Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларускі ваенны завод вырабіў трэнажоры для навучаньня танкістаў 11:51, 12/05/2003
140-ы рамонтны завод Міністэрства абароны Беларусі ў гэтыя дні адзначае 60-годзьдзе. Як паведамілі карэспандэнту “Росбалта” ў прэс-службе Мінабароны, гісторыя заводу, прызначанага для правядзеньня капітальнага рамонту бранетанкавай тэхнікі, рухавікоў і агрэгатаў танкаў і БМП, пачалася 7 траўня 1943 году. Згодна выдадзенаму ў гэты дзень загаду старшыні Дзяржаўнага камітэту абароны, у горадзе Вышний Волочок Калінінскай (зараз Цьвярской) вобласьці быў сфармаваны рухавы танка-агрэгатны рамонты завод (ПТАРЗ) N7 для выкананьня задачаў у франтавых умовах.
У ліпені 1948 году завод быў перадыслякаваны ў горад Барысаў (Менская вобласьць) і перафармаваны ў 140-ы бранетанкавы рамонтны завод. У адпаведнасьці з загадам міністра абароны Беларусі ў сьнежні 2000 году завод перайменаваны ў рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства (РУП) “140-ы рамонтны завод”.
“Апошнім часам завод пасьпяхова займаецца мадэрнізацыяй розных відаў баявой тэхнікі, — паведамілі ў беларускім абаронным ведамстве. — Адна з найбольш пасьпяховых у пэрспэктыўных распрацоўках прадпрыемства — прынцыпова новыя мадэрнізаваныя машыны “Кобра К” і “Кобра С”, створаныя на базе БТР-60 і БМП-1”.
На дадзены час 140-ы завод працуе над стварэньнем сучасных трэнажорных комплексаў. “На сёньня ня маюць аналягаў у сьвеце мабільныя трэнажоры па навучаньні экіпажаў танка Т-72 і БМП-2, якія дазваляюць рахтаваць адмыслоўцаў зь мінімальнымі выдаткамі матэрыяльных сродкаў”, -- адзначылі ў Мінабароны Беларусі.
Напярэдадні юбілею 140-ы рамонтны завод Міністэрства абароны Беларусі аказаўся замешаным у скандалі. 18 красавіка беларуская служба радыё “Свабода” паведаміла пра сэнсацыйную знаходку факса ад беларускага ваеннага заводу ў сэйфе ірацкага афіцэра ў Багдадзе. Папера, нагадаем, уяўляла сабой прапановы ваеннага абсталяваньня й паслугаў, зробленыя дырэктарам ваеннага заводу прыватнаму бізнэсоўцу. Тое, што дакумэнт быў знойдзены ў Іраку, кажа аб магчымасьці незаконных збройных кантактаў Беларусі з Іракам Садама Хусэйна.