Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларускую нафтахімію таньней не прададуць 15:20, 26/05/2003
Беларускія нафтахімічныя прадпрыемствы “ня будуць прадавацца за бясцэнак”, заявіў журналістам віцэ-прэм’ер ураду, міністар эканомікі Беларусі Андрэй Кабякоў, камэнтуючы адсутнасьць заявак патэнцыйных інвэстараў на ўдзел у конкурсе па продажу пакетаў акцыяў прадпрыемстваў галіны.
Інвэстыцыйныя конкурсы па продажу пакетаў акцыяў ААТ "Нафтан", "Палімір", "Гродна Азот", "Гродна Хімвалакно" плянавалася правесьці 4 і 5 чэрвеня сёлетнега году.
А.Кабякоў паведаміў, што з-за адсутнасьці заявак конкурсы не адбудуцца. У той самы час ва ўрадзе Беларусі не выключалі такога варыянту разьвіцьця падзеяў і “ня лічаць адмену конкурсаў трагедыяй”, адзначыў ён. Віцэ-прэм’ер лічыць гэта “нармальным працэсам”. Ён патлумачыў, што тыя ўмовы, на якіх быў прапанаваны продаж пакетаў акцыяў нафтахімічных прадпрыемстваў, “вельмі адрозьніваецца ад тых умоваў, на якіх нашыя патэнцыйныя партнэры прывыклі набываць адпаведную маёмасьць”.
А.Кабякоў зьвярнуў увагу на тое, што 7-8 гадоў таму ў Расеі не было такіх патэнцыйных партнэраў, якія маглі б заплаціць кошт, выстаўлены беларускім бокам. “Зараз расейскі капітал сканцэнтраваўся, мы бачым, па якіх коштах набываюцца расейскія кампаніі, і лічым, што сьпяшацца з продажам беларускай нафтахіміі ня трэба”, - сказаў ён. Тым больш што гэтыя прадпрыемствы не зьяўляюцца “ярмом на шыі”, яны дастаткова рэнтабельныя і канкурэнтаздольныя, лічыць А.Кабякоў. Таму, паводле яго, “дзяржава разьлічвае атрымаць за іх добры кошт і захаваць рычагі кіраваньня прадпрыемствамі, каб даходныя крыніцы бюджэту заставаліся ва ўласнасьці дзяржавы”.
Міністар нагадаў, што на дадзены час ажыцьцяўляецца плянавая рэканструкцыя нафтахімічнага комплексу Беларусі, у асноўным за кошт уласных і заёмных сродкаў. Магчымасьць прыцягненьня заёмных сродкаў у Беларусі існуе, і ў гэтым пляне “архідэфіцыту мы ня маем”, адзначыў віцэ-прэм’ер. У той самы час ён сказаў, што пошук ўзаемапрымальных варыянтаў інвэстыцыйнага супрацоўніцтва ў нафтахіміі з расейскім бокам будзе працягвацца. Пры гэтым А.Кабякоў ня выключыў, што ўмовы прыватызацыі беларускай нафтахіміі могуць мадэрнізавацца.