Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У работнікаў буйных прадпрыемстваў пачаліся працяглыя вакацыі 15:42, 02/05/2003, Радыё Свабода
Кіраўнікі асобных заводаў у зьвязку са сьвяточнымі днямі вырашылі спыніць вытворчасьць на цэлы тыдзень. Такім чынам яны імкнуцца пазьбегнуць дадатковых стратаў, якія абавязкова будуць, калі працаваць згодна з афіцыйным раскладам выходных, зацьверджаным Аляксандрам Лукашэнкам.
Згодна з прэзыдэнцкім указам, паміж 1 траўня і Днём перамогі працоўнымі днямі будуць 2-3 і 7-8 траўня. Але ў асобных прадпрыемстваў свой графік працы ў міжсьвяточны пэрыяд. З 1 па 9 траўня будзе стаяць Менскі трактарны завод. МАЗ ня будзе працаваць з 4 па 11 траўня.
Менскі мотавелазавод таксама ня будзе працаваць цэлы тыдзень – з 4 па 11 траўня.
Лідэр Свабодных прафсаюзаў Генадзь Быкаў сьцьвярджае, што шматлікія беларускія прадпрыемствы адпускаюць сваіх працаўнікоў на працяглыя вакацыі, бо такім чынам сапраўды мажліва зэканоміць сродкі. Многія заводы маюць вялікія запасы гатовай прадукцыі на складох, таму працаваць лішнія дні для іх ня мае сэнсу.
У праблемы ёсьць сур’ёзны сацыяльны аспэкт, гаворыць спадар Быкаў, бо на прадпрыемствах кшталту МТЗ і МАЗ працуюць дзясяткі тысяч чалавек. Усе яны спачатку радуюцца магчымасьці адпачыць ажно тыдзень, асабліва на пачатку чарговага сэзону лецішчаў. Але ў чэрвені гэта адгукнецца нізкімі заробкамі.