Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У органы прадстаўнічай і выканаўчай уладаў гораду паступілі дакумэнты з хадайніцтвам аб уганараваньні кіраўніка ФПБ Леаніда Козіка званьнем ганаровага грамадзяніна гораду Барысава. Як паведаміў БелаПАН сябра Рады Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Мікалай Пахабаеў, зь ініцыятываю выступіў калектыў заводу аўтатрактарнага электраабсталяваньня. Рабочыя вядомага прадпрыемства такім чынам вырашылі аддзячыць знакамітага земляка за ягоны ўнёсак у добраўпарадкаваньне роднага гораду напярэдадні 900-годзьдзя Барысава. Тады Л.Козік займаў пасаду намесьніка кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі.
Тым не менш, на сходзе, на якім абмяркоўвалася ініцыятыва “зьнізу”, не абыйшлося без дыскусіі, удзельнікі якой выказаліся за ўганараваньне вышэйшага ў Барысаве званьня былому дырэктару БАТЭ, дэпутату Вярхоўнага Савету Беларусі 13-скліканьня Мікалаю Буслу. Менавіта пад ягоным кіраўніцтвам завод пачаў пасьпяховае ўзыходжаньне да сёньняшніх працоўных вышыняў.
А кандыдатуру Л.Козіка, казалі асобныя аратары, было больш лягічна прапанаваць калектыву швачнай фабрыкі, дзе Леанід Пятровіч на пачатку дзевяностых быў дырэктарам. Праўда, пад ягоным кіраўніцтвам яна ня стала лепшым прадпрыемствам гораду і запомнілася толькі тым, што зь ініцыятывы кіраўніка была выкупленая ў дзяржавы, у тым ліку, і за асабістыя грошы рабочых. Стала, як тады казалі, народным прадпрыемствам.
Аднак вялікіх дывідэнтаў гэтая рэарганізацыя калектыву не прынесла. Асабліва засмуцілі тыя абставіны, што болей чым сьціплы заробак людзям не выплочваўся сваечасова. І калі ў 1995 годзе А.Лукашэнка прыехаў у Барысаў, група швачак зьвярнулася да яго з скаргаю на дырэктара. Прэзыдэнт запэўніў, што дасканальна ва ўсім гэтым разьбярэцца і ня выключана, што Леаніду Пятровічу будзе прынародна ўручаная рыдлёўка ў гонар прызнаньня ягоных “заслугаў”. Аб прэзыдэнцкім абяцаньні пісалі тады многія дзяржаўныя газэты.
Ня выключана, што гэтыя абставіны ўлічвалі тыя, хто наладзіў хадайніцтва аб прысваеньні званьня, не рашаючыся давяраць гэтую адказную справу працоўнаму калектыву фабрыкі, якая і сёньня далёкая ад сапраўдных посьпехаў.
Старшыня Барысаўскага гарсавету Васіль Бараньнік паведаміў карэспандэнту БелаПАН, што ганаровае званьне Л.Козіку можа быць прысвоенае дэпутатамі на адной зь летніх сэсіяў. Але толькі пасьля таго, як сваё рашэньне на гэты конт гарадзкому Савету падасьць выканаўчы камітэт.