Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Справа аб закрыцьці «Грамадзянскіх ініцыятываў» будзе заслухоўвацца 9 чэрвеня 12:55, 26/05/2003
23 траўня ў Гомелі адбылося першае слуханьне аб закрыцьці Гомельскага абласнога грамадзкага аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы”. З зыскам у суд зьвярнулася абласное ўпраўленьне юстыцыі, якое па выніках праверкі абвінаваціла “Грамадзянскія ініцыятывы” ў сыстэматычным парушэньні заканадаўства - няправільным справаводзтве, нямэтавым выкарыстаньні замежнай бязвыплатнай дапамогі, а таксама ў парушэньні статуту арганізацыі, перадае БелаПАН.
На папярэдняй сустрэчы ў судзе, якая прайшла 14 траўня, намесьнік старшыні аб’яднаньня Ўладзімер Кацора прасіў адкласьці судовае разьбіральніцтва, бо кіраўніцтва “Грамадзянскіх ініцыятываў” накіравала матэрыялы праверкі й свой пратэст у Міністэрства юстыцыі. Тым не менш першае слуханьне было прызначана на 23 траўня. Аднак прадстаўнікі ўпраўленьня юстыцыі папрасілі судзьдзю перанесьці слуханьне на больш позьнія тэрміны ў сувязі з разглядам матэрыялаў у Мінюсьце. У выніку суд вырашыў прызначыць наступнае слуханьне на 9 чэрвеня.
Такі паварот падзеяў Уладзімер Кацора зьвязвае з будучым візытам у Гомельскую вобласьць прадстаўнікоў парлямэнцкай дэлегацыі АБСЭ, у час якога дэлегацыя павінна сустрэцца з кіраўніцтвам аблвыканкаму й грамадзкімі арганізацыямі.
“Грамадзянскія ініцыятывы” пачалі сваю дзейнасьць у 1996 годзе. Сёньня, па азначэньні таго самага ўпраўленьня юстыцыі, гэта - “шырока структураванае грамадзкае аб’яднаньне”. Яго прадстаўнікі працуюць ва ўсіх раёнах Гомельскай вобласьці. Асноўная задача аб’яднаньня – праваабарончая дзейнасьць. У апошні час “Грамадзянскія ініцыятывы” наладзілі цеснае супрацоўніцтва з арганізацыямі, якія займаюцца вырашэньнем сацыяльных праблемаў.