Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
«Акт аб дэмакратыі ў Беларусі» падтрымаў сэнатар Джордж Вайновіч 15:56, 07/05/2003
Амэрыканскі сэнатар Джордж Вайновіч стаў шостым сэнатарм, які далучыўся да працэсу прыняцьця “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі”, які знаходзіцца на разглядзе ў Кангрэсе ЗША. Як паведамляе Радыё Свабода, сэнатар Джордж Вайновіч прывітаў удзельнікаў канфэрэнцыі “Аднаўленьне дэмакратыі ў Беларусі”, якая прайшла ў Кліўлендзе, і падтрымаў «Акт». У Вайновіча сталыя стасункі зь беларускім асяродкам, ён працяглы час быў губэрнатарам штату Агаё. Апошнія гады прадстаўляе штат у сэнаце.
Гэта адзін з найбольш уплывовых лідэраў Рэспубліканскай партыі, дастаткова сказаць, што некалькі дзён таму да яго ў Агаё адмыслова прылятаў прэзыдэнт Буш – яны хаця і належаць да адной партыі, але цяпер маюць некаторыя разыходжаньні адносна законапраекту аб падатках. Вайновіч ужо шосты сэнатар, які будзе лябіраваць "Акт аб дэмакратыі ў Беларусі", а ў палаце прадстаўнікоў – у Кангрэсе – суспонсарамі гэтага законапраекту выступаюць ужо дзесяць кангрэсмэнаў. Такім чынам, адзначае Радыё Свабода, праект мае вялікія шанцы быць прынятым.
Канфэрэнцыя “Аднаўленьне дэмакратыі ў Беларусі”, якая прайшла ў беларускім цэнтры “Полацак” пад Кліўлендам (штат Агаё) была арганізаваная актывістамі Беларуска-амэрыканскага задзіночаньня (БАЗА). Удзельнікі канфэрэнцыі адзначылі, што заплянаваны рэфэрэндум аб прыняцьці “канстытуцыйнага акту саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі” стварае пагрозу для незалежнасьці Беларусі і не павінен быць прызнаны міжнароднай супольнасьцю.
У яе працы ўзялі ўдзел некалькі дзясяткаў асобаў. Выступоўцы – сярод іх Івонка Сурвілла, Зянон Пазьняк, Сямён Шарэцкі – гаварылі пра тое, што ЗША павінны падтрымаць беларускую незалежнасьць у звязку з тымі абавязкамі, якія ўзялі на сябе ЗША і Вялікабрытанія падчас вываду з тэрыторыі Беларусі ядзернай зброі на пачатку 1990-х гадоў. Актывісты беларускіх арганізацыяў у ЗША Вячка Станкевіч, Віталь Зайка, Пол Васілеўскі, Сяргей Раманюк прапаноўвалі канкрэтныя мэханізмы ўзаемадзеяньня з амэрыканскімі палітыкамі. Шмат што ў гэтым накірунку ўжо робіцца, і робіцца пасьпяхова. Гэта тычыцца найперш законапраекту – "Акту аб падтрымцы дэмакратыі ў Беларусі", які прадстаўлены на разгляд Кангрэсу ЗША сэнатарам Гэлмсам.