Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - Новости Беларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Хартыя'97
english version | форум | русская версия
навiны  |  акцыi  |  фотакронiка  |  гучныя справы  |  дакумэнты  |  падшыўка  |  праекты  


 АРХIЎ 
1998-2002

 АРХIЎ 

ПнАўСрЧцПтСбНд
      1 2 3 4
5 6 7 8 9 10 11
12 13 14 15 16 17 18
19 20 2122 23 24 25
26 27 28 29 30 31  




 ПОШУК 

прасунуты пошук


 ПРАЕКТЫ 


УСЕ ПРАЕКТЫ
 ПАДПIСКА 

Рассылка

Content.Mail.Ru

 РЭКЛЯМА 

 РЭКЛЯМА 




 НАВIНЫ 



Абяцаў, абяцаў, абяцаў...
14:10, 21/05/2003, Васiль Антонаў, «Народная воля»

Апошнiм часам толькi i чуеш: Лукашэнка будзе балатавацца на трэцi прэзiдэнцкi тэрмiн, хоць гэта i супярэчыць Канстытуцыi. Знаўцы сцвярджаюць, што будзе праведзены рэферэндум па чарговай змене Асноўнага закона, што дазволiць Аляксандру Рыгоравiчу ажыццявiць сваё жаданне. Хаця, калi разабрацца, дык ён, па-мойму, у прэзiдэнцкiм крэсле ўжо i так трэцi тэрмiн. Першы -- з 1994 па 1999 год, другi -- з 1999 па 2001 год, трэцi -- з 2001 года. Многа гаворыцца пра неўтаймаванае жаданне Лукашэнкi быць «вечным царом» i мала -- пра галоўнае: як ён выконвае свае абяцаннi. А гэта ж для палiтыка -- самае асноўнае. Таму давайце пацiкавiмся, як Аляксандр Рыгоравiч трымае сваё слова. Успомнiм, што Лукашэнка абяцаў яшчэ перад першым прэзiдэнцкiм тэрмiнам у 1994 годзе. З таго часу пайшоў ужо дзевяты год. Часу больш чым дастаткова, каб рэалiзаваць свае задумы, аб якiх публiчна гаварыў на ўвесь свет.

Такiм чынам, бяром у рукi "Тэзiсы праграмы кандыдата ў прэзiдэнты Рэспублiкi Беларусь А.Лукашэнкi", яго выказваннi ў друку за 1994 год.

1.Абяцаў спынiць рост цэн

Вось вытрымка з "Тэзiсаў праграмы кандыдата ў прэзiдэнты Рэспублiкi Беларусь А.Лукашэнкi" за 1994 год:

"Забяспечыць:

...спыненне росту цэн i збяднення насельнiцтва...

Стабiлiзацыя цэн будзе ажыццяўляцца паслядоўным правядзеннем наступных мерапрыемстваў:

-- устанаўленне дзяржаўнага кантролю за цэнаўтварэннем, каб выключыць рост прыбытку за кошт павышэння цэн;

-- прадастаўленне права кантролю за цэнамi на спажывецкiя тавары i паслугi грамадскiм арганiзацыям i iх падтрымка з боку дзяржавы;

-- ...кiраўнiкi прадпрыемстваў i арганiзацый пры парушэннi дзяржаўнай палiтыкi цэн будуць прыцягвацца да суровай адказнасцi, у тым лiку i крымiнальнай".

Кажуць, абяцанага тры гады чакаюць. Але ж з той пары, калi А.Лукашэнка першы раз балатаваўся на пасаду прэзiдэнта, прайшло ўжо амаль восем гадоў, а цэны як скакалi, так i скачуць. Зноў толькi абяцаннi. На нарадзе аб так званым адзiным нарматыве сацыяльнага стандарта па абслугоўваннi насельнiцтва, што адбылася ў красавiку, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Рынкавага разбою ў цэнаўтварэннi на сацыяльна значныя паслугi насельнiцтву не павiнна быць".

Сапраўды -- не павiнна быць. Але што мы бачым на самай справе?

Возьмем хоць бы мiнулы год. Вось як раслi спажывецкiя цэны па месяцах. У студзенi iх рост склаў у параўнаннi з адпаведным перыядам папярэдняга года 148 працэнтаў, у лютым -- 147,6, сакавiку -- 145,7, красавiку -- 145,1, маi -- 144,5, чэрвенi -- 143,5, лiпенi -- 142,9, жнiўнi -- 143,4, вераснi -- 142,2, кастрычнiку -- 139,6, лiстападзе -- 137,8, у снежнi -- 134,8. У сярэднiм за мiнулы год цэны падскочылi на 142,6 працэнта.

