Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Разгляд Акту аб дэмакратыі ў Беларусі паскараецца 10:38, 08/05/2003, Helsinki Commission News, пераклад: прэс-цэнтар Хартыі’97
Камітэт па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША 7 траўня ўключыў асноўныя элемэнты Акту аб дэмакратыі ў Беларусі-2003 у Акт аб міжнародных зносінах. Аўтарам Акту аб дэмакратыі ў Беларусі зьяўляецца сустаршыня Хэльсынскай Камісіі ЗША, рэспубліканец Крыстафэр Сьміт, які вітаў такое рашэньне ў якасьці чарговага кроку насустрач умацаваньню дэмакратычнага руху ў Беларусі. «Я рады, што Камітэт прызнаў важнасьць двухпартыйнай ініцыятывы і вострую неабходнасьць у падтрымцы Злучанымі Штатамі змагароў за дэмакратыю й правы чалавека ў Беларусі, якія дзейнічаюць, нягледзячы на пэрсанальную рызыку й вялікі ціск ад антыдэмакратычнага рэжыму Лукашэнкі», -- заявіў Сьміт.
Зараз, калі асноўныя сьцьверджаньні Акту аб дэмакратыі ў Беларусі ў складзе Акту аб міжнародных зносінах, ён будзе хутчэй праходзіць праз стадыі разгляду Кангрэсам. Як чакаецца, Камітэт павінен галасаваць па гэтым пытаньні ў чацьвер, 8 траўня, што пацягне за сабою разгляд пытаньня ўсім Кангрэсам.
Працягваюць хадзіць чуткі аб гандлёвых зьдзелках зброяй паміж беларускім рэжымам і краінамі-ізгоямі, такімі, як Ірак пры Садаме Хусэйне і Паўночная Карэя. Лукашэнка й ягоны рэжым адкрыта падтрымлівалі Садама Хусэйна.
Акт аб дэмакратыі ў Беларусі таксама ўключае неабходнасьць прадстаўленьня прэзыдэнтам справаздачаў па гандлю зброяй ці ваеннымі тэхналёгіямі паміж Беларусьсю й дзяржавамі-ізгоямі.
“Беларускі народ дастакова нацярпеўся ад дыктатараў усіх гатункаў -- як мінулых, так і сучасных. Ён заслугоўвае нашай падтрымкі па меры пераадоленьня спадчыны мінулых часоў і разьвіцьця сапраўды незалежнай, дэмакратычнай дзяржавы”, -- адзначыў Сьміт.
Ёсьць грунтоўныя падставы меркаваць, што рэжым Лукашэнкі замешаны ў зьнікненьні вядомых апазыцыйных палітыкаў і журналіста. “Мне ўдалося сустрэцца тут, у Вашынгтоне, а таксама на сэсіі ПА АБСЭ Ў Парыжы й Бэрліне з жонкамі бяз вестак зьніклых. Гэтыя людзі вельмі пакутуюць. Іх мужы, зьніклыя ў 1999г. і 2000г. лічацца загінулымі – яскравая ілюстрацыя атмасфэры страху, якая ахінула Беларусь”, -- сказаў Сьміт. Беларусь мае найгоршы паказчык па правох чалавка ва ўсёй Эўропе. Рэжым нахабна і неаднаразова парушаў асноўныя свабоды слова, сходаў і вераспавяданьня. Незалежныя СМІ, няўрадавыя арганізацыі й дэмакратычная апазыцыя падвяргаюцца перасьледу. Журналістаў асуджаюць да папраўчых працаў за іх матэрыялы. У кастрычніку Лукашэнка падпісаў самы рэпрэсіўны ў Эўропе закон аб вераспавяданьні.
“Беларусы заслугоўваюць таго, каб жыць у краіне, дзе паважаюцца дэмакратычныя прынцыпы, правы чалавека й захоўваецца вяршынства закону”, -- дадаў Сьміт. “Мы будзем падтрымліваць адважных і рашуча настроеных прыхільнікаў дэмакратыі й грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, якім патрэбная нашая падтрымка для працягу барацьбы за дэмакратыю ў Беларусі”. Акт аб дэмакратыі ў Беларусі таксама быў унесены на разгляд Сэнату сустаршынём Хэльсынскай Камісіі, сэнатарам Бэнам Найтхарсам Кэмпбэлам.