні ў Маскве, “беларускае пытаньне” абмяркоўвалася 29 красавіка асобна ад агульных прафсаюзных праблемаў рэгіёну. Адзначалася, у прыватнасьці, што да гэтага часу такіх заяваў у адрас прафсаюзных лідэраў ніхто з кіраўнікоў СНД і Балтыі не рабіў. Удзельнікі паседжаньня прынялі рашэньне выступіць з зваротам да беларускіх уладаў -- падрыхтаваць гэты дакумэнт даручана каардынатару МФМ па краінах СНД, старшыні металюргічнага прафсаюзу Расеі Міхаілу Тарасенку. Яму таксама даручана паспрабаваць сустрэцца з прадстаўнікамі кіраўніцтва Беларусі для абмеркаваньня праблемаў ва ўзаемаадносінах з прафсаюзамі.