Як бачым, за леташнi год спажывецкiя цэны павялiчылiся амаль у паўтара раза. А як выраслi тарыфы на камунальныя паслугi! I цi чулi вы, паважаныя чытачы, каб Аляксандр Рыгоравiч прыцягваў "да суровай адказнасцi" кiраўнiкоў за такi "танец цэн"? Я не чуў.

Чуў толькi, як Лукашэнка ў чарговы раз абяцаў спынiць рост цэн, а дакладней -- павышэнне тарыфаў на камунальныя паслугi. Што ж, летам, можа, яны i пратрымаюцца. А восенню, зiмой?

Ды што казаць пра рост цэн! Не так крыўдна было б, калi б аперажальнымi тэмпамi павышалася зарплата, раслi памеры пенсiй, стыпендый, iншыя выплаты. Колькi ў нас людзей, якiя не могуць звесцi канцы з канцамi? Раней той жа настаўнiк, атрымаўшы зарплату, спакойна працягваў працаваць. Сёння ў яго галаве кожны дзень мроiцца адна думка: як, як дацягнуць да наступнай зарплаты?

2.Абяцаў разграмiць карупцыю i злачынцаў...

Чытаем тыя ж "Тэзiсы праграмы кандыдата ў прэзiдэнты Рэспублiкi Беларусь А.Лукашэнкi" за 1994 год. У тым жа раздзеле "Забяспечыць" ёсць такi пункт:

2.Барацьба з карупцыяй, разгром мафiёзных структур, якiя кiруюць у дзяржаве.

I далей: "...Галоўным напрамкам барацьбы са злачыннасцю стане навядзенне жорсткага парадку перш за ўсё у самой дзяржаўнай машыне. Для гэтага:

-- органы дзяржаўнай улады i кiравання, праваахоўная сфера будуць ачышчаны ад асоб, якiя маюць дачыненне да сумнiўных здзелак, што дыскрэдытуюць уладу ў вачах народа;

...будуць прыняты меры па ўзмацненнi адказнасцi дзяржаўных чыноўнiкаў, практыка пакарання за службовыя злачынствы будзе ўзмоцнена".

Тут варта прыгадаць яшчэ iнтэрв`ю А.Лукашэнкi газеце "Рэспублiка" 21 чэрвеня 1994 года. Карэспандэнт задае пытанне:

-- Дапусцiм, вы станеце прэзiдэнтам. Якiя першыя ўказы вы падпiшаце?

-- Першы ўказ -- кадравы. Усiх жулiкаў i злодзеяў вымецем з улады, -- адказаў А.Лукашэнка.

Але спачатку вернемся да абяцанняў Аляксандра Рыгоравiча "ўчынiць разгром мафiёзных структур, якiя кiруюць у дзяржаве". Здавалася, на гэта быў скiраваны ўвесь пафас яго выступленняў. Шкада толькi, што гаварыў Рыгоравiч палымяна, а вось канкрэтных захадаў для барацьбы з карупцыяй -- кот наплакаў. Некаторыя з тых, каго Лукашэнка адкрыта называў карупцыянерамi, апынулiся побач з iм на кiруючых пасадах. Сёння што нi начальнiк -- то карупцыянер. Афiцыйная зарплата -- з гулькiн нос, а глядзiш -- катэдж у два-тры паверхi вырас за лiчаныя месяцы, шыкоўныя кватэры ў дзяцей, iншамаркi, адпачынак -- не на Нарачы, а як мiнiмум на Кiпры.

Не сакрэт: сёння многiя ў начальнiкi iдуць не для напружанай работы, а каб яшчэ ўхапiць тое, што не паспелi раскрасцi. Той жа старшыня калгаса ведае: праз год-два яго здымуць, а таму галоўнае -- паспець "прыхватызаваць" нейкi трактар, машыну, цiшком нарыхтаваць будматэрыялаў для катэджа, пад якi забранiраваны ўчастак пад горадам. Ды што старшынi калгасаў? На ўсiх узроўнях карупцыянер паганяе карупцыянерам.

А што ж стала са злачынствамi? Калi ў 1990 годзе iх было здзейснена 75.690, у 1994 -- 120.254, дык у 2002 годзе -- 132.900. Гэта толькi па статыстыцы, а колькi не выяўлена?

У канцы сакавiка гэтага года Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам Генеральнага пракурора Вiктара Шэймана. I вось што той паведамiў: летась пракуратурай праведзена больш за 12 тысяч агульнанадзорных праверак, па вынiках якiх вынесена звыш чатырох тысяч пратэстаў на незаконныя рашэннi i дзеяннi "должностных лиц". Па патрабаваннях пракурораў каля 20 тысяч парушальнiкаў заканадаўства i правоў грамадзян прыцягнуты да адказнасцi. Адчуваеце, якi разгул чыноўнiкаў i беззаконня! Гэта вам не ў 1994 годзе!

