Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Нам што – жывымі ў труну класьціся? 10:55, 21/05/2003
Добры дзень, газэта "Народная воля"! Піша вам удзельнік вайны, інвалід I групы Міхаіл Харытонавіч Саўчанка. Мне 78 гадоў. Пішу з надзеяй, што вы мяне зразумееце і падзеліце маё гора.
Справа ў тым, што я невылечна хворы. Жонка Надзея Іванаўна Краўчанка таксама інвалід. Абодва мы – бездапаможныя старыя, якія ўжо не ў стане абслугоўваць сябе. Таму абрадаваліся, калі дачка забрала нас да сябе ў Гомель, прапісала, акружыла клопатам, наколькі гэта магчыма.
Але... мы ўтрох у адным-адзіным пакойчыку плошчай 16 кв. мэтраў – у цеснаце і неўладкаванасьці. У Савецкім райвыканкаме гораду нас паставілі ў чаргу на паляпшэньне жыльлёвых умоваў. Але справа ні з месца. Больша за тое: пасьля прашэньня на імя прэзыдэнта нас і наагул зьнялі з чаргі, матывуючы гэта тым, што мы раней, маўляў, не жылі ў Гомлі.
Але ж мы жывем і атрымоўваем пэнсію. Праўда, жыць вельмі цяжка, асабліва калі няма надзеі. Так за што, спрашваецца, я ваяваў, калі на старасьці гадоў, страціўшы здароўе ў баёх за радзіму, ня маю жыльля і ўтульнасьці? Няўжо за тое, каб за кошт народа ў дастатковасьці й сытнасьці жылі адныя чыноўнікі? Ім — шыкоўныя катэджы й замежныя машыны. Мне, вэтэрану – з цяжкасьцю здабытыя мыліцы... Няўжо нам з жонкаю застаецца адно -- жывымі ў труну класьціся і пасьпяшацца на вечную кватэру?
Прашу рэдакцыю апублікаваць, у якіх умовах жывуць два інваліды I групы з дачкой на 16 мэтрах па адрасе: г.Гомель, Рэчыцкае шасэ, д.103/4, кв.140.
Міхаіл САЎЧАНКА, жыхар Гомелю.
Ад рэдакцыі
Цяжка, вельмі цяжка, паважаны Міхаіл Харытонавіч, камэнтаваць Ваш горкі ліст. Цяжка таму, што, падзяляючы Ваш боль, рэдакцыя ня ў стане дапамагчы Вам рэальна – бо мы, на жаль, ня маем жылога фонду. Ня можам “загадаць” чыноўнікам забясьпечыць вэтэрана вайны, які, безумоўна, заслужыў годнага жыцьця. Але можна адзначыць: толькі аднаго з болей чым сотні "Мэрсэдэсаў", падараваных кіраўніком дзяржавы "слугам народа" – ласкава прынятым чыноўнікам, хапіла б на прыстойную двух- ці нават трохпакаёвую кватэру для сям’і заслужанага чалавека.