Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Украіна ўступіць у УГА раней за Расею 15:20, 22/05/2003, АБН
Праз суткі пасьля абвяшчэньня Расей аб тым, што для яе “тэхнічна немагчыма” ўступіць ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю да канца сёлетняга году, Украіна заявіла, што не гатовая адмовіцца ад сваіх плянаў на ўступленьне ў 2003г. Як паведамляе ВСС, Расея настойвала на сынхранізацыі яе тэрмінаў уступленьня ў УГА з працэсам уступленьня ў яе Ўкраіны, Беларусі і Казахстану. Міністар Валеры Харашкоўскі заявіў, што яго краіна не намерваецца адмаўляцца ад выкананьня двухбаковых пратаколаў, падпісаных з сябрамі УГА дзеля сынхранізацыі, якая прапануецца Расеяй.
Паводле міністра, пытаньне аб сынхранізацыі дастаткова складанае, бо Ўкраіна й Расея выбралі розныя шляхі. В.Харашкоўскі лічыць, што на шляху ўступленьня ў УГА Ўкраіна прасунулася далей за іншыя краіны СНД і ўжо да канца сёлетнега году можа стаць сябрам арганізацыі.
Намесьнік міністра эканамічнага разьвіцьця й гандлю Расеі Максім Мядзьведкаў, які ачольвае расейскую дэлегацыю на перамовах аб уступленьні ў Жэневе, заявіў, што пытаньне аб адкрыцьці рынкаў Расеі замежным таварам вырашанае на “70%-80%”. Але нявырашанымі застаюцца праблемы мытных пошлінаў на сельгаспрадукцыю. Акрамя таго, ня вырашаны да кацна пытаньні аб лібэралізацыі рынку фінансавых і страхавых паслугаў, тэлекамунікацыяў й транспарту. Расея вядзе перамовы аб уступленьні з 1993 году яшчэ з папярэднікам УГА, генэральным пагадненьнем аб тарыфах і гандлі.