|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Ветэраны 14:57, 13/05/2003
Бо ў кожным з нас жывуць анёл і д’ябал, І іхныя галасы часам не адрозьніш Паўла Каэльё, «Кніга воіна сьвятла» Вы калі небудзь адчувалі варожасьць да іншага чалавека? Вядома, так, калі толькі вы не сьвяты і не вар’ят. А спрабавалі задумацца над сутнасьцю гэтага працэсу? Спрабавалі зразумець, што распальвае ўнутры нас полымя нецярпімасьці? Вы спрабавалі зразумець таго дзіўнага чалавека, які прымушае вас спальваць мільёны нэрвовых клетак і пакутаваць ад бяссоньня; абурацца і ўпадаць у дэпрэсію; сьціскаць кулакі ад бясьсільля і прагнуць помсты? Насупраць сядзела сталая жанчына, гадоў сямідзесяці пяці. Вагон электрычкі быў практычна поўны. Хтосьці за маёй сьпіной гучна абмяркоўваў мінулыя сьвяты. Хутка тэма сьвятаў плаўна перайшла ў абмеркаваньне бязглуздай улады і яе галоўнага пэрсанажу, які з гонарам крочыў 9 траўня наперадзі калёны ветэранаў вайны. Жанчына грэбліва паморшчылася. Сусед, які сядзеў зьлева ад мяне, запытаў: “Вам таксама гэта не падабаецца?” Тон ягонага пытаньня прыпісваў усім пэнсіянэрам краіны нязьменную любоў да ўлады. Яна адказала спакойным голасам: “У мяне занадта шмат падставаў не любіць гэтую ўладу”. Далей быў аповед пра побытавую гісторыю, што так часта здараецца ў наш вывернуты навыварат час. Мізэрная пэнсія, недахоп грошай. Паход у бліжэйшы абменны пункт з дзесяцідаляравай паперкай, падараванай сынам на дзень народзінаў. Потым продаж гэтай “дзясяткі” суседу па чарзе, такому ж гаротнаму небараку, які не жадаў плаціць камісійныя дзяржаўнаму банку, і ... кайданкі на запясьці ціхіх пэнсіянэраў. Куплянік правёў ноч у пастарунку, а жанчыну адпусьцілі дадому пераначаваць. Раніцай да яе пад’езда пад’ехала міліцэйская машына, поўная ўзброеных людзей. Жанчыну вывелі з дому пад канвоем... Затым суд і пяць сутак арышту. За пяць сутак яна ня зьела ні грама казённай баланды. Блага ўяўляючы гэтую ціхую мілую жанчыну за турэмнымі кратам, я запытаў: “Вы ўпершыню трапілі ў турму?” Яе адказ прымусіў анямець усіх, хто сядзеў побач: “У турме – упершыню. А ў зьняволеньні – другі... я была ў канцлягеры”. У цывілізаваных краінах такая гісторыя магла б падштурхнуць творчую асобу на стварэньне твору аб прыродзе чалавека, які раз за разам перажывае неверагодныя выпрабаваньні -- чалавека, стомленага ад пакутаў. У нас – гэта проста яшчэ адна гісторыя пра таго, хто жыве побач з намі, ходзіць дзесьці па спужаных вуліцах, едзе ў электрычцы, каб дзесьці на далёкім лецішчы забыць на ўсё і адпачыць. Кожны год 9 траўня ветэраны вайны панура крочаць па цэнтральным праспэкце Менску побач з чалавекам, які раз за разам уціскае іх жыцьці ў дрыгву галечы й бяспраўства. Гэтая жанчына ня стане зь ім у адну калёну. Яна – другі ветэран – прыніжаны й забыты. Напэўна, мы ня можам да канца зразумець людзей, якія апранаюць пінжак у Дзень перамогі з шэрагамі ордэнскіх плянак. Нам цяжка ўявіць, як можна радавацца жыцьцю, атрымоўваючы мізэрную пэнсію, якой ледзь хапае на аплату жыльля. Як можна мець павагу да дылетанскай улады, якая патанае ў крадзяжах і карупцыі. Як жыць, калі твае лепшыя ўспаміны прыпадаюць на вар’яцтва ваенных гадоў і беспрасьветны паваенны застой. І мы наракаем на старых людзей, што крочаць 9 траўня ў адной калёне з чалавекам, які ўсхваляе Гітлера. Мы бурчым і вешаем на іх шыльды “прыхільнікаў дыктатара”, нічога ня робячы для таго, каб зьмяніць становішча рэчаў. Мы ня думаем пра тое, што калісьці нашыя дзеці будуць глядзець на нас з жалем, і ставіць перад сабой пытаньне: як можна жыць, калі твае лепшыя ўспаміны прыпадаюць на вар’яцтва лукашэнкаўскіх гадоў? nnnnn
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|