Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Новыя арышты апазыцыянэраў 10:47, 15/05/2003, фота IREX/Promedia
Восем актывістаў Маладога Фронту выйшлі на Кастрычніцкую плошчу Менску зь бел-чырвона-белымі сьцягамі й транспарантамі, дэманструючы нязгоду з рэфэрэндумам 1995 году, у выніку якога была зьмененая дзяржаўная сымболіка Беларусі, а расейскай мове нададзены статус другой дзяржаўнай. Маладафронтаўцы разгарнулі ў цэнтры Кастрычніцкай плошчы бел-чырвона-белыя сьцягі й транспаранты з надпісам «Не – рэфэрэндуму, не – акупацыі!». У выніку ўдзельнікаў пікету Зьмітра Дашкевіча і Алеся Тарасевіча затрымалі. Пазьней затрыманых арыштавалі ў Цэнтральным судзе Менску. Судзьдзя Наталя Вайцеховіч разгледзіла за паўгадзіны справы маладафронтаўцаў. Зьмітра Дашкевіча яна пакарала арыштам на 10 сутак, Алеся Тарасевіча – арыштам на трое сутак.
Міліцыянты не пускалі ў будынак суда лідэра Маладога Фронту Паўла Севярынца і Артура Фінкевіча. Яны прайшлі ў будынак літаральна на некалькі хвілінаў. Іх арыштаваныя паплечнікі папрасілі, каб тыя перадалі ім у камеру кнігі.
Міліцыянты паведамілі арыштаваным маладафронтаўцам, што бел-чырвона-белыя сьцягі ня вернуць. Хутчэй за ўсё, яны папоўняць калекцыю сьцягаў, якіх ужо набралася некалькі соцень у розных аддзелах міліцыі за гады пасьля рэфэрэндуму 1995 году.
Зьміцер Дашкевіч і Алесь Тарасевіч будуць адбываць пакараньне ў спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна. За апошнія тры месяцы ў камэрах спэцпрыёмніку толькі шэсьць дзён не было палітычных зьняволенных, паведамляе “Радыё Свабода”.