Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Юрыя Хадыку асудзілі да 15 сутак арышту 10:55, 20/05/2003
Намесьнік старшыні БНФ Юры Хадыка асуджаны да 15 сутак арышту завочна. Судзьдзя Руслан Казадаеў накіраваў пастанову суда ў міліцыю для выкананьня пакараньня. Зараз міліцыянты павінны знайсьці Юрыя Хадыку і адвезьці на вуліцу Акрэсьцна. Юрыя Хадыку абвінавацілі ў арганізацыі Народнага маршу «За лепшае жыцьцё!», які прайшоў у Менску 12 сакавіка.
Палітыка затрымалі напярэдані Дня Волі й адвезьлі ў адзел міліцыі Савецкага раёну. У судзе высьветлілася, што міліцыянты няправільна склалі пратакол. Судзьдзя Руслан Казадаеў накіраваў справу на дапрацоўку, а Юрыю Хадыку ўручыў зыск на 15 гадзінаў. Прафэсар выкарыстоўваў гэтую магчымасьць і ў суд не прыйшоў. Амаль праз месяц судзьдзя Казадаеў разгледзіў справу ў адсутнасьці Юры Хадыкі й вынес пастанову – арышт на 15 сутак.
Радыё Свабода зьвязалася з Юрыем Хадыкам па тэлефоне. На яго думку, улады прадэманстравалі палітычны перасьлед. А суд груба парушыў ягоныя правы:
-- Завочны вырак за адміністратыўнае правапарушэньне – гэта парушэньне дзейнага закону. Але, у выпадку з маім выракам, як і з шэрагам іншых выракаў – гэта яскравая праява адмовы ад якогайсьці права наагул. Калі міліцэйская хлусьня, міліцэйскае ілжасьведчаньне становяцца адзінай падставаю для выраку, то гэта канец любой прававой сытуацыі. Безумоўна, мы пададзім скаргу ў гарадзкі суд. Сэнс гэтага хаваньня ад міліцыі толькі ў тым, каб зьвярнуць увагу грамадзкасьці на гэтае абсалютнае бязладзьдзе, якое праяўляецца ў барацьбе з палітычнай апазыцыяй.
Калі цягам трох месяцаў Юры Хадыка трапіць у рукі міліцыянтаў, яго адвязуць у спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік на вуліцу Акрэсьціна для адбыцьця пакараньня.
Нагадем, што за арганізацыю Народнага маршу “За лепшае жыцьцё!” да 15 сутак арышту былі таксама асуджаныя каардынатары грамадзянскай ініцыятывы Хартыя’97 Людміла Гразнова, Зьміцер Бандарэнка, Андрэй Саньнікаў, а таксама лідэры прадпрымальніцкіх структураў -- Леанід Малахаў (РГА “Прыватная ўласнасьць”) і Валеры Леванеўскі (Страйкам прадпрымальнікаў РБ).