Выступаючы ў парламенце з пасланнем Нацыянальнаму сходу, Аляксандр Лукашэнка папракаў дэпутатаў, якiя пастваралi нейкiх "структурак", захапiлi плошчы ў Верхнiм горадзе i "сдают в аренду напропалую", атрымлiваючы па 30--40 тысяч долараў у год. Вось такое, значыць, адбылося "ачышчэнне органаў улады i кiравання ад асоб, якiя маюць дачыненнi да сумнiўных здзелак, што дыскрэдытуюць уладу ў вачах народа".

Хто не разумее: не змог А.Лукашэнка выканаць свае абяцаннi наконт навядзення "жорсткага парадку перш за ўсё ў самой дзяржаўнай машыне".

3.Абяцаў кампенсацыю ўкладаў насельнiцтва

I зноў вернемся да "Тэзiсаў праграмы кандыдата ў прэзiдэнты Рэспублiкi Беларусь А.Лукашэнкi" за 1994 год. Чытаем:

"Рэалiзацыя сацыяльнай палiтыкi будзе ажыццяўляцца на наступных напрамках:

...Iндэксацыя працоўных укладаў насельнiцтва".

Дзе ж тая iндэксацыя?

Вядома, што iнфляцыя з`ела амаль усе ўклады грамадзян у банках, якiя яны бераглi на чорны дзень цi на пахаванне. Тэма вяртання тых укладаў ужо нагнала аскому, але справа так i не зрушылася з месца. Няма нi машын, нi тэлевiзараў, нi халадзiльнiкаў, якiя ў свой час абяцаў А.Р.Лукашэнка.

Нядаўна, падчас "прамой лiнii" з чытачамi газет "Советская Белоруссия" i "Комсомольская правда", Аляксандр Рыгоравiч даў даволi цiкавы адказ на пытанне жыхара Нясвiжа. А пытанне было такое: "Хацеў бы даведацца, як i калi будуць кампенсаваны ўклады ўкладчыкам, якiя, маю на ўвазе пенсiянераў, адкладвалi на чорны дзень нейкую тысячу, за якую сёння не могуць нiчога купiць?". Вось што ён адказаў: "Вы ведаеце, што ў нас прыняты парадак кампенсацыi ўкладаў. Мы кампенсуем ўклады старажылам нашым, удзельнiкам Вялiкай Айчыннай вайны... Калi б былi лiшнiя грошы ў бюджэце, дык мы гэта адразу зрабiлi б. Але прыходзiцца рабiць гэта паступова... Таму пачакайце, пакуль прыйдзе ваша чарга... Што датычыцца таго, што грошы абясцэнiлiся, ну дык прабачце, так здарылася. Пытанне, як кажуць, не да мяне, здарылася гэта пры распадзе Савецкага Саюза".

Заўважце: якая рыторыка, якi пафас быў у Лукашэнкi восем гадоў таму i як гэта ўсё выглядае зараз.

Вядома: тая кампенсацыя ўкладаў, якую цяпер выдаюць людзям, -- гэта капейкi, што i выклiкае незадаволенасць, абурэнне. Аднак вырашаць праблему па-сутнасцi Аляксандр Рыгоравiч, калi меркаваць па яго адказе жыхару Нясвiжа, ужо не збiраецца.

Як самi людзi ўспрымаюць гэту кампенсацыю? Вось што пiша ў рэдакцыю мiнчанка Ю.Паўлава: "Мае бацькi зрабiлi ўклад на маё iмя ў суме 5 тысяч рублёў. У той час за такiя грошы можна было купiць легкавы аўтамабiль... Днямi я звярнулася ў банкi i даведалася, што мне налiчана кампенсацыю ў суме... 23 тысячы рублёў. За iх можна купiць кнiгу цi аплацiць толькi частку камунальных плацяжоў за адзiн месяц... Вось такая кампенсацыя. Шкада пакаленнi тых, хто сумленна ўсё жыццё працаваў на карысць Радзiмы".

Не, улада не чуе голасу пакрыўджаных людзей. А калi хто паспрабуе выступiць, сабрацца на мiтынг, шэсцi -- у ход iдуць дубiнкi, найбольш актыўных кiдаюць за краты.

