Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Трыюмфатару жніва-2002 прысудзілі 3 гады зьняволеньня 13:51, 02/05/2003
Менскі абласны суд пацьвердзіў ранейшы прысуд Пухавіцкага суду, паводле якога клецкіх камбайнэраў Бондарава і Пільневіча прызналі вінаватымі ў фальшаваньні вынікаў леташняга жніва. Гэта азначае, што Пятра Пільневіча ў любы момант могуць арыштаваць і адправіць у турму на 3 гады.
За скасаваньне прысуду мэханізатару Пятру Пільневічу цяпер змагаецца толькі ён сам ды ягоны адвакат Вера Страмкоўская. Напарнік Пільневіча камбайнэр Уладзімер Бондараў атрымаў умоўнае пакараньне і барацьбу не працягвае. Кіраўніцтва Клецкага раёну, якое вылучала Пільневіча ў трыюмфатары жніва-2002, гэтак сама, як і начальства калгаса "Кастрычнік", дзе ён працуе, ды саўгаса "Рудзенскі", на палетках якога быў пастаўлены лжэ-рэкорд – усе моўчкі пагадзіліся з рашэньнем Пухавіцкага суду. Ніводная з гэтых установаў ня выступіла ў абарону мэханізатараў. Прамаўчалі і сельскагаспадарчыя начальнікі абласнога ды рэспубліканскага ўзроўню, якія ў свой час не праверылі дадзеныя спаборніцтва і абвесьцілі Бондарава зь Пільневічам пераможцамі жніва.
Пільневіч паспрабаваў аспрэчыць вырак раённага суду ў абласным судзе, але там яго пакінулі ў сіле. Цяпер надзея толькі на Вярхоўны суд, але пакуль ён адмовіўся прыпыняць выкананьне прысуду. Такім чынам, Пятра Пільневіча ў любы момант могуць адправіць на тры гады ў турму. Між тым, вінаватым ён сябе не прызнае і лічыць, што стаў ахвярай прапагандысцкага шоў пад назвай "Жніво-2002". Вось як ён патлумачыў Радыё Свабода тое, што адбылося:
-- Рэвізійныя камісіі павінны былі гэта адсачыць. Паўсюль, куды мы падавалі гэтыя паперы. Мы ж не маглі столькі людзей падмануць ці ўгаварыць. Проста адбылася памылка, а далей ніхто яе не знайшоў".
-- А вы самі хаця б прыблізна ведалі, колькі намалацілі?
-- Дакладныя тоны ня ведалі. Гэта ня наш абавязак, падлічваць. Дзеля гэтага ёсьць адпаведныя людзі на пасадах, якія павінны былі выконваць сваю працу, а ня мы за іх.
Паводле Пятра Пільневіча, ягоныя калегі спачуваюць яму і вельмі абураюцца ўсёй гэтай гісторыяй. Лічаць, што начальнікі зрабілі крайнімі простых мэханізатараў, за якіх няма каму заступіцца.