Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
ЗУБР супрацоўнічае з маладымі ўкраінцамі 12:05, 23/05/2003, Генадзь Кесьнер, Радыё Рацыя
Каардынатары моладзевага руху негвалтоўнага супраціву ЗУБР Уладзімер Кобец і Зьміцер Бародка вярнуліся з Кіеву, дзе бралі ўдзел у "Форуме эўрапейскай моладзі". Там "зуброўцы" мелі шэраг сустрэчаў з дэпутатамі Вярхоўнае Рады, лідэрамі й прадстаўнікамі шэрагу грамадзкіх арганізацыяў і моладзевых аб`яднаньняў, са слухачамі Магілянскай акадэміі ўкраінскай сталіцы. Вельмі актыўна ў часе сустрэчаў уздымалася тэма далейшай супрацы й выбараў, якія адбудуцца ў абедзьвюх краінах у наступным годзе.
Форум эўрапейскай моладзі "Эўрапейскі шлях" завершыў сваю працу ў Кіеве. Са сталіцы Ўкраіны ўжо вярнуліся яго ўдзельнікі - каардынатары моладзевага руху негвалтоўнага супраціву ЗУБР Уладзімер Кобец і Зьміцер Бародка. Арганізатарам форуму была кааліцыя моладзі "Наша Ўкраіна". Паводле словаў Уладзімера Кобеца, у Кіеве вельмі актыўна абмяркоўвалася пытаньне аб`яднаньня дэмакратычных сілаў як у Беларусі, гэтак і ўва Ўкраіне. Прычынаю гэтага абмеркаваньня стала тое, што ў 2004-м годзе ў нашых абедзьвюх краінах адбудуцца парлямэнцкія выбары.
- Яно там вельмі шырока абмяркоўвалася, таму што ў іх там таксама стаіць пытаньне аб`яднаньня апазыцыі, бо ёсьць, канешне, фаварыты: ёсьць Юшчанка, блёк "Наша Ўкраіна", блёк Юліі Цімашэнкі, іншыя, таму ў іх стаіць пытаньне аб`яднаньня, тое, што трэба будзе прайсьці й нам, -- заявіў каардынатар ЗУБРа.
Як кажа Ўладзімер Кобец, гаворку цяпер варта весьці не пра нейкую дапамогу аднаго боку іншаму, але пра цесную супрацу, бо задачы, якія стаяць перад беларускімі й украінскімі дэмакратычнымі сіламі, амаль аднолькавыя:
- Я б казаў пра супрацоўніцтва беларускай і ўкраінскай апазыцыі, дэмакратычных сілаў у зьвязку з тым, што адбудуцца выбары. Бо ў нас стаяць адныя задачы. Беларусь і Ўкраіна - адныя з апошніх дзяржаваў Усходняе Эўропы, якія яшчэ не прайшлі шлях эўрапейскай інтэграцыі, і таму гэтыя выбары ўва Ўкраіне й у Беларусі стануць той кропкай, дзе мы будзем адказваць на агульныя пытаньні: якім шляхам будуць разьвівацца нашыя краіны - альбо мы йдзем у Эўразьвяз, інтэгруемся ў Эўропу, альбо мы зноў выбіраем нейкія незразумелыя канфігурацыі.
Паводле словаў Уладзімера Кобеца, дэмакратычныя палітычныя сілы ўва Ўкраіне зацікаўленыя ў посьпеху дэмакратычных пераўтварэньняў у Беларусі. На думку каардынатара ЗУБРа, у абедзьвюх краінах добра разумеюць, што толькі агульнымі высілкамі дэмакратаў у дзьвюх краінах можна стаць паўнавартасным чальцом эўрапейскае супольнасьці.
- Натуральна, яны зацікаўленыя, таму што, па-першае, мы суседзі, па-другое, мы братнія народы, і Ўкраіна не зацікаўленая, каб на поўначы атрымаць краіну, якая адыйдзе там, да прыкладу, да Расеі й гэтак далей. У прынцыпе, як і мы лічым, што мы адзін рэгіён, мы бачым тут шмат супольных праблемаў. Гэта і рэгіянальная бясьпека, і дэмакратызацыя, і супольнае разьвіцьцё, як гэта было ў краінах Балтыі, у краінах Вышаградзкае групы. Таму мы разглядаем адносіны з Украінай як прыярытэтныя для нас, і мы думаем, што разам нам будзе лягчэй пераадолець гэтыя цяжкасьці й хутчэй інтэгравацца ў Эўропу, -- гаворыць Уладзімер Кобец.