Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Слуханьні па праблеме ліквідацыі грамадзкіх аб’яднаньняў 13:38, 23/05/2003
26 траўня 2003 году ў межах кампаніі абароны грамадзкіх арганізацыяў “Наша Салідарнасьць” у Міжнародным адукацыйным цэнтры адбудуцца адкрытыя грамадзкія слуханьні. Яны будуць тычыцца пытаньняў нерэгістрацыі й ліквідацыі грамадзкіх арганізацыяў, шматлікіх парушэньняў заканадаўства аб грамадзкіх аб`яднаньнях з боку Міністэрства юстыцыі Беларусі.
Цягам апошняга месяца Міністэрствам юстыцыі і падначаленымі яму абласнымі Упраўленьнямі арганізаваныя звароты ў суды з мэтай прымусовай ліквідацыі шэрагу грамадзкіх аб`яднаньняў, сярод якіх: гарадзенскае абласное грамадзкае аб’яднаньне “Ратуша”, гомельскае абласное грамадзкае аб`яднаньне “Грамадзянскія ініцыятывы”, грамадзкае аб’яднаньне “Агенцтва рэгіянальнага развіцьця “Варута” (Баранавічы), грамадзкае аб’яднаньне “Маладзёжны Хрысціянска-сацыяльны саюз”.
Бягучай мэтай прапанаванага дыялёгу зьяўляецца нармалізацыя правапрымяняльнай практыкі: прывядзеньне яе ў адпаведнасьць з патрабаваньнямі дзейнага заканадаўства і ў духу прыярытэту правоў і свабодаў грамадзяніна.
Стратэгічная мэта дыялёгу – абмеркаваньне прапановаў па зьменах заканадаўства Рэспублікі Беларусь, прынятага ў развіцьцё канстытуцыйнага права на аб`яднаньне: прывядзеньне яго ў адпаведнасьць з Канстытуцыяй і міжнароднымі абавязальніцтвамі Рэспублікі Беларусь.
Да ўдзелу ў грамадзкіх слуханьнях запрашаюцца лiдэры грамадзкіх аб`яднаньняў, дэпутаты “палаты прадстаўнікоў”, прадстаўнікі Канстытуцыйнага і Вярхоўнага Судоў Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага цэнтру законапраектнай дзейнасьці пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь, чальцы Рэспублiканскай камicii па рэгiстрацыi (перарэгiстрацыi) грамадзкіх аб`яднаньняў, прадстаўнікi міжнародных арганізацыяў і амбасадаў, сродкi масавай інфармацыі.
Грамадзкія слуханьні адбудуцца 26 траўня 2003 года з 11:00 да 14:00 у Мiжнародным Менскiм адукацыйным цэнтры па адрасе: г. Менск, пр. Газеты Праўда, 11, канфэрэнц-заля. Рэгiстрацыя з 10:00.
Калі ласка, паведаміце пра свой удзел у cлуханьнях не пазьней за 23 траўня па тэлефонах: (8 029) 755 80 01 (Алёна Андрэева).