Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У Магілёве на пляцоўцы каля Палацу культуры заводу штучнага валакна шосты дзень працягваецца галадоўка жыхара вёскі Зімніца Магілёўскага раёну Паўла Крушкіна. 22 траўня да акцыі пратэсту далучылася жонка вяскоўца Любоў Крушкіна.
Сям’я Крушкіна пратэстуе супраць парушэньня правоў чалавека на абарону законных інтарэсаў. Павал Крушкін з афіцыйнага дазволу гарвыканкаму пачаў сваю акцыю пратэсту 17 траўня. Ён заяўляе, што некалькі часу таму яго падманула адна прыватная асоба пры набыцьці мікрааўтобусу. У шматлікіх інстанцыях вясковец не знайшоў абароны і вырашыў дабівацца распачынаньня крымінальнай справы адносна свайго крыўдзіцеля шляхам галадоўкі.
Як паведаміў Павал Крушкін карэспандэнту БелаПАН, некалькі дзён таму да яго падыходзіў прадстаўнік Магілёўскага райвыканкаму, будынак якога знаходзіцца праз дарогу – за 200 мэтраў ад месца правядзеньня акцыі пратэсту. Ён даведаўся мэту галадоўкі. У той самы дзень вясковец адчуў сябе блага, і жонка выклікала “хуткую дапамогу”. Дактары памерылі ў Паўла Крушкіна крывяны ціск і не знайшлі сур’ёзных парушэньняў здароўя і параілі яму больш піць вады.
Нягледзячы на адсутнасьць выніку, Павал і Любоў Крушкіны плянуюць працягваць галадоўку. У сваю падтрымку яны сабралі каля 60 подпісаў магілёўцаў. Ім абяцалі аказаць дапамогу прадстаўнікі мясцовага аддзяленьня Беларускага Гэльсынскага камітэту і Магілёўскага праваабарончага цэнтру.