Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
«Сталіца» будзе замест «Маяка», а на яе частотах будзе новая FM-станцыя 11:05, 02/05/2003, АФН
У мэтах далейшага разьвіцьця нацыянальнага радыёвяшчаньня, больш рацыянальнага выкарыстаньня частотнага рэсурсу ў рамках структуры Белтэлерадыёкампаніі ствараецца новая FM-станцыя, якая з 1 чэрвеня бягучага году будзе выходзіць у этыр на частотах радыёстанцыі “Сталіца”. Новая FM-станцыя, у адрозьненьне ад іншых FM-станцыяў, якія працуюць ў радыёэтыры Рэспублікі Беларусь, “будзе працаваць па эўрапейскай мадэлі, якая прадугледжвае даверлівую форму кантакту з слухачамі”.
Як паведамляецца ў прэс-рэлізе НДТРК, радыёстанцыя “Сталіца” увойдзе ў структуру Генэральнай дырэкцыі вяшчаньня беларускага радыё. Вяшчаньне будзе ажыцьцяўляцца ў УКВ-дыяпазоне на тых частотах, дзе да 2003 году трансьлявалася радыёстанцыя “Маяк”, а таксама і правадной сетцы на другім высокаякасным канале, на так званай “трэцяй кнопцы”. Гэта дазволіць слухаць праграмы радыёстанцыі “Сталіца” на ўсёй тэрыторыі краіны.
Фармат вяшчаньня радыёстанцыі “Сталіца” будзе ўдасканалены ў адпаведнасьці з новымі задачамі. Павялічыцца інфармацыйны складнік, значна пашырыцца тэматыка перадачаў, зьменіцца музычны фармат. Больш увагі будзе надзелена інфармаваньню слухачоў аб жыцьці Расейскай Фэдэрацыі і яе рэгіёнах. Такім чынам, будуць задаволеныя запыты той часткі радыёслухачоў, якая традыцыйна праяўляе інтарэс да расейскіх радыёстанцыяў.
Знойдуць шырокае адлюстраваньне працэсы станаўленьня “саюзнае дзяржавы” Беларусі й Расеі. З гэтай мэтай плянуецца ажыцьцяўляць сумесныя праекты зь дзяржаўнымі радыёстанцыямі Расеі, аналягічныя праекты “Саюз”, што рэалізоўваюцца газэтай “Советская Белоруссия” і “Российской газетой”.
Штатная колькасьць радыёстанцыяў “Сталіца” захоўваецца. Супрацоўнікі будуць забясьпечаныя ўмовамі для творчай працы, самым сучасным вяшчальным абсталяваньнем.