|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Мы памятаем 16:04, 07/05/2003
Смерть – это наши силы, это наш труд и пот. Смерть – это наши жилы, наша душа и плоть. Мы больше на холм не выйдем. В наших домах огни. Это не мы их не видим, – нас не видят они. Иосіф Бродзкі, «Холмы» У гэты дзень памінаюць памерлых. Нашая памяць вырывае кавалкі мінулага, захлынаючыся сумам і ўсьведамленьнем беззваротнасьці тых, каго з намі няма. Мы прыбіраем могілкі, намагаючыся зразумець, што б нам сказалі тыя людзі, чые вобразы да гэтага часу захоўваюць нашыя сэрцы. Мы згадваем іх вочы, праціраючы твары на помніках, -- і часам падаецца, што рэчаіснасьць сышла і пакінула нас у тым мінулым, калі яны былі жывымі... Гэта было ўчора – у красавіку 99-га году. Імжыў дождж. Чарада людзей павольна рухалася па плошчы і зьнікала ў дзьвярох вялізнага будынку, ахінутага сумным маўчаньнем. Час спыніўся. Падавалася, што ён больш ніколі не зварухнецца зноў, і болей нам не сьпяшыць па сваіх справах, штурхаючыся ў вагонах метро і губляючы нэрвовыя клеткі ў аўтамабільных пробках. Мы ціха ішлі з прыхінутымі галовамі да месца разьвітаньня з чалавекам, які быў увасабленьнем нашых надзеяў. Яго звалі -- Генадзь Карпенка. Балельшчыкі разьвітваліся з добрым футбольным судзьдзём, навукоўцы – з чальцом Акадэміі навук, вытворцы -- з дырэктарам выдатнага прадпрыемства, жыхары Маладэчна – з сваім мэрам, якога ніхто ня мог замяніць. І разам -- з мужчынам, чалавекам, які ўнушаў упэўненасьць, які лёкка знаходзіў з усімі агульную мову. Ягоны адыход стаў першым з цэлага шэрагу жахлівых, у сваёй нелягічнасьці, сьмерцяў. Вялікі чалавек вялікіх ідэяў, які сваім лёсам даказваў: жыцьцё – гэта сьвята. Як ён стаў мэрам Маладэчна, ён захацеў стварыць “Горад Сонца”. Але вельмі хутка зразумеў, што не зьмяшчаецца ў невялікім мястэчку. Ён захацеў зрабіць “Горадам Сонца” ўсю Беларусь... Заля пужала жалобным убраньнем і не вязалася з вобразам жыцьцялюбнага Карпенкі. У ганаровым карауле стаяў Юры Захаранка, як заўсёды падцягнуты й строгі. Толькі вочы выдавалі напругу й нязвыклую разгубленасьць, якую генэрал спрабаваў ухаваць ад чужога погляду. Пра што ён думаў у гэты момант? Пра страту сябра? Пра будучыню, якая палохала сваёй невядомасьцю? Пра Зьвяз афіцэраў, на які ўскладаў вялікія надзеі? Зразумела адно -- ён хацеў зьмяніць анамальную плынь жыцьця, якая стала для бальшыні нормаю. Менавіта з гэтай мэтай ён хацеў аб’яднаць тых вайскоўцаў, для якіх слова Афіцэр заўсёды было сінонімам словаў Гонар, Мужнасьць і Годнасьць. Праз месяц Юрыя Захаранкі ня стала. Ён быў забіты тымі людзьмі, якіх сёньня газэты называюць “эскадронам сьмерці”, надаючы бандзе мярзотнікаў, якія ўлагоджваюць уладу, рамантычную афарбоўку. Сьмерць генэрала ня стала апошняй, -- усяго праз чатыры месяцы дадому не вярнуліся Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі. Злачынная ўлада скрала іх у нас зь упэўненасьцю ў сваёй безпакаранасьці. Віктар Ганчар, вясной 1999 году, адказваючы на пытаньне, ці не жадае ён стаць прэзыдэнтам, адказаў: “Пакуль не. Пакуль я толькі хачу прыбраць з краіны гэтую вату, у якой я глухі ад безвыходнасьці і безсэнсоўнасьці існаваньня”. Віктар ня мог ажыцьцявіць свае пляны – яго забілі. Проста забілі, таму, што хтосьці захацеў. Проста хтосьці вырашыў, што два маладых, таленавітых, прыгожых мужчыны не павінны вярнуцца дадому аднойчы вечарам. Хтосьці вырашыў, што маладыя, таленавітыя, прыгожыя жанчыны з гэтага часу павінны аплакваць сваіх мужоў, а іх дзеці не павінны бачыць сваіх бацькоў. Хтосьці вырашыў, што іх унукі ніколі не павінны пасядзець на каленях у сваіх дзядоў. Проста хтосьці так вырашыў... Пасьпяховы бізнэсовец Анатоль Красоўскі аднойчы наведаў у Эўропе супермаркет Aldi, які гандлюе таннымі, але якаснымі таварамі, і вырашыў, што сетка такіх крамаў мусіць быць у Беларусі. Ён думаў аб простых людзях, якія жадаюць жыць годна. Ён дапамагаў творчым калектывам, разумеючы, як цяжка даводзіцца людзям мастацтва ў час невуцтва ўлады. Ён бачыў Беларусь эўрапейскаю дзяржаваю, спрабаваў усімі сіламі паскорыць нашае ўваходжаньне ў цывілізацыю. Восень 99-га выбухнула Маршам Свабоды і выліла на вуліцу 25-тысячны натоўп дэманстрантаў і ператварылася ў 40-тысячны ўвесну 2000-га... Але ўсё ж такі нас было мала... Летам 2000-га забілі Дзіму Завадзкага. Дзіма ня змог адвесьці свайго маленькага Юрасіка ў першую клясу. Малады журналіст, выдатны апэратар, сьмелы прыгожы хлопец... пра што ён марыў? Хутчэй за ўсё, пра сур’ёзную працу на беларускай тэлевізіі... На іншай беларускай тэлевізіі... На добрай беларускай тэлевізіі. Адыход чалавека заўсёды сумны, -- ці пражыў ён пяцьдзесят, ці перакрочыў фенаменальнае сто; загінуў ён трагічна, ці памёр ад цяжкай хваробы; быў ён яскравым геніям, ці ціхім звычайным чалавекам. Мы прыходзім на магілы блізкіх і размаўляем зь імі, хто пайшоў ад нас. І, праціраючы партрэт на помніку, мы думаем, што блізкі нам чалавек дзесьці тут, дзесьці побач... Ён чуе нас і ведае, што мы любім яго, і памятаем пра яго. А камусьці няма куды пайсьці ў гэты дзень. Няма дзе ўскласьці кветкі... І няма дзе адчуць гэтую дзіўную блізкасьць з памерлым... Іх блізкіх забілі й схавалі. Схавалі так, нібыта баяліся іх нават мёртвымі. Мы не павінны забываць імёны тых, хто забіў нашых блізкіх, сяброў і паплечнікаў. Да сваіх апошніх дзён яны павінны ведаць, -- Мы памятаем! Мы не павінны забываць пра тых жывых, хто застаўся сёньня без сваіх мужоў і бацькоў, братоў і дзедаў. Яны павінны адчуваць нашую падтрымку і ведаць -- Мы памятаем! Мы ніколі не павінны забываць на тых, хто загінуў, спрабуючы зьмяніць да лепшага нашае з вашым жыццьё. І нават знаходзячыся там, куды пайшлі, яны павіны ведаць, -- Мы памятаем! nnnnn
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|