Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
«Міжнародная рэлігійная свабода» заклікае Кангрэс ЗША прыняць «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі» 12:36, 15/05/2003, Радыё Свабода
Амэрыканская паўдзяржаўная арганізацыя “Міжнародная рэлігійная свабода” абнародавала справаздачу пра стан свабоды сумленьня ў розных краінах сьвету. Гэтая арганізацыя зьвязаная з Кангрэсам Злучаных Штатаў. Асноўная ўвага ў сёлетняй справаздачы надаецца дылеме захаваньня правоў чалавека (прынамсі, свабоды сумленьня) і змаганьня зь міжнародным тэрарызмам. Сярод дзяржаваў, якія прыціскаюць рэлігійныя свабоды, у справаздачы названая і Беларусь. “Міжнародная рэлігійная свабода” заклікае Кангрэс ЗША прыняць “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”.
У справаздачы арганізацыі “Міжнародная рэлігійная свабода” Беларусь прыгадваецца сярод краінаў, у якіх становішча са свабодай сумленьня выклікае асаблівую занепакоенасьць. У дакумэнце прыгадваюцца рэпрэсіі супраць беларускіх індуістаў, разбурэньне храму Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы ў Пагранічным, апаганьваньні габрэйскіх могілак, якія не былі дасьледаваныя належным чынам.
Аднак найбольшую ўвагу справаздача надае новаму беларускаму закону аб свабодзе сумленьня, які названы самым рэпрэсіўным законам аб веравызнаньнях у Эўропе. Прадстаўнікі “Міжнароднай рэлігійнай свабоды” сёлета наведалі Беларусь і абмяркоўвалі праблемы, зьвязаныя з гэтым законам, з прадстаўнікамі ўлады і рэлігійных суполак.
У рэкамэндацыях амэрыканскаму ўраду, якія ўтрымліваюцца ў справаздачы, гаворыцца пра неабходнасьць дамагацца скасаваньня рэпрэсіўнага закону аб свабодзе сумленьня. “Міжнародная рэлігійная свабода” заклікае ўрад ЗША даць зразумець беларускаму боку, што рэпрэсіі супраць рэлігійных меншасьцяў выклічуць санкцыі супраць Менску. Арганізацыя заклікае Кангрэс ЗША прыняць “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”.