Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Новы кінапраект Лукашэнкі - фільм «Радавыя» 10:56, 15/05/2003
Пра новы беларускі кінапраект – стварэньне мастацкага фільма “Радавыя” – 14 траўня Аляксандру Лукашэнку даклалі намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Алег Пралескоўскі й міністар культуры Леанід Гуляка. Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Напісаны драматургам Аляксеем Дударавым сцэнар кінастужкі, выпуск якой прымеркаваны да 60-годзьдзя Перамогі савецкага народу ў Вялікай Айчыннай вайне, ужо зацьверджаны. Уся асноўная праца па здымках фільма, дзеяньне якога разгортваецца ў Нямеччыне за тыдзень да Перамогі, заплянаваны на другі кварталь 2004 году.
Паводле Лукашэнкі, новая карціна павінна быць зьнятая на самым высокім прафэсійным узроўні і заваяваць гледачоў ня толькі ў нас у краіне, але і за мяжой. “Важна, каб гэта быў добры, моцны фільм, ня горшы за “У жніўні 44-га” Міхаіла Пташука; плянка пастаўленая вельмі высока”, - падкрэсьліў кіраўнік дзяржавы. Неабходна таксама, каб фільм выхоўваў патрыятычныя пачуцьці ў новага пакаленьня. Новая кінастужка, паводле Лукашэнкі, павінна быць успрынятая ўсім грамадзтвам -- і вэтэранамі, і моладзьдзю.
Беларускі лідэр асабліва адзначыў: карціна “Радавыя” мусіць быць нацыянальным праектам і здымацца на кінастудыі “Беларусьфільм” з удзелам пераважна беларускіх актораў. Кіраўнік дзяржавы выказаў пажаданьне, каб фільм стваралі людзі, прыхільныя да цяперашняй палітыкі, “каб яны душой былі адданыя таму, што сёньня робіцца для народа Беларусі”.
У працы над кінастужкай будуць задзейнічаныя і расейцы -- адпаведная дамоўленасьць дасягнутая паміж міністэрствамі культуры Беларусі й Расеі. Здымкі карціны пройдуць у Калінінградзкай вобласьці.
Чакаецца, што кінастужка выйдзе ў студзені 2005 году, і яшчэ да 9 траўня – 60-гадовага юбілею Перамогі -- фільм будзе прадстаўлены на суд гледачоў у Беларусі й Расеі.
Леанід Гуляка даклаў таксама кіраўніку дзяржавы аб завяршэньні працы над фільмам “Легенда аб Настасьсі Слуцкай”, якая ў канцы траўня будзе прадстаўленая экспэртнай камісіі.
Лукашэнка зноў пацьвердзіў, што дзяржава гатовая фінансаваць вытворчасьць аднаго высокаякаснага фільма ў год.