4. Абяцаў прыцягнуць да кiравання прафесiяналаў

З "Тэзiсаў праграмы кандыдата ў прэзiдэнты Рэспублiкi Беларусь А.Лукашэнкi" за 1994 год:

"Як дасягнуць мэтаў?.. За кошт прыцягнення да кiравання эканомiкай i грамадствам прафесiйных i, галоўнае, нераўнадушных людзей".

А каго прыцягнуў?

Галоўным банкiрам стаў вясковы будаўнiк, мiнiстрам аховы здароўя -- пенсiянерка, камунальшчыкам -- ... А як расцанiць тое, што пэўны час курыраваў ва ўрадзе беларускую навуку i культуру экс-палкоўнiк? Вядома, што нават у былыя савецкiя часы падобнае не рабiлася.

Успомнiм, якую ацэнку сваiм кадрам даваў аднойчы сам Лукашэнка.

Вiцэ-прэм`еру Андрэю Кабякову: "Вельмi шмат разважанняў, размоў... шмат вельмi гаворыцца, але мала робiцца".

Мiнiстру (ужо былому) замежных спраў Мiхаiлу Хвастову: "Скласцi дакуменцiк, падкiнуць прэзiдэнту, пастаяць за спiной, калi даверчыя граматы прымаюцца, -- i кропка".

Мiнiстру працы i сацыяльнай абароны Антанiне Моравай: "Пры ўсёй сваёй павазе да вас як да жанчыны, сёння вынiку няма нiякага. Вы захапiлiся чубайшчынай у краiне. I больш шуму, гвалту, больш плётак, чым справы".

Мiнiстру прамысловасцi Анатолю Харлапу: "У мяне ўсё больш i больш уражанне, што вы стамiлiся... Нiводны ўласнiк сабе такога разбою не дазваляе, як у нас на дзяржаўных прадпрыемствах. Зарплата, iльготы... дзяўчаты ў кароткiх спаднiцах, кава, гарбата i iншыя пытаннi, парылкi, банi i гэтак далей".

Днямi, падчас селектарнай нарады па веснавой сяўбе, Аляксандр Рыгоравiч так характарызаваў кадры: "Гэтыя... кiраўнiкi думаюць, што прэзiдэнт кулаком стукне, хтосьцi прыедзе i раздасць iм нейкiя грошы, i яны будуць спакойна прыходзiць да 12 на працу, у 4 гадзiны гэтую працу заканчваць i спакойна папiваць самагон i ляжаць пад плотам".

Вось такiя прафесiяналы цяпер у модзе. Падкрэслю, што вышэй прыведзеныя ацэнкi кадраў належаць самому Лукашэнку.

5. Абяцаў свабоду слова

З прэс-канферэнцыi А.Лукашэнкi пасля першага тура прэзiдэнцкiх выбараў ("Рэспублiка", 28 чэрвеня 1994 года).

"У выпадку перамогi каманда Лукашэнкi гатова гарантаваць усiм работнiкам сродкаў масавай iнфармацыi лiквiдацыю манаполii дзяржавы на СМI, адмову ад палiтычнай цэнзуры, а таксама спыненне праследаванняў журналiстаў па палiтычных матывах".

А што робiцца? Скажыце, калi ласка, чаму пасля абрання Лукашэнкi прэзiдэнтам:

-- з`явiлiся "белыя плямы" ў газетах?

-- не адменена манаполiя дзяржавы на СМI?

-- спынена выданне шэрагу незалежных газет?

-- асуджаны журналiсты Маркевiч, Мажэйка, Iвашкевiч?

-- многiя работнiкi СМI затрымлiваюцца i збiваюцца падчас выканання сваiх службовых абавязкаў па асвятленнi мiтынгаў, iншых акцый апазiцыi?

***
Ды што i казаць, пустым гукам засталiся амаль усе абяцаннi Аляксандра Лукашэнкi. Цвёрда трымае ён толькi адно -- "я за цывiлiзаваным светам свой народ не павяду". Што ж, i гэта добра бачна. I ёсць вынiк -- за мiнулы год насельнiцтва Беларусi зменшылася больш чым на пяцьдзесят тысяч чалавек. Знiк, можна сказаць, цэлы раён. I ўлады -- нi гу-гу. Трагедыя! Крыкам трэба крычаць, вiнаватых у вымiраннi нацыi прыцягваць да адказнасцi, а не рабiць выгляд, што нiчога не здарылася.

напicаць камэнтар

 СПАСЫЛКI ПА ТЭМЕ 



 СЁНЬНЯ 



 РЭКЛЯМА 



1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org

Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая

Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org.
Экспарт навiнаў , iнформэр



Rating All.BY Rambler's Top100
реклама: "АнтиКрот" - электронный отпугиватель кротов
For professionals! Type without typos. You must try!
Путешествия